Франца Вишневского официально наградили по случаю юбилея

 Франц Антонавіч Вішнеўскі — сялянскі сын з вёскі Ігнацікі Перабродскага сельсавета. Нарадзіўся 6 сакавіка 1949 года. Закончыў Міёрскую СШ №2. Пасля кароткатэрміновых курсаў працаваў памочнікам экскаватаршчыка, а затым экскаватаршчыкам Міёрскага БМУ. Два гады адслужыў у арміі, вярнуўся ў родны калгас “Праўда” трактарыстам трактарнай брыгады і адразу паступіў на завочнае аддзяленне Гарадоцкага сельскагаспадарчага тэхнікума. Пасля вучобы прызначылі галоўным механікам сельгасарцелі. У гэтай ролі прадэманстраваў добрае веданне тэхнікі, адказныя адносіны да выканання службовых абавязкаў, праявіў арганізатарскія здольнасці. 

А таму вылучылі на пасаду намесніка старшыні калгаса. Для павышэння прафесійнага ўзроўню паступіў у Вялікалуцкі сельгасінстытут. Вучыўся без адрыву ад вытворчасці. І ў 1988-м выбраны старшынёй калгаса “Праўда”. Праз дзесяцігоддзе прызначылі інжынерам па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, яшчэ праз столькі ж узначаліў райкам прафсаюза работнікаў АПК. Прафсаюзнай рабоце прысвяціў 15 гадоў.


Жанаты, з жонкай Рымай Віктараўнай выхавалі двух сыноў і дзвюх дачок, радуюцца адзінаццаці ўнукам.

Падзея
Афіцыйная цырымонія святкавання юбілею Франца Антонавіча адбылася ў райсельгасхарчы. Начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Шокель павіншаваў віноўніка ўрачыстасці і ўручыў яму Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вячаслаў Бялько адзначыў шматгадовы ўклад у развіццё аграрнай галіны. Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур засведчыў надзейнасць у любой справе, а Пётр Пятроў, які ўзначальвае ветэранскую пярвічку, вылучыў яго дзелавыя якасці, галоўнае — работнік вытворчасці. Пераемнік на пасадзе старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Хахель пацвердзіў, што вучыўся на вопыце Франца Антонавіча, пэўны час кансультаваўся ў яго. Сваім настаўнікам лічыць яго Марыя Жук, што ўзначальвае прафарганізацыю ўпраўлення. І кожны з выступоўцаў да слоў удзячнасці і віншавання дадаваў падарунак, сувенір, прывітальны адрас ці кветкі.


— Такога свята ў мяне яшчэ не было, — уражаны Франц Антонавіч.

Не ўсе падзеі і факты доўгага жыццёвага шляху занатаваны ў аўтабіяграфіі і анкеце. Спяшаюся высветліць тое з асноўнага, што вызначае асаблівасці чалавечай асобы, яго арыенціры, адносіны да навакольнага і акружаючых.


Франц Антонавіч, кім былі Вашы бацькі, чаму вучылі сваіх дзяцей?
— Яны — простыя калгаснікі-паляводы калгаса “Праўда”, сяляне з вёскі Ігнацікі. Сям’я была вялікая, сярод чатырох дзяцей я — малодшы. Жылі сціпла, бацькі з дзяцінства прывучалі нас да працы на зямлі. І я, як толькі стала хапаць сіл надзець хамут на каня, працаваў у калгасе. Спачатку быў заняты на граблях. Як крыху пасталеў, асвоіў касілку. У яе запрагалі пару лепшых коней. З цікавасцю касіў, асабліва канюшыну.


Калі атрымалі першы заробак?
— Нешта зарабляў, калі працаваў у калгасе. Але колькі, у памяці не захавалася. Відаць, за мяне тыя невялікія грошы атрымлівалі бацькі. Першы заробак, які добра запомніўся, атрымаў у Міёрскім БМУ меліярацыі, дзе пасля кароткатэрміновых курсаў стаў памочнікам экскаватаршчыка. Гэта 270 рублёў дробнымі купюрамі, вялікая на той час сума, якая ў некалькі разоў перабольшвала месячны заробак бацькі ў калгасе. На вялікую кучу папяровых грошай, нябачаную раней, з недаверам паглядвалі бацькі. А я пасля з асаблівым стараннем імкнуўся вучыцца далей і старанна працаваць, каб падтрымліваць сям’ю.


Пасля была служба ў арміі?
— Два гады насіў ваенную форму. І там да абавязкаў адносіўся адказна. Таму двойчы прыязджаў у водпуск, узнагароджаны медалём “За воінскую доблесць”. Вярнуўся гвардыі сяржантам. У гэтым званні і застаўся, бо пасля інстытута не праходзіў медкамісію, не аформіў патрэбныя дакументы, каб атрымаць афіцэрскія пагоны.


Амаль тры дзясяткі гадоў прысвяцілі працы ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку на клопатных кіруючых пасадах. Чым яны запомніліся?
— Тым, што нярэдка з цёмным ішоў з дому і з цёмным вяртаўся. Неяк у паўзмроку адыходзіў на працу, прыпыніўся ля ложкаў, на якіх ціха пасапвалі мае чацвёра дзяцей, і нават здзівіўся, як хутка яны без мяне выраслі.


А дзе знайшлі іх маму?
— Непадалёку. У час армейскага водпуска вяртаўся з возера са стрыечным братам праз Камянполле. І там на валейбольнай пляцоўцы ля клуба заўважыў рыжую дзяўчыну, што козачкай скакала за мячом перад сеткай. Брат падказаў, што гэта яго суседка Рыма Вішнеўская. Здзівіўся, што прозвішчы аднолькавыя. Потым ёй ледзь не штодзень ляцелі пісьмы з армейскім трохвугольным штэмпелем.


Якімі прынцыпамі кіраваліся пры выхаванні дзяцей?
— Мяне амаль ніколі не было дома! Усім займалася мая Рыма Віктараўна. І ў школу малых збірала, і лячыла, калі хварэлі. І гаспадарка дамашняя на ёй. Цяпер унукаў сустракаем.


Настаў час заслужанага адпачынку. Што гэта азначае для Вас?
— Цяжкавата сказаць. Летам магу ў чарніцы схадзіць, восенню — па грыбы. Па камп’ютары вечарам навіны шукаю, а як ноччу сон не прыходзіць — баявікі гляджу. Раней кнігі чытаў…
А так пэўныя клопаты па гаспадарцы, бо дом трэба падтрымліваць, свіней яшчэ трымаем. Чакаю як з цяплом на мотаблоку на жончыны градкі выеду.


Хапае часу паразважаць, на якой пасадзе было працаваць найбольш складана?
— Усюды няпроста, калі старацца, да справы адносіцца адказна.


І, нарэшце, чаго сабе і жонцы жадаеце?
— Дзецьмі задаволены, марым, каб такімі ж выраслі ўнучкі, не хварэлі. Каб дачакацца праўнукаў.

Фота аўтара.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.