Авторизация
 

Міярчаніну Мірону Савельевічу БЕЛАВУСУ споўнілася 80

 У ліпені міярчаніну Мірону Савельевічу БЕЛАВУСУ споўнілася 80. Найбольш плённы адрэзак жыцця ён прысвяціў развіццю аграрнага сектара Міёршчыны. Працоўнага вопыту набіраўся ў кіраўніка самага знакамітага калгаса «Маладая гвардыя», Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Пятровіча КАНДРАШОВА. 16 гадоў узначальваў сельгасарцель «Перамога» і амаль столькі ж – райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. 

Аднак свой асабісты ўнёсак у прагрэс вёскі і сельгасвытворчасці ацэньвае сціпла. Цяпер бы ішоў іншым шляхам. Таму адмовіўся ад афіцыйных узнагарод. Але пра тое, што праца юбіляра заслугоўвае пашаны, а жыццё – павагі, гаварылі кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў КАШКУР і цяперашні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід ХАХЕЛЬ. Яны адрасавалі юбіляру віншаванні і ўручылі падарункі, пажадалі найперш здароўя і даўгалецця.

Размова пра ветэранска-пенсіянерскія клопаты пачалася з пчол. Імі Мірон Савельевіч зацікавіўся яшчэ ў дзяцінстве. Бацька меў пчальнік і даручаў сыну падымарыць, паглядзець расплод, выканаць іншыя нескладаныя работы. Пчолы малалетняга пчаляра не кусалі. Так, лічыць, назаўсёды ўсталявалася ўзаемная павага і любоў. І цяпер трымае невялікі пчальнік, які летась павялічыўся на чатыры сям’і. Пад хатай у вінаградніку стаяць запасныя пустыя домікі. Апавядае, як амаль да іх неяк пад вечар наведаўся рой, нагадаў пра сябе ціхім звонам. Затрымаўся на грушы. Сакрэт, як яго без праблем зняць, просты: паднесці рамку з вашчынай ці вузай, нават без мёду, як пчолы самі пяройдуць на яе. Застаецца нават без дымара перамясціць крылатых работніц з маткай у вулей і адкрыць ляток, падкарміць.


– Займацца пчоламі – гэта справа для душы, – лічыць Мірон Савельевіч. – Наогул, прырода – мая стыхія. Люблю даглядаць сад, прышчэпліваць дрэвы. Шкада, што ў Міёрах дом паставіў на беразе рэчкі, дзе блізка грунтовыя воды. Такія мясціны сад не паважае.
Той, з дзіцячых успамінаў, бацькоўскі пчальнік знаходзіўся ў вёсцы Валькі, якой ужо няма паблізу Слабады, што ва Узмёнскім сельсавеце. А калісь за пуняй былі рэшткі рэдута даўняга Дрысенскага ўмацаванага лагера – гэта чатырохвугольнік валоў з двума ўваходамі, акружаны рвамі. Яго яшчэ выкарысталі для сваёй пазіцыі савецкія мінамётчыкі, як выбівалі немцаў з ваколіц Слабады ў ліпені 1944-га. Пазней – месца даўніх і актыўных дзіцячых гульняў, якое цяпер паступова зарастае дрэвамі і кустамі.


Валькі былі вялікім населеным пунктам, дзе размяшчалася школа-сямігодка. Пасля яе Мірон адолеў Верхнядзвінскую СШ. Яна называлася беларускай, але выкладанне вялося на рускай мове. Цяжка было пераходзіць на яе школьніку з глыбінкі.


Потым адразу – служба ў арміі. Трапіў у супрацьпаветраную абарону. У вёсцы Лапцева недзе паміж Тулай і Масквой абслугоўваў радыёлакатары, дасканалыя для свайго часу. Яны выявілі над Уралам амерыканскі самалёт-разведчык У-2 Паульса і дазволілі яго збіць.
Пад канец трохгадовай службы рыхтаваў такіх жа лакатаршчыкаў з ліку салдат-запаснікоў. А са сваімі саслужыўцамі абмяркоўваў, куды пайсці вучыцца пасля дэмбеля. Хацеў заняцца пчалярскай справай, але адпаведная вучэльня знаходзілася далёка – у расійскім Рыбінску. Сусед па казарме беларус Варонька з Горак разрэкламаваў сваю сельскагаспадарчую акадэмію. У ёй і стаў Мірон Савельевіч аграномам-эканамістам. Па размеркаванні трапіў у Верхнядзвінскае раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі другім эканамістам. Займаўся вытворчасцю па саўгаснай групе. Дадому недалёка. Адолець Дзвіну можна было ў любы час на лодцы, ды і паром хадзіў рэгулярна.


