Святкаванне 100-годдзя камісіі па справах непаўналетніх. Так вызначылі тэму пасяджэння службы, якая цэлы век змагаецца за радасці дзяцінства. Звычайна на пасяджэннях КСН размаўляюць у строгіх танах, прызначаюць штрафы за правапарушэнні, прымаюць рашэнні забраць дзяцей у нядобранадзейных бацькоў. На гэта раз усё было па-іншаму.
Адбылася ўрачыстасць у тэрытарыяльным цэнтры. Запрасілі былых супрацоўнікаў КСН, выхаванцаў школы мастацтваў і артыстаў РДК.
14 СТУДЗЕНЯ 1918 ГОДА Дэкрэт Савета Народных Камісарыятаў зацвердзіў камісію па справах непаўналетніх. Перад службай стаяла няпростая і важная задача — клапаціцца пра дзяцей і падлеткаў, ратаваць іх ад жорсткасці і зла. Мінула сто год. Галоўны арыенцір не змяніўся. Па-ранейшаму ёсць дзеці, якія маюць патрэбу ў абароне сваіх правоў. У нашым раёне 129 хлопчыкаў і дзяўчынак з 61 сям'і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пра гэта расказала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Сафія Цыркіна.
У ЯКІ КОЛЕР афарбаваны будні КСН? Яны бываюць светлымі, калі з прытулку вяртаюцца дадому дзеці, калі сям'ю здымаюць з уліку нядобранадзейнасці, калі ўдаецца дастукацца да свядомасці бацькоў. За гэтым стаіць пастаянная, бесперарыўная, нават кругласутачная праца.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава добра ведае ўсе адметнасці работы камісіі і заўважае, што тут няма месца для абыякавасці:
—Перажывалі за дзяцей, прапускалі праз сябе кожную сітуацыю. А як па-іншаму?
За супрацоўніцтва падзякавала членам камісіі — педагогам, медыкам, праваахоўнікам, работнікам культуры, кіраўнікам грамадскіх аб'яднанняў — намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак. Раённую службу захавальнікаў дзяцінства яна ўзначальвае з 2014 года.
ЗАСЛУЖАНЫ дадатак да добрых слоў і пажаданняў — узнагароды. Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў атрымала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Пятрова. Райвыканкам адзначыў высокай узнагародай добрасумленную работу дырэктара Дзісенскай СШ Таццяны Ромель і педагога сацыяльнага Чапукоўскай ДС-СШ Алены Летахіцкай. Удзячнасць райвыканкама аб'яўлена намесніку старшыні КСН Сафіі Цыркінай і яе папярэдніцы Вользе Чапулёнак. А таксама былым работнікам службы — галоўнаму спецыялісту аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Чаславе Віктараўне Васюцёнак, намесніку старшыні КСН Ніне Міхайлаўне Федуковіч.
Ад раённай камісіі па справах непаўналетніх атрымалі ўзнагароды дырэктары Туркоўскай ДС-СШ Святлана Максіменка і Сіцькоўскай — Аксана Шараг, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Іванова, урач-педыятр ЦРБ Любоў Ажаль, былы інспектар ІСН РАУС Уладзімір Андруковіч.
СВЯТОЧНАЯ зала поўнілася цёплымі ўсмешкамі і віншаваннямі, успамінамі пра нялёгкія працоўныя будні і добрымі пажаданнямі, шчодрымі апладысментамі. На развітанне прагучала песня "Ветер перемен". Як надзея на лепшае, якую камісія па справах непаўналетніх не мае права страціць.
Фота аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.