"Отличник народного просвещения" из Миор Цитович Вячеслав в день его 85-летия

 Без перабольшвання можна сцвярджаць, што Вячаслава Піліпавіча ЦІТОВІЧА на Міёршчыне ведаюць і памятаюць многія. Пры агульным працоўным стажы ў 40 гадоў ён выхаваў не адно пакаленне вучняў як настаўнік, садзейнічаў прафесійнаму росту педагагічных кадраў усяго раёна як інспектар і загадчык аддзела народнай асветы райвыканкама, уклаў душу ва ўдасканаленне сістэмы навучання і выхавання дзяцей як дырэктар самай вялікай у райцэнтры СШ №3,  у будаўніцтва школ — як энтузіяст.  Пра гэта гаварыў кожны з прадстаўнічай дэлегацыі, якая наведала ветэрана педагагічнай працы 13 сакавіка, у дзень яго 85-годдзя. І абавязкова дадавалі нешта ад сябе, бо на іх лёс калісь аказаў станоўчы ўплыў Настаўнік.

 ПРА ЭТАПЫ жыццёвага шляху юбіляра сведчыць урывак з прадстаўлення раённай ветэранскай арганізацыі да ўзнагароджання:
"Цітовіч Вячаслаў Піліпавіч у 1954 годзе закончыў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут, а ў 1962-м — Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М. Кірава. Пачаў працоўную дзейнасць з настаўніка фізікі і матэматыкі Більдзюжскай СШ Шаркаўшчынскага раёна. З 1965-га па 1971-ы — інспектар аддзела народнай асветы Міёрскага райвыканкама. З 1971-га па 1981-ы з'яўляўся загадчыкам аддзела народнай асветы. З 1981-га па 1995-ы — дырэктар СШ №3 г. Міёры. Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР і Міністэрства асветы СССР, нагрудным знакам "Выдатнік народнай асветы", медалём "За доблесную працу", ордэнам "Знак Пашаны". З'яўляецца членам савета ветэранаў педагагічнай працы".


13 САКАВІКА Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта ўручыла Вячаславу Піліпавічу намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак.


— Вы шмат зрабілі для развіцця сістэмы адукацыі Міёршчыны і застаяцеся несумненным аўтарытэтам для цяперашніх настаўнікаў, — падкрэсліла Таццяна Алегаўна. Не забыла яна, што калісь уласнае накіраванне ў педінстытут атрымала непасрэдна з рук Вячаслава Піліпавіча.


 Пры віншаванні юбіляра і ўручэнні сувеніра кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур таксама адзначыў: для яго як даўняга настаўніка Крукаўскай школы памятным засталося наведванне ўрока інспектарам В.П. Цітовічам. У школе, дзе дырэктарам працаваў Вячаслаў Піліпавіч, потым вучыліся яго дзеці.


Намеснік начальніка аддзела адукацыі Галіна Гур'ева назвала Вячаслава Піліпавіча чалавекам-легендай для сучасных педагогаў.
ПАВІНШАВАЦЬ першага кіраўніка СШ №3 прыйшлі былыя калегі і паплечнікі з дырэктарамі-паслядоўнікамі Віктарам Стацэвічам і Валянцінай Атрошка. І зноў словы ўдзячнасці за калісь закла-дзеныя традыцыі і вызначаныя арыенціры. Не забывае цяпер вядомы далёка за межамі раёна настаўнік гісторыі і стваральнік музеяў Вітольд Ермалёнак, што менавіта Вячаслаў Піліпавіч у свой час прытуліў яго маладую сям'ю педагогаў-выпускнікоў.


Першым дырэктарам, чалавекам вялікіх ведаў і светлага розуму, адказным і патрабавальным кіраўніком назаўсёды застанецца юбіляр для старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Алены Фёдаравай.


Цудоўным дапаўненнем, першай памочніцай мужу з'яўляецца жонка-настаўніца Ала Іванаўна.
Зараз прапаную паглядзець на Вячаслава Піліпавіча яго ўласнымі вачыма. Для гэтага вельмі дарэчы даўно напісаныя ўспаміны "былога настаўніка Міёрскай СШ", вельмі скарочаныя і крыху апрацаваныя карэспандэнтам раённай газеты.


 Ад уласнага імя
На экзаменах у дзявятым класе (тады мы здавалі перавадныя экзамены з 4 па 9 клас па ўсіх вучэбных прадметах) па рускай літаратуры сачыненне з 25 вучняў восем напісалі на "два". У тым ліку і я. Справа ў тым, што падчас акупацыі мы вучыліся на беларускай мове, а дакладней — на дамашняй. Трэба было прымаць экстраныя меры.


Настаўніца сабрала нас, двоечнікаў, дала заданне на лета, спіс літаратуры. Мне пашчасціла знайсці кароткі слоўнік-даведнік рускай мовы, які пачынаўся з правіл правапісу. Я дэталёва іх вывучыў. Потым пераправерыў і выправіў усе памылкі ў сваіх старых сшытках, напісаў сачыненні. На восеньскім экзамене ў пісьмовай рабоце зрабіў толькі адну памылку. У 10-м класе Шаркаўшчынскай СШ, на ўступных экзаменах у настаўніцкі інстытут напісаў сачыненне па рускай літаратуры на "4". Мне хапіла таго запасу граматнасці закончыць настаўніцкі і педагагічны інстытуты.


