Василий Тоболо встретил своё 80-летие на усадьбе на берегу Дисёнки

 Не чакаю, што сёлета мы будзем шырока адзначаць пачатак масавай калектывізацыі на Міёршчыне, хаця гэтаму руху спаўняецца 70. Пра юбілейную дату нагадаў ветэран вытворчасці, былы старшыня калгаса імя Гастэлы Васіль Васільевіч ТАБОЛА.

10 студзеня ён сустрэў сваё васьмідзесяцігоддзе на сядзібе на беразе Дзісёнкі, гэта амаль насупраць Сакалова, вёскі, куды яго сям’я перабралася са Стальмакова ў Мікалаёўскім сельсавеце. Апавядае, як дзесяцігадовым хлопчыкам разам з дарослымі працаваў на палях толькі што ўтворанага калгаса. Цяжкім дзяцінства было ва ўсіх.

Не трэба прыхільнікам сучаснага выхавання жахліва хапацца за галаву: як маглі прымушаць працаваць дзяцей! У пасляваенны час і значна пазней, ведаю гэта па ўласным вопыце, вясковыя хлапчукі ў такім узросце ўжо ўмелі абыходзіцца з конямі, запрагаць рэдалі і перавозіць на іх сена, снапы жыта ці лёну.


Тагачасныя сельгасарцелі маленькія, у асноўным — з адной большай ці некалькіх меншых суседніх вёсак. Людзі цешацца сумеснай працай, за якую і аплата адпаведная, за працадзень выдзяляюць не толькі зерне, яшчэ цукар і алей, на якія для вяскоўцаў у магазіне не хапае грошай.


У 1955-м Васіль Табола стаў паўнапраўным членам калгаса. Усе работы на палях і фермах яшчэ выконваліся ўручную. Добра, што рабочай сілы хапала. Размова пакуль вялася не пра механізацыю, пра машынізацыю. Памятнай засталася для Васіля Васільевіча ўборка збожжавых у адзін з надта дажджлівых гадоў. Ён з братам працаваў на жняярках, у якія запрагалі не па двое, як звычайна, а па трое коней. І невыпадкова, бо перад гэтым пара жывёл літаральна завалілася ў пракосе з-за непралазнай гразі.


Памятнай засталася электрыфікацыя вёскі, калі калгаснікі ўручную ўкопвалі слупы для электраліній.
Маладому калгасніку давялося працаваць на розных работах, дзе ён праявіў старанне і адказнасць. Былі заўважаны ўменне спланаваць работу, паважліва абыходзіцца з таварышамі па працы. І ў калгасе імя Заслонава з цэнтрам у вёсцы Акунёва старшыня Уладзімір Ігнатавіч Шчарбакоў, ардэнаносец, прапанаваў Васілю Васільевічу пасаду брыгадзіра. Было гэта ў 1967 годзе. Кола абавязкаў стала па-сапраўднаму шырокім. Спраўляўся з імі, клапаціўся пра ўраджай на палях, развіццё жывёлагадоўлі. Узводзіў у Сакалове цялятнік, для якога выкарысталі старыя пабудовы. Калі невялікую сельгасарцель імя Заслонава далучылі да калгаса “Шлях да камунізму” з цэнтрам у Сіцькове, узбуйнілася і брыгада, пасада стала называцца больш салідна—начальнік вытворчага ўчастка. Працаваў пад кіраўніцтвам новага старшыні, былога франтавіка і ўмелага гаспадарніка Юрыя Міхайлавіча Скавародкі. Ён умеў абыходзіцца з радавымі работнікамі, кадрамі сярэдняга звяна і спецыялістамі, ведаў, чаго ад яго чакае раённае начальства. Пры такой падтрымцы рос у дасягненнях і паказчыках і начальнік участка. У 1969 годзе поспехі Васіля Васільевіча адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, у 1975-м — ордэнам “Знак Пашаны”.


Невыпадкова, што кіраўнік сярэдняга звяна з такім “паслужным спісам” і партыйным білетам быў на прыкмеце ў раёне. РК КПБ прапанаваў яму пасаду сакратара пярвічнай партыйнай арганізацыі калгаса “1-е Мая”, што тады афіцыйна прыраўноўвалася да намесніка старшыні гаспадаркі.


