Авторизация
 

Міярчанка Ірына ГУШЧА — пазітыўная жанчына і юбілярка!

 Ірына ГУШЧА — вельмі пазітыўная жанчына, так лічу я і мае знаёмыя. А яшчэ публічны і нераўнадушны чалавек. У клубе “Бажэна” — кіраўнік, у раённай бібліятэцы, Доме культуры на ўрачыстасцях і канцэртах — вядучая. А як інакш, калі па прафесіі і прызванні яна культработнік. А цяпер яшчэ і юбілярка.

Сядзім на верандзе “радавога маёнтка” Ірыны Гушча на беразе возера. Сюды наведалася сонечным сакавіцкім днём, каб пакарміць сабачку і кошачку, ды пасеяць у прагрэтым парніку раннюю радыску і зяленіва. Цікаўлюся, як стала культработнікам.


— З дзяцінства бачыла сябе артысткай ці мастачкай, —гаворыць Ірына Леанідаўна. — З вершамі пачала выступаць яшчэ ў дзіцячым садку. Была ціхай і сарамлівай, гаварыла ледзь чутна, а на аўдыторыю перад сабой нават глядзець баялася. Але жыццё брала сваё. Ужо смялей удзельнічала ў школьных мерапрыемствах, бо мела нядрэнны голас, там праявілася і баявітасць. Пасля ўладкавалася ў Мінску на тэлефоннай станцыі электраманцёрам. У тым будынку на вуліцы Карла Маркса паблізу ВПШ (цяпер Акадэмія кіраўніцтва пры Прэзідэнце) сёння музей сувязі. Там не толькі працавала, але і спявала ў самадзейнасці, была сакратаром камсамольскай арганізацыі. Не маючы музычнай падрыхтоўкі, паспрабавала з любімай песняй з аперэты прабіцца на праслухоўванне ў кансерваторыю. Мае вакальныя здольнасці ацанілі, аднак параілі адолець спачатку музычнае вучылішча. Там таксама сустрэлі ветліва, але набор закончыўся, рэкамендавалі пазаймацца ў студыі. А тут сяброўкі нагадалі пра адчынены некалькі год таму інстытут культуры.


Хацела паступіць на завочнае аддзяленне. Відаць, гэтая навучальная ўстанова была маёй, бо з вялікімі прыгодамі, без належнай падрыхтоўкі, адным жаданнем адолела ўсе выпрабаванні і паступіла на стацыянар па спецыяльнасці “Рэжысура масавых святаў і прадстаўленняў”. Набіраў курс вядомы і на Міёршчыне выкладчык Пётр Адамавіч Гуд, які быў галоўным рэжысёрам свята 350-годдзя горада Міёры, а цяпер з’яўляецца старшынёй журы фестывалю нацыянальных культур, што праходзяць у нас.
Я вельмі ўдзячна сваім бацькам, што яны мяне падтрымалі.


Дарэчы, хто Вашы бацькі?
— Да майго нараджэння тата працаваў электрыкам, а маці — аператарам водаканала. Але бацька служыў у арміі, а маці была ткачыхай на Мінскім камвольным камбінаце. Я першынец. І наогул, маё з’яўленне на свет стала падзеяй для сям’і. Імя прапанаваў дзядуля — татаў бацька. Ён карыстаўся аўтарытэтам, з Ірай усе пагадзіліся.


Якую жыццёвую навуку перанялі ад бацькоў?
— Мяне вучылі працавітасці, прыстойнасці. Нагадвалі: нельга падманваць і прысвойваць чужое, нават драбязу. З людзьмі трэба абыходзіцца ветліва, добра, нікога не крыўдзіць, любіць жывёлу. Маці вучыла клапаціцца пра чысціню ў адзенні і жыллі. Наводзіць парадак у хаце па суботах стала маім абавязкам і традыцыяй, якую потым перадавала дзвюм сваім малодшым сястрычкам. Пакуль тата служыў у арміі, маім выхаваннем займаліся і бабуля з дзядулем. Навука ад іх — не рабі зла і таго, чаго не хочаш, каб рабілі табе, не разбурай гняздо ці мурашнік. Бабуля мяне ніколі не карала фізічна. Даводзіла да майго дзіцячага розуму словамі, каб мне стала сорамна за нядобры ўчынак. Таму кожны яе ўрок запомніўся на ўсё жыццё. Тым карысталася ў выхаванні сваіх дзяцей.