У ТОЙ ЧАС настаўнікі не толькі вучылі дзяцей, разам з вучнямі ўдзельнічалі ў сельскагаспадарчай працы, іх далучалі да агітацыйна-масавай работы. З іх удзелам праводзіліся ўсе кампаніі: выбары, ліквідацыя непісьменнасці сярод дарослых, падпіска на дзяржаўную пазыку сярод беднага вясковага насельніцтва. Для нас не існавала слоў "не магу", "не хачу", "не буду". Усялякія даручэнні трэба было выконваць. Мы з'яўляліся дзецьмі вайны. Праз нашы сэрцы прайшлі сполахі вёсак, што гарэлі разам з людзьмі, плач маці, якія атрымлівалі пахаронкі на сыноў, і многае іншае. Мы з дзяцінства прывыклі выконваць неаплатную працу. Усё гэта загартавала. Не складала цяжкасці восенню па слоце ноччу схадзіць за чатыры-пяць кіламетраў у вёску правесці заняткі з непісьменнымі, азнаёміць сяльчан з рашэннямі пленума ЦК КПСС…


А яшчэ мы былі маладыя, працавалі і жылі з верай і надзеяй на лепшую будучыню, такімі імкнуліся выхаваць вучняў.
У 1964 ГОДЗЕ па сямейных абставінах мы з жонкай пераехалі ў Міёры. Працавалі ў сярэдняй школе, тады адзінай у гарпасёлку, надта перагружанай, з заняткамі ў тры змены. Яе педагагічны калектыў складаўся з 50 настаўнікаў. Ужо на жнівеньскай нарадзе і першым педсавеце пераканаўся, што ўсе яны высокакваліфікаваныя, вопытныя педагогі. Для таго часу вучэбны працэс знаходзіўся на вельмі высокім узроўні. Школа па ўсіх пытаннях займала лідзіруючае стано-вішча ў раёне, слыла вядомай у вобласці. Педкалектыў з'яўляўся элітным ва ўсіх адносінах.


Я да гэтага часу за плячыма меў два інстытуты, ваеннае вучылішча, дзесяць гадоў педстажу, у тым ліку чатыры гады кіраўніцтва сельскай васьмігодкай, але пачынаць у Міёрах было страшнавата. Да таго ж у 1964 годзе ўвялі ўсеагульную сярэднюю адукацыю. Працягвалася ўдасканаленне методыкі школьнага навучання. З Міёрскай СШ пачыналіся ўсе навацыі ў раёне. Тут праводзіліся семінары для настаўнікаў-прадметнікаў, дзейнічалі прадметныя секцыі. Школа мела настаўнікаў-метадыстаў па ўсіх прадметах. У іх ліку В.А. Кажамячанка, Г.Л. Кавалевіч, Ж.С. Карабань, В.П. Барынава, В.Я. Раманоўская, Р.А. Страмавусава, Г.П. Зверава, Г.Р. Дудкіна, А.І. Капітанаў, М.П. Баравец, Р.І. Казлова, М.І. Латышаў, А.А. Паляшчук, М.П. Дзятлава і іншыя. Было ў каго павучыцца.


Восенню 1965-га мяне перавялі інспектарам аддзела народнай асветы, хаця з-за нізкага заробку даводзілася весці ўрокі ў вячэрняй школе. Між іншым неўзабаве пачаліся вялікія перамены: адноўлены Шаркаўшчынскі раён, восенню 1966-га ўведзена СШ №2 на 640 вучняў, замест тэрытарыяльных упраўленняў улада вяртаецца райкаму КПБ. Адначасова адбываліся вялікія кадравыя перамяшчэнні і змяненні. У школах абнаўляліся праграмы і падручнікі па ўсіх прадметах. Пачалі ствараць вучэбныя кабінеты, аплочваць класнае кіраўніцтва, уводзіць пасады арганізатара выхаваўчай работы, першай яе заняла ў СШ №1 Жанна Сямёнаўна Карабань. Перавучвацца на практыцы пачаў і я: загадчык аддзела асветы В.К. Казлоў дазволіў весці два ўрокі фізікі на тыдні ў шостым класе СШ №1.


