Ирина КОСТЕНКОВА готовится отметить 80-летие
gazeta 10-09-2018, 08:30 5 123 Юбілей
Жыхарка райцэнтра Ірына КАСЦЯНКОВА рыхтуецца ў першыя дні кастрычніка адзначыць 80-годдзе. Значную частку жыцця — чвэрць стагоддзя — аддала важнаму ўчастку ідэалагічнай работы, дзейнасці ў таварыстве “Веды”.
Новае пакаленне беларусаў не чула пра існаванне такога фарміравання, а калісь яно праводзіла вялікую выхаваўчую і прапагандысцкую работу сярод гарадскога і сельскага насельніцтва. Ірына Бярнардаўна займала ў яго раённым звяне пасаду сакратара, гэта значыць арганізатара ўсёй практычнай дзейнасці. Спрабую высветліць, што сабой уяўляла таварыства “Веды”наогул і яго міёрскае адгалінаванне ў прыватнасці?
— Таварыства “Веды” мела ўсесаюзны статус і было ўзнагароджана ордэнам Леніна. Асноўнай, але далёка не адзінай формай яго дзейнасці з’яўлялася лекцыйная прапаганда, — прыгадвае Ірына Бярнардаўна. — Такія зносіны з аўдыторыяй былі найбольш запатрабаванымі, асабліва актуальнымі ў пасляваенны перыяд, калі радыё, яшчэ дэтэктарнае, мелі нямногія, газеты выпісвалі далёка не ўсе. Іх і замянялі лектары, ад выступленняў якіх патрабавалася высокая ідэйнасць, сувязь з жыццём, актуальнасць, прастата, сумленнасць, выразнасць, папулярнасць і эмацыянальнасць. Адпавядаць такім крытэрыям маглі толькі падрыхтаваныя людзі з пэўным узроўнем адукацыі і эрудыцыі, пераважна настаўнікі, медыкі і спецыялісты розных галін народнай гаспадаркі, партыйныя, камсамольскія і савецкія работнікі.
Гэты актыў уваходзіў і ў нашу раённую арганізацыю таварыства, якая налічвала да 465 членаў, што аб’ядноўваліся ў 31 пярвічны калектыў. З гэтай колькасці дзесяць пярвічак было ў школах.
Работай раённай арганізацыі кіравала праўленне з 12-45 чалавек, склад якога фарміравала канферэнцыя. Рабочым органам з’яўляўся прэзідыум з пяці-сямі членаў. Старшынёй праўлення на грамадскіх пачатках звычайна выбіралі загадчыка аддзела народнай асветы, адзіная аплатная пасада была ў сакратара. Асабіста мне як сакратару давялося працаваць з рознымі кіраўнікамі, але, лічу, так жа адказна да грамадскага даручэння, як да асноўнай работы, ставіўся найперш загадчык РАНА Мікалай Мікалаевіч Будо. Да яго можна было звярнуцца ў любы час і па любым пытанні, заўсёды падтрымліваў. Ён асабіста выступаў з дакладамі на пленумах і семінарах.
Накіроўвалі дзейнасць таварыства, удзельнічалі ў яго мерапрыемствах сакратары райкама партыі. Асабліва запомнілася творчае супрацоўніцтва з Віктарам Лявонцьевічам Карабанем, Барысам Мікалаевічам Шкялёнкам, Генадзём Максімавічам Маняком, Аленай Аляксандраўнай Кавалёнак. Падтрымлівалі канкрэтнымі справамі работнікі РК КПБ Анатоль Сямёнавіч Валасевіч, Ала Пятроўна Смерцьева, Людміла Панцялееўна Бяззубенак, Зоя Сцяпанаўна Пучкоўская, Іван Іванавіч Тышко, якія працавалі на розных пасадах у партыйным апараце.
Лекцый праводзілася шмат. Захавалася справаздача за 1989-ы — 2370, у асобныя гады было і ўдвая больш, да пяці тысяч. Лекцыі чыталі па грамадска-палітычным, ваенна-патрыятычным, эканамічным і сельскагаспадарчым накірунках, па педагогіцы. Асаблівай папулярнасцю карысталіся па міжнародным становішчы. Некаторыя выступленні аб’ядноўваліся ў цыклы, напрыклад, “Чалавек і навакольнае асяроддзе”, “Выхаванне дзяцей у сям’і”, “Актуальныя пытанні нацыянальнай палітыкі…”, “Сацыялізм і дэмакратыя” і іншыя.