Між тым да маладога мясцовага спецыяліста прыглядаўся старшыня «Маладой гвардыі» Пётр Кандрашоў, ужо Герой Сацпрацы. Кіраўнік вядомы, гаспадарка моцная эканамічна. Гэтыя абставіны сыгралі сваю ролю, калі праз паўтара года пасаду другога эканаміста ў Верхнядзвінскім сельгасупраўленні скарацілі, а Мірона Белавуса меркавалі перавесці ў Глыбокае. Тады Пётр Пятровіч прапанаваў: пераходзь эканамістам у «Маладую гвардыю». Будзеш зарабляць удвая больш і жыць не на кватэры, а ў бацькоўскай хаце. Ад такога было немагчыма адмовіцца.


Толькі і гэты перыяд для Мірона Савельевіча аказаўся нядоўгім. Маладога камуніста з пэўным вопытам самастойнай работы ў Кандрашова заўважыў райкам партыі. Прапанавалі партфель старшыні калгаса «Перамога» з цэнтрам у Наўгародах. Гаспадарка была моцная. Кіраваў ёй Сяргей Ляшчына, якога прызначылі начальнікам раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі.


Успамінаць пра падзеі, што адбываліся 35 гадоў таму і больш, не вельмі ўдзячная справа. Таму не надта распытваў Мірона Савельевіча пра старшынёўства. Пагартаў падшыўку раёнкі за фінішны для яго на кіраўніцкай пасадзе 1984 год. Старонкі «Сцяг працы» нагадалі, што ферма «Белеўцы» была найлепшай у раёне па вырошчванні цялятак, прыбаўлялі па надоях МТФ «Белеўцы», «Юндзялова», «Краснае» і «Острава». Гадавы план продажу мяса калгас выканаў на 125,8 %. Гаспадарка рэалізавала прадукцыі ў разліку на бала-гектар больш, чым у сярэднім па раёне, мела вышэйшы за сярэднераённы надой на карову. На пленуме РК КПБ у дакладзе першага сакратара Аляксандра Украінца ў ёй адзначалася агульнае павелічэнне прадуктыўнасці жывёлагадоўлі.


А вось тыя, з кім разам або адначасова працаваў. Па выніках 1983-га званне найлепшага агранома раёна прысвоена Клаўдзіі Мямнонаўне Пятроўскай, найлепшага трактарыста – механізатару на магутным Т-150К Івану Іосіфавічу Асетніку, найлепшых культработнікаў – загадчыкам сельскай бібліятэкі Марыі Леанідаўне Карцяновіч і сельскага клуба А. С. Беразоўскай.


Старшынёўскае станаўленне Мірона Белавуса супадае з часам стварэння яго сям’і. Рамантычная гісторыя знаёмства, спачатку завочнага, з маладзенькай прыгожай міярчанкай, што працавала настаўніцай у вясковай школе. Потым шмат гадоў жылі душа ў душу. Вырасцілі дзяцей і далі ім пуцёўку ў самастойнае жыццё.


Але гэта тое асабістае, што яшчэ не перабалела пасля заўчаснага адыходу жонкі ў іншасвет. Што цяжка выносіць на людзі.
З выхадам на пенсію Мірон Савельевіч захапіўся беларускай літаратурай і паэзіяй. Перачытаў творы многіх класікаў і самых вядомых сучаснікаў. А філасофскія вершы Рыгора Барадуліна пра родны край, бацькоўскі дом, сапраўднае святло і цяпло – маці, ды і многія іншыя, дэкламуе па памяці ў пацвярджэнне ўласных жыццёвых прынцыпаў. 

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 394
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 80 600
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 59 663
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 851
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 574
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 105
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 161
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 августа 2019
Вячеслав, Роман, Афанасий

Именины 22 августа 2019
Алексей, Антон, Григорий, Дмитрий, Иван, Леонтий, Макар, Матвей, Петр, Самуил, Юлиан, Ирина, Маргарита, Мария, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта