Авторизация
 

Мікалай Лакотка адзначыў круглую дату

 Для ўсіх, хто ведае Мікалая ЛАКОТКУ,  ён — былы начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Міёрскім раёне.  Служба дзяржаўная, сур'ёзная, адказная. Пра яе ў інтэрв'ю ён калісь выказваў наступнае меркаванне: "Скажу шчыра, работа наша складаная і часам няўдзячная. Камусьці можа падацца, што інспектары — чэрствыя людзі, здольныя толькі падлічваць. Аднак гэтае меркаванне памылковае…"

У ліку асноўных якасцей сваіх падначаленых адзначаў "уменне кантактаваць з людзьмі, імкненне павышаць свой прафесійны ўзровень, быць у курсе змяненняў у заканадаўстве". Іншымі словамі — аддаваць сябе рабоце. З поўным правам усё гэта адношу непасрэдна да самога Мікалая Вячаслававіча, які сёння адзначае 60-годдзе. Ці ж не падстава паглядзець на яго не толькі як на кіраўніка, хаця і былога, бо ў адстаўку пайшоў у лютым 2016-га, а зазірнуць таксама за заслону асабістага жыцця.


Мікалай быў адзіным сынам, сярэднім дзіцём з трох у сям'і работнікаў калгаса "Гігант" з вёскі Чурылава. Сям'я працавітая, веруючая. Бацька Вячаслаў Піліпавіч быў трактарыстам. Асабліва вызначыўся ў вырошчванні бульбы, заняў першае месца ў вобласці па ўраджайнасці клубняў і адзначаны ордэнам "Працоўнай славы" трэцяй ступені. Заваёўваў званні ўдарніка пяцігодкі, пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва. Хаця яны ў пэўнай меры падмацоўваліся матэрыяльна непасрэдна заробленым заробкам (даруйце за паўтор) і прэміяй за занятае месца, яшчэ ў большай меры сведчылі пра дзелавыя і маральныя якасці чалавека. Маці Алена Мацвееўна была занята ў паляводстве, потым працавала даяркай, свінаркай на комплексе. Менавіта яна надавала шмат увагі дзецям. Імкнулася выхоўваць іх у строгасці, пры гэтым ва ўсім сама дэманстравала прыклад і патрабавала ад малых паважліва адносіцца да людзей, не трымаць зла на іншых, быць дружнымі ў сям'і і працавітымі.


Старэйшая сястра Тамара Астапковіч успамінае, што разам з Мікалаем падлеткамі дапамагалі маці даіць калгасных кароў. Грабілі сена. На жніве па зменах працавалі на недалёкім зернетаку. Затое з якой гордасцю кожны потым клаў на сямейны стол свой заробак — невялічкі стосік чырвоных купюр — "дзясятак". За гэтыя грошы набывалі форму, прыгожы партфель, іншыя прылады да школы. Разам з маці на павозцы, пакуль былі меншымі, а потым на веласіпедах ездзілі на набажэнствы ў чэраскую царкву.


Мікалай пасля Павяцкай школы з адзнакай закончыў Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Адразу паступіў у "наргас", цяпер гэта Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, дзе таксама вучыўся добра. Пасля чатырох студэнцкіх гадоў спецыялістам з вышэйшай адукацыяй вярнуўся на радзіму. У 1981 годзе яго прызначылі галоўным бухгалтарам упраўлення сельскай гаспадаркі.


Той час прыгадвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава:

— Мы тады былі маладыя і амбіцыйныя, непрыземленыя, ледзь што не ляталі ў паветры як птушкі, любілі марыць, імкнуліся да большага, каб мець трывалае месца ў жыцці. Мікалай Вячаслававіч на той час ужо займаў пасаду галоўнага бухгалтара ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, з ім лічыліся. Я працавала ў калгасе імя Мічурына і вучылася завочна ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам напісала дыпломную работу па развіцці жывёлагадоўлі на Міёршчыне. Потым жыццё нас развяло, але прыязныя адносіны засталіся да гэтага часу.


Будучая жонка Валянціна Францаўна пасля заканчэння Інстытута культуры атрымала накіраванне бібліятэкарам на Міёршчыну (родная Браслаўшчына непадалёку!) таксама ў 1981-м. У невялікім гарадку маладыя людзі проста не маглі не прыкмеціць адзін аднаго. Знаёмства перарасло ў каханне. Праз два гады, у першыя дні ліпеня, згулялі вяселле. Сёлета адзначаць 35-годдзе сямейнага жыцця.