Адказна адносіліся да лекцыйнай прапаганды старшыні пярвічных арганізацый таварыства “Веды” Леангіна Купрыянаўна Лапыр у калгасе “Рассвет”, Лідзія Паўлаўна Сівая ў “Гіганце”, Тамара Пятроўна Варона ў імя Гастэлы, Алег Андрэевіч Кісляк у “Парыжскай камуне”, Нікандр Данілавіч Сцепулёнак у “Ленінскім шляху”, Багдан Сяргеевіч Какорыч у імя Дзяржынскага, Анатоль Васільевіч Губерт у “Язна”, Ірына Ігнатаўна Пузанава ў саўгасе “Міёрскі”. У ліку актывістаў знаходзіліся Т.Д. Рудак з “Кастрычніцкай рэвалюцыі, А.І. Грыгель са “Сцяга перамогі”, А.В. Варанковіч з імя Цітова, С.Ф. Лагун з “Дзісенскага”. Па пытаннях эканомікі і вытворчасці ўмела выступалі аграном з “Рассвета” Г.В. Пятроўская, галоўны заатэхнік з імя Цітова А.А. Шамровіч, спецыялісты з “Гіганта” Р.Ф. Астапковіч і С.Ф. Савуць, В.А. Ашурка з “Міёрскага”. Далей у маім спісе Лідзія Пракопаўна Чабор і Галіна Георгіеўна Гушчына з Дзісенскай школы-інтэрната. Невыпадкова лічыліся ў актыве раённага звяна настаўнікі Дзісенскай СШ Марыя Іванаўна Дзехцяронак, Фадзей Лаўрэнцьевіч Шымуковіч, са школ райцэнтра — Ванда Браніславаўна Хілько, Аляксандр Аляксандравіч Паляшчук, Вітольд Антонавіч Ермалёнак. Заслуга ў належнай прапагандзе медыцынскіх ведаў тагачаснага намесніка галоўнага ўрача Пятра Аляксандравіча Пазняка. Варта нагадаць і такі факт: у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую лекцыю па пытаннях здаровага ладу жыцця першае месца заняла ўрач Людміла Віктараўна Прышчэп.
Асобна адзначу ўдзел у лекцыйнай прапагандзе дырэктараў сярэдніх і васьмігадовых (базавых) школ Міхаіла Іосіфавіча Латышава з Міёрскай №1, Фэлікса Віктаравіча Лаўчыноўскага, а затым Уладзіміра Аксенцьевіча Камарова з Новапагосцкай, Галіны Баляславаўны Спасібёнак з Мікалаёўскай, Івана Васільевіча Гур’янава з Паташнянскай, Алега Канстанцінавіча Пішчулёнка з Дзедзінаўскай, Фёдара Аляксандравіча Сівога з Павяцкай, Уладзіміра Канстанцінавіча Казачонка і Ефрасінні Васільеўны Гарбачонак з Дворнасельскай. Дарэчы, Ефрасіння Васільеўна таксама ўзначальвала рэвізійную камісію раённай арганізацыі. Загадчык метадкабінета РАНА Алена Іванаўна Таўкінь кіравала педагагічнай секцыяй, а работнік райваенкамата Анатоль Іванавіч Сумінаў — секцыяй ваенна-патрыятычнага выхавання.
Раённая і пярвічныя арганізацыі таварыства “Веды” ў цесным кантакце з партыйнымі арганізацыямі праводзілі вусныя часопісы, вечары пытанняў і адказаў, тэматычныя вечары. Падзеямі раённага ўзроўню станавіліся Дні навукі, калі для выступленняў у працоўных калектывах Міёршчыны прыязджалі вядучыя навукоўцы з вышэйшых навучальных устаноў Віцебска, вучоныя-медыкі. Па нашай ініцыятыве праходзілі сустрэчы з вядомымі артыстамі. 116 настаўнікаў пазнаёміліся з метадамі выкладання педагога-наватара з Данецка Віктара Фёдаравіча Шаталава.