—Пасля двух гадоў працы электраманцёрам не цяжка было вучыцца?
— Наадварот, па вучобе я ўжо засумавала. Таму вучыцца было лёгка і цікава.


 Як трапілі на Міёршчыну?
— На трэцім курсе запісалася ў будатрад, а яго накіравалі ў Пераброддзе на ўзвядзенне піянерскага лагера, будучага санаторыя “Расінка”. Мясціны і людзі — цудоўныя. Зачаравалася ўсім.


Студэнты на будоўлі працавалі пад кіраўніцтам маладога майстра Алега Гушчы. Мне ён здаўся больш сур’ёзным, самастойным у параўнанні з хлопцамі-аднакурснікамі, быў ужо пасля арміі. А я — будатрадаўскі запявала. Прыглянуліся адзін аднаму, год перапісваліся, вырашылі пажаніцца. Так што з размеркаваннем усё было зразумела. Стала метадыстам РДК, удзячна за падтрымку былому загадчыку аддзела культуры Мікалаю Каранкевічу. Потым у якасці інспектара адказвала за клубную сістэму ўсяго раёна. Пакуль у 1988-м загадчык аддзела райкама партыі Часлаў Кашкур не прапанаваў узначаліць ЗАГС.


Прапанова нечаканая, не па профілі.
— Часлаў Станіслававіч пераканаў, што і там патрэбна творчасць, здольнасці рэжысёра масавых мерапрыемстваў. Так і сталася. Хаця многаму давялося вучыцца ў вопытнай памочніцы Зінаіды Шэсцеравай. Задаволена, што маю непасрэднае дачыненне да распрацоўкі сцэнарыяў і стварэння ўмоў для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў і нованароджаных, ушанавання ветэранаў, правядзення розных абрадаў. А колькі там нябачнай для шырокай грамадскасці работы. Гэтаму аддала больш за 26 гадоў. Прыемна, што справу перадала творчым і здольным дзяўчатам.


Між тым паралельна з публічнай працоўнай дзейнасцю ішло незаўважнае для грамадскасці і не вельмі афішыруемае асабістае жыццё.
— Я паходжу з праваслаўнай сям’і, якая не была надта веруючай, але царкоўныя традыцыі захоўвала, прыстольных святаў прытрымлівалася. У памяці, як варылі куццю да Каляд, прыбіраліся ў хаце ў Чысты чацвер, фарбавалі яйкі і пяклі кулічы да Вялікадня. А тут трапіла ў сям’ю каталіцкую, паўстала пытанне з вянчаннем у касцёле. Падтрымала маці, яна знайшла патрэбныя словы пра боскую апеку шлюбу. Далікатна ў пытаннях веры вяла сябе свякроў. Абодвух сыноў хрысцілі ў касцёле, а памінаць блізкіх хаджу ў царкву.


Вы сама даўно свякроў…
— Свякроў — родная кроў. Сыны выраслі. Яны яшчэ толькі падбіралі сабе сябровак, а мне здавалася, што ўжо іх люблю. Памятаю сябе ў такой якасці. Толькі сем’і сыноў — гэта іншыя “дзяржавы”, там свае традыцыі, законы і парадкі. Імкнуся не ўмешвацца. Патрэбна дапамога — падставім з мужам плячо, папросяць — атрымаюць параду. Нявестак заўсёды хвалю. Як наведваюцца сем’ямі, яны мае найлепшыя памочніцы ля стала і ў іншых справах.


Галоўнае, каб ачувалі сябе шчаслівымі сыны. А ў іх лад дома, знайшлі сабе справу па душы, з дзяцінства да тэхнікі цягнуліся. Працуюць механікамі ў сталічным “Аудзіцэнтры”, у ліку найлепшых работнікаў. Радуюся старэйшым унуку і ўнучцы і малодшанькаму Эрыку, якому год і два месяцы.