— Калгас быў моцным фінансава, ім кіраваў Уладзімір Юр’евіч Скавародка, якога добра ведаў па “Шляху да камунізму”, — дзеліцца ўспамінамі Васіль Васільевіч. — Працаваць з ім было лёгка. Да таго ж, у гаспадарцы хапала людзей, жывёлы і тэхнікі. Важкімі рычагамі ўздзеяння на рэдкіх парушальнікаў і неахайных работнікаў з’яўляліся сходы, партыйны ці агульны, таварыскі суд, прафкам, які ўзначальваў Уладзімір Іосіфавіч Радзішэўскі, былы партызан, нядаўні партыйны работнік і цудоўны чалавек.


Толькі і гэтая пасада аказалася прамежкавай. У райкаме партыі размова з першым сакратаром Аляксандрам Цімафеевічам Украінцам была канкрэтнай і кароткай: быць табе, Васіль Васільевіч, старшынёй калгаса імя Гастэлы. Усе фармальнасці пасля прынятага на вышэйшым раённым узроўні рашэння выконваліся хутка, і ў пачатку 1985-га новы кіраўнік атрымаў партфель і пячатку кіраўніка гаспадаркі, якая была не самай аддаленай, але знаходзілася нібы на водшыбе з-за цяжкага даезду. Што запомнілася з той пары?


— Людзі ў гэтых мясцінах былі надта шчырыя, працавітыя, — нагадвае Васіль Васільевіч. — Здавалася, у многіх бабулек сіл не хапала з уласным агародам справіцца, а як трэба было калгасны лён церабіць — усе на поле выходзілі. Адказна адносіліся да сваіх абавязкаў даяркі: калі ведалі, што карова можа ацяліцца ноччу, на ферме начавалі, каб прыняць цялятка, малодзівам яго напаіць. Нашы механізатары, асабліва камбайнеры, былі ў ліку лепшых у раёне. Ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга адзначаны трактарыст Мікалай Мяцеліца і камбайнер Павел Ісаковіч, дарэчы, Павел Якаўлевіч потым быў удастоены і ордэна Леніна, адной з самых ганаровых узнагарод.
Сам старшыня быў з гэтай жа кагорты патомных сялян-хлебаробаў. Яго пераемнік, цяперашні дырэктар ААТ “Папшулі” Васіль Аляксеевіч Кухцінскі ўспамінае, што працоўны шлях у гаспадарцы пачынаў трактарыстам. Сам стараўся, але і падтрымку меў ад кіраўніка, які заўсёды заўважаў добрых работнікаў. Вучыўся, асвойваў па прыкладзе старшыні навуку аб’ядноўваць вакол сябе людзей, і быў прызначаны механікам. Клапаціўся пра рамонт тэхнікі і напаўненне склада запаснымі часткамі, каб тэхніка не прастойвала ў напружаны перыяд, арганізоўваў працу механізатараў. Заканамерна вырас да намесніка старшыні, потым пераняў у Васіля Васільевіча кіраванне моцнай гаспадаркай. Надзейна трымаць яго дазвалялі засвоеныя ад папярэдніка ўменне абыходзіцца з людзьмі, слухаць і чуць, што прапануюць падначаленыя, улічваць іх псіхалогію, сялянскае ўменне рацыянальна выкарыстоўваць сілы і сродкі ў любых умовах.


Вось такім жа клапатлівым Васіль Васільевіч быў і ў сям’і. Рана застаўся без жонкі, аднак трое дзяцей не сталі сіротамі. Кожны пры падтрымцы бацькі знайшоў свой шлях у самастойнае жыццё. І цяпер яны не забываюць дарогу да бацькоўскай сядзібы. Васіль Васільевіч ганарыцца, што мае сем унукаў (малодшы святкуе дзень нараджэння разам з дзядулем) і дваіх праўнукаў.


Дзень нараджэння — падзея, прыемная ў любым узросце. Асабліва калі пра яго не забываюць родныя і члены сям’і, былыя калегі, аднавяскоўцы, колішнія начальнікі і падначаленыя. Шмат званкоў прымаў 10 студзеня Васіль Васільевіч. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта яму ўручыў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Шокель. Прывітальны адрас і сувенір як аднаму з самых паважаных кіраўнікоў пярвічнай ветэранскай арганізацыі прыпаднёс старшыня савета раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур. З падарункам ад ААТ “Папшулі” наведаўся дырэктар гаспадаркі Васіль Кухцінскі. Тады і непазбежныя спадарожніцы саліднага ўзросту — хваробы — адступаюць. Мацуюцца надзеі, што невыпадкова ва ўласнай гаспадарцы застаецца надзейны памочнік — конік. Абодвум наступнай вясной яшчэ хопіць спраў. 

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.