У раёне дзейнічала пяць народных універсітэтаў — культуры, сельскагаспадарчых, прававых, педагагічных ведаў і ваенна-патрыятычнага выхавання, у якіх займалася да дзвюх тысяч слухачоў. Значны ўклад у прапаганду ідэй, тэорыі і практыкі інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўнёс універсітэт сельскагаспадарчых ведаў пад кіраўніцтвам тагачаснага намесніка старшыні РАПА па раслінаводстве Марыі Іосіфаўны Парфяновіч. Шмат слухачоў збіраў універсітэт культуры пры РДК, дзякуючы намаганням і эрудыцыі завуча СШ №2 Аляксандра Іосіфавіча Капітанава.
Павышэнню лекцыйнага майстэрства і ўмоў работы са слухачамі садзейнічалі грамадская атэстацыя лектараў у 1983-1984 гадах, а затым — пашпартызацыя аўдыторый. Прапагандзе лепшага вопыту спрыяў вугалок лектара, аформлены ў бібліятэцы райкама партыі. У дапамогу ім мы дасылалі метадычныя рэкамендацыі па розных напрамках дзейнасці, памяткі, узоры лекцый, тэматыку выступленняў і іншыя матэрыялы.
На маёй памяці Вы пастаянна дзялілі рабочы кабінет са штатным лектарам РК КПБ. Як сталася, што з’яўляліся амаль што райкамаўскім работнікам?
— Мы рабілі агульную справу, таму суседства па кабінеце толькі садзейнічала плёну ў рабоце. Удзячна за супрацоўніцтва лектарам Тадэвушу Вацлававічу Астукевічу, Эме Антонаўне Сцепулёнак, Уладзіславу Паўлавічу Макаранку, Міхаілу Уладзіміравічу Пішчулёнку, Франі Сяргееўне Талкач, Віктару Якаўлевічу Касцюкевічу.
Традыцыю залічваць у бліжэйшы актыў сакратара таварыства “Веды” заснаваў сакратар райкама партыі Уладзімір Іванавіч Гайдулькін незадоўга да свайго ад’езду ў вобласць.
Нарадзілася я ў 1938 годзе ў Шаркаўшчыне ў шматдзетнай сям’і. Тата пайшоў на фронт і не вярнуўся з вайны. Як разумееце, прабіцца ў самастойнае жыццё мне ніхто не дапамагаў. Пасля школы пачала працаваць справаводам, затым машыністкай Шаркаўшчынскага райвыканкама. Як пачалося аб’яднанне раёнаў, аказалася ў Міёрах. Тут была сакратар-машыністкай Міёрскага калгасна-саўгаснага ўпраўлення і адначасова вучылася завочна на факультэце біялогіі і асновах сельскай гаспадаркі Даўгаўпілскага педінстытута. Калі наблізіўся час атрымліваць дыплом, звярнулася за больш сталай работай у РК КПБ, тады амаль усе кадравыя пытанні вырашаліся там. Уладзімір Іванавіч Гайдулькін і “сасватаў” мяне ў таварыства “Веды”. Ішоў верасень 1967 года.
25 гадоў на адным месцы, якое патрабавала арганізатарскіх здольнасцей і ўмення публічных выступленняў. Што падтрымлівала на такім шляху?
— Адказныя адносіны да ўласных абавязкаў і тое, што ў таварыстве актыў складалі сапраўдныя энтузіясты, якія ў справе, асноўнай і грамадскай, не падводзілі. Разам працавалі, як кажуць, ад душы. Таму ўжо праз тры гады ўзнагароджана Ганаровай граматай рэспубліканскага таварыства “Веды”, яшчэ праз такі ж перыяд—усесаюзнай. Заахвочана за ўдзел у шматлікіх конкурсах, з’яўляюся ветэранам працы.
Што сагравае душу ў юбілейны год?
— Невыпадкова народная мудрасць сведчыць, што старасць — не радасць, хвароб дадае. Але супакойвае, надае надзеі і аптымізму падтрымка сям’і. У дамашніх справах дапамагае муж, на агародзе — сын з нявесткай. І ўнукі-школьнікі ў мяне залатыя.
— Шчасця і здароўя, святкаваць юбілей са сваёй сям’ёй, пад віншаванні даўніх паплечнікаў!
Здымкі з сямейнага архіва І.Б. Касцянковай.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.