— Спачатку размясціліся ў аднапакаёвай кватэры, якую ўжо меў муж, — апавядае Валянціна Францаўна, — пасля нараджэння першынца перабраліся ў двухпакаёўку. Тут з'явіўся на свет другі сын. Калі дзеці крыху падраслі, вырашылі заняцца будаўніцтвам уласнага дома. Здавалася, грошы для гэтага мелі, але як набылі цэглу, хутка закончыліся. Таму "віць уласнае гняздзечка" атрымалася няпроста. Будоўляй займаліся ўсёй сям'ёй, а ў нашых дзяцей быў свой стымул пастаянна дапамагаць бацьку — кожны хацеў мець уласны пакой у новым будынку. Так і сталася. Ад тых ужо далёкіх спраў у мужа засталося ўменне і жаданне сталярнічаць, працаваць на дрэваапрацоўчых станках.
Мой муж — працаголік, у яго заўсёды на першым месцы была работа. Вельмі перажываў за становішча спраў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, а потым — у падатковай інспекцыі. Перайсці туды яго спакусіў у 1991 годзе начальнік падатковай інспекцыі Уладзімір Ступак, які падбіраў сабе на-дзейнага намесніка і кіраўніка аднаго з асноўных аддзелаў — па падаткаабкладанні юрыдычных асоб. Праз пэўны час, у 1998-м, Мікалая прызначылі началь-нікам інспекцыі. Увогуле аддаў ёй чвэрць стагоддзя, пакуль не стала падводзіць здароўе.


Але адказная пасада, мноства грамадскіх даручэнняў не перашкаджалі мужу займацца хатнімі справамі. На прысядзібным участку пасадзіў сад з яблынь, вішань, розных пладовых кустоў. Прытым кожнае дрэўца ці кусток спецыяльна падбіраў па смакавых якасцях і тэрмінах паспявання. Кожнае даглядаў, угнойваў, калі патрабавалася — лячыў, змагаўся са шкоднікамі. Дзяліўся з суседзямі і знаёмымі саджанцамі. Калі з'явіліся модныя тады в'етнамскія віслабрухія свінні, заняўся іх развядзеннем, клапаціўся пра кармы — сена, зерне, бульбу, якія вырошчваў ля дома і на бацькоўскай сядзібе.


Хатнія справы ў наступным дапамаглі лягчэй прыстасавацца да жыцця на заслужаным адпачынку. Трэба ж клапаціцца пра в'етнамскіх гадаванцаў, хаця іх і паменела, пра курэй, сабаку Дружка і ката Сімона. Акрамя пладовых дрэў і кустоў стаў зважаць на кветкі. Своеасаблівае хобі — глог-баярышнік. Вырошчвае буйнаплодныя і дробныя гатункі як сродак ад сардэчных хвароб. Таксама не толькі для сябе. Займаецца агародніцтвам, асабліва прыправамі. Потым іх сушыць, змешвае і любіць частаваць гасцей. Падтрымлівае добразычлівыя адносіны па тэлефоне і асабіста з усімі, з кім калісь працаваў, сябраваў.


Задаволены, што ўладкаваліся ў жыцці сыны. Сапраўднае свята для яго, як наведваюцца ўнукі — другакласнік Паша і і двухгадовая Маша.
Мікалай — клапатлівы сын. Пастаянна разам з сёстрамі дапамагаў маці і бацьку, пакуль яны жылі ў вёсцы, як патрабавалася — дбаў пра лячэнне. І цяпер разам з сем'ямі сясцёр падтрымлівае парадак на бацькоўскай сядзібе.


Вольнага часу паболела, аддае яго інтэрнэту, прагляду пазнавальных тэлепраграм, чытанню гістарычнай літаратуры. Асаблівая ўвага да ўсяго, што мае дачыненне да нашай Міёршчыны, напрыклад, кнігам Вітольда Ермалёнка пра турыстычныя "пярсцёнкі" ці справы краязнаўцаў-"арганаўтаў". З перыядычных выданняў заўсёды першымі пачынае чытаць "Міёрскія навіны".


Ад аўтара: няхай гэты матэрыял стане шчырым віншаваннем ад рэдакцыі, з якой Мікалай Вячаслававіч плённа і працяглы час супрацоўнічаў.
З юбілеем! 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

На здымку: Мікалай Вячаслававіч з былымі калегамі з падатковай інспекцыі.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 91 203
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 65 450
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 32 091
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 30 887
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 30 189
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 26 924
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 19 214
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 октября 2018
Андрей, Василий, Иннокентий

Именины 22 октября 2018
Авраам, Ефим, Константин, Максим, Петр, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта