Учительница Миорской СШ № 3 Лариса Лапковская отметила юбилей
gazeta 15-04-2019, 13:18 2 163 Юбілей
13 красавіка настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Ларыса ЛАПКОЎСКАЯ адзначыла юбілей. У яе адрас сыпаліся, як з “рога багацця”, цёплыя словы і шчырыя пажаданні.
Мама Арыны:
— У гэтым навучальным годзе нашы дзеці перайшлі да новага класнага кіраўніка. Лічу, што нам вельмі пашанцавала. Як ка- жуць, перадалі з добрых у добрыя рукі.
Першае ўяўленне пра Ларысу Генрыхаўну не пацвердзілася: раней пастаянна сустракала яе сур’ёзнай, чымсьці заклапочанай і нават грознай. Аднак на азнаямляльным класным сходзе яна раскрылася з іншага боку. Адразу запэўніла: нашы дзеці ў надзейных руках, іх праблемы — яе праблемы, можна звяртацца па дапамогу ў любых пытаннях. І гэта не пустыя словы.
Наша настаўніца смела паказвае свае пачуцці, што для многіх дзіўна. Не баіцца здацца смешнай ці нязграбнай. Для дзяцей яна не толькі прыклад для пераймання, але і верная сяброўка. У кожным са сваіх вучняў бачыць індывідуальнасць, заўважае тое, што нябачна нават бацькам. Сваё дзіця апрыоры самае лепшае і таленавітае. А паспрабуй палюбіць і адстойваць інтарэсы 20 самых лепшых!..
У дзяўчатках выхоўвае ўпэўненасць і ўменне прыпаднесці сябе. Атрымліваецца, нават недахопы можна зрабіць сваімі моцнымі бакамі. Не худая — стройная, не “ачкарык”, а разумная, не неўтаймоўная, а актыўная. Хлопчыкаў вучыць, як правільна паводзіць сябе з дзяўчаткамі, быць мужнымі.
Парадавала, што межы пазнання, фантазіі і творчасці не заканчваюцца школай. Так што наперад, да новых гарызонтаў! Жадаем Ларысе Генрыхаўне моцнага здароўя, цікавых сустрэч, прыемных зносін і здольных вучняў.
Мама Вікі:
— Вельмі задаволена, што мая дачка вучыцца ў класе Ларысы Генрыхаўны. Гэта педагог, які ў пастаянным творчым пошуку, развіваецца сам і настройвае дзяцей на самаўдасканаленне. Ларыса Генрыхаўна перажывае за нашых дзетак, як за ўласных.
Раней у нашым класе ўсе трымаліся групкамі, цяпер яны дружныя і гарой стаяць адзін за аднаго. Віка стала больш упэўненай у сабе, з радасцю ідзе ў школу. Нядаўна хварэла, а калі прыйшла ў клас, усе яны збегліся, як кураняткі, і абдымаліся.
Жадаю настаўніцы цярплівасці, здароўя і творчых перамог!
Мама Мікіты:
— Наш класны кіраўнік, як сапраўдная маці, трымае ўсіх падапечных пад сваім надзейным крылом. Пранікліва сочыць за настроем кожнага, заўсёды знаходзіць патрэбныя словы, каб суцешыць, абнадзеіць. Падтрымлівае бацькоў, дае парады. У класе няма падзелу на моцных і слабых. Усе аднолькава разумныя, што толькі акрыляе нашых дзяцей. А яны ад Ларысы Генрыхаўны ў захапленні. Сама энергічная і дзейная, у пастаянным пошуку цікавых ідэй, і клас нацэльвае быць актыўным і нераўнадушным. Які цёплы і цікавы прыём арганізавала яна новаму вучню! Таму ніякіх адаптацыйных праблем не перажывала наша сям’я, хутка і лёгка прыжыўся Мікіта ў калектыве. Адчуванне такое, быццам заўсёды быў яго часткай. Цяпер яшчэ з большым жаданнем ходзіць у школу, нават адзнакі палепшыліся.
Жыццё ў класе вірыць. Раней дзеці ездзілі на эскурсію ў Браслаў. У маі збіраюцца ў Бярэзінскі запаведнік. Шчырая ўдзячнасць дарагой настаўніцы за бязмежную любоў да дзяцей, да сваёй прафесіі. Такія педагогі сёння на вагу золата. Здароўя моцнага Ларысе Генрыхаўне, каб яе фантан энергіі ніколі не вычэрпваўся.
Мама Дзімы:
— Ларыса Генрыхаўна строгая і справядлівая. У яе няма любімчыкаў. А слава пра таленавітага настаўніка ідзе наперадзе яе. Старэйшы сын сказаў, што Дзіму пашанцавала з класнай. Яна — самая класная. Лёгкая на пад’ём: з ёй дзеці выпраўляюцца ў розныя падарожжы, вывучаюць прадмет, удзельнічаюць у творчых конкурсах. Жадаем любімай настаўніцы здароўя, жаночага шчасця і каб у сям’і было ўсё добра. Калі чалавек шчаслівы — шчаслівыя і ўсе, хто яго акружае.
Мама Надзі:
— Наш педагог творчы і таленавіты. Яна не стаіць на месцы, шукае новыя метады і падыходы ў выкладанні прадмету. Дзецям цікава.
Шмат часу надае адносінам паміж вучнямі. Узнімаюцца спрэчныя пытанні, якія вырашаем разам.
Жадаем Ларысе Генрыхаўне дабрабыту ва ўсіх сферах жыцця: матэрыяльнай, духоўнай, працоўнай і фізічнай.
Наталія СТАНКЕВІЧ:
— З гэтай настаўніцай незнаёмы асабіста, але любіш яе ўсім сэрцам. Не бываў у яе на ўроках, але адчуваеш, што гэта захапляльнае падарожжа ў глыбока духоўны свет. З ёй не вядзеш гутарак, але загадзя ведаеш, што атрымаецца задушэўная размова, а тым больш, калі твае дачка ці сын — яе вучань: добры ці дрэнны, разумнік ці невук, спакойны ці буян. Са слязамі замілавання слухаеш, як безупынку нахвальвае яна бацькам такіх розных, але аднолькава дарагіх ёй дзяцей. З пазітыўнай устаноўкай: усё атрымаецца, мы на шляху да гэтага, у нас ёсць зрухі да лепшага падтрымлівае кожнага і ніколі не скардзіцца на ўласнае бяссілле нават у самых няпростых сітуацыях. Гэта змушае нават неруплівых і здаецца няздольных брацца за розум у навучанні ці станавіцца лепшымі ў паводзінах.
Шчаслівыя тыя дзеці, якім пашанцавала вучыцца ў такога таленавітага педагога. І пасля ўрокаў іх нярэдка чакае нешта цікавае: чаяпіцце, капуснік ці захапляльная вандроўка. Як сведчыць прымаўка “па вучню і пра настаўніка мяркуюць”. Падапечныя трымаюць марку. Цэняць сваё шчасце бацькі...
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.