Ведаю, што бацькоўская любоў бывае разбуральнай, а добрае насенне, закладзенае ў сям’і, абавязкова прынясе добры плён.


Не баяліся пакінуць прывычную справу, пайсці на заслужаны адпачынак?
— Не. Цяпер нібы ў водпуску, сумаваць няма часу. Калісьці мяне запрасілі на пасяджэнне жаночага клуба “Бажэна”, павіншавалі з чарговым днём нараджэння і прапанавалі кіруючую пасаду. Калектыў у нас добразычлівы, вясёлы, актыўны. Сустракаемся, арганізоўваем паездкі, абмяркоўваем пытанні — гэта своеасаблівая аддушына. Задаволена, калі нешта цікавае атрымліваецца. Хаця клуб — яшчэ і адказнасць, дадатковая нагрузка, клопаты.


Хапае часу на кнігі. Люблю добрыя фільмы, вось з захапленнем праглядзела “Ціхі Дон” у новай рэдакцыі, цікавым атрымаўся вобраз Рыгора Мелехава ў выкананні Яўгена Ткачука. З задавальненнем гляджу “Барыса Гадунова”. Аддаю перавагу дакументальным, пазнавальным тэлеперадачам, з удзелам эрудытаў і разумнікаў. Не стала любіць папсу, хочацца больш класікі ў музыцы. Спрабую сябе ў рукадзеллі. А на дачы, як у звычайнай жанчыны, — градкі, клопат пра насенне і ўраджай, кветкі.


Якія больш па гусце?
— Рамонкі і ўсе, на іх падобныя — хрызантэмы, герберы і іншыя.


А колеры?
— Блакітны, з дзяцінства яго люблю.


Як ставіцеся да моды?
— Хто з жанчын не марыць выглядаць эфектна, быць дагледжанай! І ўсё ж не стаўлю гэта на першы план. У адзенні галоўнае — чысціня і акуратнасць. У вялікім магазіне адразу скіроўваюся ў мужчынскі аддзел: а што там ёсць для маіх хлопчыкаў?!


Вашы адносіны да грошай?
— Спакойныя. Добра, калі іх хапае, але не яны галоўнае ў жыцці. Бацькі жылі сціпла, і мы не імкнёмся вылучацца.


Сяброў шмат?
— Сяброўства — гэта даўнія і трывалыя адносіны з дзяцінства, юнацтва. Такіх хапае. Значна больш тых, з кім звязана па мінулай працы ці грамадскай рабоце, жыцці па суседстве, па “Бажэне”. Свой чалавек — гэта той, з кім лёгка ў абыхо- джанні, хто здольны парадавацца за цябе, падтрымае ў цяжкі момант.


Любімая страва?
— Я мясаед, ад чаго і пакутую. Для сям’і гатую традыцыйныя стравы, у тым ліку баршчы, катлеты, дранікі. Да свята магу манты прапанаваць. Ад бабулі застаўся цудоўны рэцэпт нацыянальнай стравы: пшанічныя бліны з мачанкай з рабрынкамі — сапраўдная смаката.


Любімая пара года?
— Раней была вясна, калі ўсё цвіце. Цяпер у любой знаходжу тое, што прыносіць задавальненне. Імкнуся бачыць шчасце ў звычайным — сонечным святле і цяпле, навакольнай прыгажосці, адчуванні чалавечай добразычлівасці. Толькі ўсё так імкліва мільгае міма…


Пажаданні сабе?
— Здароўя сабе і мужу, з якім побач ужо амаль 38 год, каб удосталь паняньчыць унукаў, парадавацца шчасцю дзяцей.

Фота з архіва рэдакцыі.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 281
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 76 858
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 325
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 181
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 37 913
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 133
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 112
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 19 апреля 2019
Григорий, Иван, Павел, Петр, Севастьян, Яков

Именины 18 апреля 2019
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Госці краін
free counters
Партнеры сайта