Евграф Косатый — последний участник Великой Отечественной в Дисне

 Гэты дом на вуліцы Юбілейнай у Дзісне нічым асаблівым не адрозніваецца ад суседніх. Але заўтра ён чакае гасцей. У гаспадара юбілей — яму спаўняецца 95 гадоў. Вялікае і плённае жыццё заслугоўвае павагу. Ёсць яшчэ некалькі прычын выказаць прыязнасць і ўдзячнасць: Яўграф КАСАТЫ — былы франтавік, апошні ўдзельнік Вялікай Айчыннай у Дзісне.

Напярэдадні наведаўся да бацькі сын з сям’ёй. Прыязджаюць рэгулярна, каб дапамагчы па гаспадарчых справах. Праўнукі Арцём і Каця парадкавалі дровы. Самому Яўграфу Вікенцьевічу ўжо нямногае па сілах, аднак рашуча не жадае пакідаць хату, якая даўно засталася без гаспадыні. Тут усё знаёмае, прывычнае, роднае. Зрабіў крок да плота — і можна перакінуцца словам з суседзямі. А што там, у вялікім горадзе?


Сустракаюся з Яўграфам Вікенцьевічам не ўпершыню. І заўсёды ён прыгадвае жорсткія баі ў 1945-м у Прыбалтыцы і сваю супрацьтанкавую 57-міліметровую гармату, апошні бой. Так было і некалькі дзён таму, хаця падрабязнасцей ва ўспамінах становіцца ўсё менш.


Яўграф Вікенцьевіч нарадзіўся ў вёсцы Коўзаны Завуццеўскага сельсавета. На службу прызвалі пасля вызвалення нашых мясцін ад нямецкіх захопнікаў летам 1944-га. Адразу ў 115-м запасным стралковым палку праходзіў курс маладога байца, вывучаў стралковую зброю. На фронт трапіў у верасні. Спачатку быў простым пехацінцам, потым стаў кулямётчыкам. Па ўсім бачна, са сваімі армейскімі, салдацкімі абавязкамі спраўляўся належным чынам, бо адзначаны медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Рос у званні, ужо малодшым сяржантам у канцы 1944-га сеў за панараму супрацьтанкавай гарматы, потым павысілі да камандзіра разліку.


Першым запаветам на полі бою для кожнага воіна было патрабаванне знішчыць варожага кулямётчыка. Супрацьтанкавая гармата таксама стаяла на прамой наводцы. Да гэтых фактараў дадайце, што ваяваў Яўграф Вікенцьевіч у Прыбалтыцы, дзе баі з ворагам былі не менш, калі не больш жорсткімі, чым на напрамку асноўнага ўдару — на Берлін. Таму шанцаў на жыццё ў такой крывавай бойні было няшмат. Але з самага страшнага пекла выйшаў жывым. Толькі не мінула яго варожая куля, паранілі ў руку ўжо ў лютым пераможнага года. Хутка вярнуўся ў строй, каб камандаваць сваім гарматным разлікам.


Відаць, невыпадкова трапілі ў песню словы, што апошні бой самы цяжкі. Ён для Яўграфа Вікенцьевіча не адбыўся, аднак стаў самым памятным. Як потым аказалася, ішоў апошні дзень вайны, у Прыбалтыцы рыхтавалася чарговае наступленне, рашаючая атака на ворага, які ўпарта супраціўляўся. Напружанне нарастала з кожнай хвілінай чакання. Калі заставалася некалькі імгненняў да каманды “Наперад”, прыйшла вестка, што немцы капітулявалі.


Падраздзяленне, у якім служыў Яўграф Вікенцьевіч, неўзабаве пагрузілі на цягнікі і скіравалі на ўсход. Праязджаў салдат праз станцыю Зябкі, якую дзісенцы лічылі сваёй. Шлях вёў на Далёкі Усход, на вайну з Японіяй. Але было не суджана, далей Башкірыі не праехалі.
Пасля дэмабілізацыі вярнуўся франтавік у родныя мясціны, старанна працаваў на аднаўленні народнай гаспадаркі, стварыў сям’ю, выхоўваў дзяцей. Майстар, пячнік і муляр. Ганарацца ветэранам у Дзісенскім лясгасе, там ён даўно адзіны былы франтавік.


Ваеннае мінулае Яўграфа Вікенцьевіча стала прыкладам для сына-вайскоўца. У роце ганаровай варты служыць праўнук Аляксандр Бароўскі, якога прызвалі ўжо пасля заканчэння ўніверсітэта. А вышэйшая адукацыя для сям’і былога франтавіка трывалая традыцыя, яе маюць усе чатыры ўнукі. Радуюць поспехамі праўнукі, іх ужо шэсць. Прадзядуля штодзень цешыцца малюнкамі праўнучкі Каці, якімі завешана ледзь не ўся сцяна ў хаце. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.