Старейшей женщине Миорщины исполнилось 105

 Не варта баяцца цяжару гадоў, такую выснову можна зрабіць пасля знаёмства з жыхаркай вёскі Кацілава Сафіяй МАЦУК. Самай старэйшай жанчыне Міёршчыны споўнілася 105. Яшчэ з большага абслугоўвае сябе, не губляе цікавасць да тэлевізара, можа нешта прыгадаць з далёкага мінулага. Хаця падводзіць слых. Лёс яе не песціў, і час на працягу большай часткі мінулага стагоддзя быў няпростым, неаднаразова — нават пераломным.

Сафія Казіміраўна нарадзілася сёмага студзеня 1914 года ў даволі заможнай сялянскай сям’і Харытовічаў з вёскі Плейкі. Бацькі мелі каля 16 дзесяцін зямлі. Замуж выйшла за Антона Ягоравіча Мацука з недалёкага Кацілава. Там паступова сям’я абзавялася ўласнай гаспадаркай, пайшлі дзеці. Давялося перажыць няшчасце: пры навальніцы маланка спаліла хату. Аднавілі яе ў 1949-м, стаіць і цяпер.


З мужам выгадавалі шасцярых дзяцей. Яны падрасталі і разляталіся па свеце. Зыгмунд працаваў майстрам у Маскве. Альбін прыпыніўся вадзіцелем у Даўгаўпілсе. Там жа замацавалася бухгалтарам Марыя. Казімір асвоіў спецыяльнасць зваршчыка на наваполацкім “Нафтане”. Самы маладзейшы з сыноў Баляслаў застаўся ля маці, быў майстрам на ўсе рукі, працаваў электрыкам, вадзіцелем, слесарам у розных арганізацыях у Дубашынскім Двары і райцэнтры, на ферме ў мясцовым калгасе “Кастрычнік”. Рэгіна, як і маці, стала даяркай, жыве ў Дварку.


Калі пачалася калектывізацыя, у калгас уступілі і Мацукі. Сафія Казіміраўна спачатку была занята на паляводстве. Потым пайшла на ферму, якая непадалёку ад дома. Сваю кароўку трымалі, а то і дзвюх, абыходжанню з калгаснымі асабліва вучыцца не трэба было. Праца з вялікім гуртом няпростая, бо даілі статак уручную, поўныя бідоны даводзілася цягаць, самі корм падкладвалі зімой, яшчэ і вады трэба было нанасіць з возера, што знаходзіцца побач. А колькі жаночых намаганняў і клопатаў патрабавала сям’я! Таму з калгасным стажам у 28 гадоў пайшла на заслужаны адпачынак.


Мужу лёс адмераў толькі 64 гады, памёр у 1975-м. Такім жа аказаўся жыццёвы шлях у малодшага Баляслава, няма і Зыгмунда… Але пасля іх засталіся дзеці, унукі, праўнукі, нават прапраўнукі. Унук Юрый Баляслававіч з сям’ёй апяку- юць бабулю, якая жыве ў другой палавіне вясковай хаты.


Цікаўлюся, што неабходна, каб пражыць стагоддзе і больш?
— Толькі здароўе, — смяецца Юрый Баляслававіч. І запэўнівае, што ніякіх сакрэтаў даўгалецця ў яго бабулі Сафіі Казіміраўны няма. Вяла звычайнае вясковае жыццё, спецыяльных дыет, нават строгага паста не прытрымлівалася, не да іх было з такой колькасцю дзяцей. А ферма патрабавала працы не толькі ў калгасе, статка таксама хапала на ўласным падворку, яшчэ агарод. Пакуль былі сілы, працавала. 

Фота з сямейнага альбома С. МАЦУК.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.