У 1971-М загадчык РАНА паехаў на курсы ў Маскву, а свае абавязкі даручыў выконваць мне, а праз год мяне зацвердзілі на гэтай пасадзе. Азнаямляльны перыяд не спатрэбіўся, за шэсць гадоў работы інспектарам вывучыў усе школы, ведаў узровень дзейнасці педкалектываў, дырэктараў і іх намеснікаў. Абапіраўся на вопытных спецыялістаў аддзела. Перад сабой і імі паставіў дзве галоўныя задачы — паляпшэнне вучэбна-матэрыяльнай базы і павышэнне адукацыйнага ўзроўню педработнікаў. Пастаянна трымаў іх на кантролі. Мы выкарыстоўвалі ўсе магчымыя формы падтрымкі і заахвочвання лепшых настаўнікаў, кіруючых кадраў. Пры тым за дзесяць гадоў стаў ініцыятарам замены толькі аднаго дырэктара, бо лічыў, што вопыт да кіраўніка прыходзіць з гадамі. Хаця па розных іншых прычынах перастаноўкі адбываліся. У прыватнасці, СШ №1 узначаліла працаздольная і энергічная Тамара Аляксандраўна Далгова. Пад яе кіраўніцтвам педкалектыў атрымаў новы імпульс для развіцця, першым пачаў працаваць з шасцігодкамі.


У пачатку 70-х давялося займацца атэстацыяй педкадраў, па выніках якой прысвойваліся кваліфікацыйныя разрады, ад якіх залежала стаўка заработнай платы. На першапачатковым этапе яна вельмі садзейнічала павышэнню вучэбна-выхаваўчай работы ў школах.
Школы нашага раёна працавалі годна, працэнт паступлення ў ВНУ быў на рэспубліканскім узроўні. Высокія адзнакі атрымлівалі пры праверках вышэйшых органаў. У 1977 годзе Міністэрства асветы абагуліла наш вопыт па арганізацыі кіраўніцтва і кантролю. 15 дырэктараў, настаўнікаў і загадчык РАНА ўзнагароджаны нагруднымі знакамі "Выдатнік асветы" і ганаровымі граматамі міністэрства.
Да канца 80-х раён папаўняўся ў асноўным мясцовымі спецыялістамі, у школах 83% настаўнікаў мелі вышэйшую адукацыю. Па гэтым паказчыку лідзіравалі сярод сельскіх раёнаў вобласці.


За 10 гадоў пабудавана пяць тыпавых будынкаў школ. З дзесяці сярэдніх толькі Акунёўская заставалася ў прыстасаваных памяшканнях. Выкарыстоўвалі любыя магчымасці для ўключэння ў планы капітальнага будаўніцтва аб'ектаў адукацыі. Дзісенскую СШ узвялі пры долевым удзеле Паўднёва-заходняга ўпраўлення прадуктаправодаў у Куйбышаве, Новапагосцкую — за кошт абласнога суботніка, Павяцкую — няпланава, самую вялікую СШ №3 на 1176 вучня ў — датэрмінова на сэканомленыя сродкі міністэрства асветы.


РАБОТА ў апараце кіраўніцтва няўдзячная, а набліжаўся пенсіённы ўзрост, калі хацелася даць адзнаку самому сабе. Вось таму вырашыў вярнуцца ў школу з уводам у эксплуатацыю СШ №3, бо пры такім варыянце нікога з кіраўнікоў не крыўдзіў. І з 1 ліпеня 1981-га я зноў дырэктар. Пакінуў пасаду ў РАНА з пачуццём выкананага абавязку, свядома адмовіўся ад звання заслужанага работніка асветы, якое неўзабаве павінен быў атрымаць як загадчык, і ўсклаў на свае плечы вялікую працу па наладжванні дзейнасці новай установы адукацыі.
Пра такі выбар ніколькі не шкадую, бо набыў новых сяброў і шмат зрабіў для жыхароў Міёр.


Адкрыццё СШ №3 для горада стала падзеяй. Яна разгрузіла іншыя школы, асабліва СШ №1, аб'яднала лепшых настаўнікаў. Цяпер на яе базе праводзіліся абласныя семінары, нас наведвалі дэлегацыі з іншых рэспублік.


Працягвалася ўдасканаленне школьнага навучання. Установы адукацыі раёна ішлі ў нагу з часам, вырашалі задачы аптымізацыі, эфектыўнасці, дыферэнцыяцыі, потым рэформ ва ўмовах незалежнай Беларусі.


***
ДАЎНО не працую ў сістэме адукацыі, але на прыкладзе ўнукаў назіраў за працэсамі, якія ў ёй адбываліся. Пабачыў перанос у школу ўніверсітэцкіх праграм, ажыццяўленне лозунга "Вучыць вучыцца", скарачэнне кантролю вышэйстаячых органаў і маральнага заахвочвання добрасумленнай працы педагогаў, ацэнку школ па колькасці пераможцаў алімпіяд і паступіўшых у ВНУ, а не па агульнай паспяховасці, развіццё платнага рэпетытарства, мінімізацыю працоўнага выхавання, змяненні ў працягласці навучання і нават пачатку заняткаў, многае іншае. Ва ўзросце "глыбокай восені" даводзіцца зноў і зноў асэнсоўваць новыя павевы з улікам мінулых падзей, уласнага жыцця. Несумненна адно: мы, настаўнікі старэйшых пакаленняў, з гонарам выканалі свой грамадзянскі абавязак, а сучасная школа працягвае ісці па нялёгкім шляху ўдасканалення.

Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.