520 гадоў таму, у 1498-м у пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца Новы Пагост як маёнтак Браслаўскага павета.
505 гадоў сёлета могуць святкаваць вёскі Басяныя і Орцы, пісьмовыя крыніцы сведчаць пра іх з 1513-га.
485 гадоў таму (у 1533-м) у розных дакументах пазначана існаванне вёсак Катавічы, Курылавічы, Цвеціна.
455 гадоў (з 1563-га) спаўняецца, як стараста дзісенскі Баркулаб Іванавіч Корсак пабудаваў на востраве крэпасць (верхні замак, "Капец"), а Дзісна перабралася на левы бераг Дзісёнкі і абгарадзілася там сценамі (ніжні замак); з гэтага ж года нам вядомы Дарожкавічы.
435 гадоў таму (у 1583-м) закончылася Лівонская вайна, якая агнём і мячом пракацілася па нашых мясцінах. У Дзісне пабудаваны першы касцёл, ён быў драўляны і размяшчаўся ля агароджы праваслаўнага манастыра.
430 гадоў таму (у 1588-м) прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага.
425 гадоў сёлета адзначыць касцёл у Новым Пагосце, пабудаваны на сродкі Льва Сапегі ў 1593-м і адноўлены ў 1853-м.
355 гадоў таму (у 1663-м) у пісьмовых крыніцах згадваецца вёска Узмёны.
290 гадоў (з 1728-га) споўніцца, як у Дзісне пабудаваны Уваскрэсенская і Затрапезна-Уведзенская цэрквы.
245 гадоў (у 1773-м), як францысканцы ўзвялі цагляны касцёл у гонар Бязгрэшнага Зачацця на беразе Дзвіны.
240 гадоў, як закончыўся жыццёвы шлях (1715-1778) Мікалая Тадэвуша Лапацінскага, брэсцкага ваяводы, уладальніка Лявонпаля.
225 гадоў таму (у 1793-м) у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Дзісеншчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі.
220 гадоў назад, 1 студзеня 1798-га зацверджаны план развіцця Дзісны.
190 гадоў таму (у 1828-м) па справаздачы мінскага губернатара ў Дзісне налічвалася 330 жылых дамоў і жылі 2802 гараджане.
160 гадоў споўнілася звесткам, што ў 1858-м у Перабродскім народным вучылішчы займалася 37 хлопчыкаў.
155 гадоў (у 1863-м), як у Беларусі, Польшчы і Літве пачалося паўстанне, ахапіла яно і Дзісеншчыну; 14 мая ля вёскі Парэчча (цяпер Докшыцкі раён) загінуў камандзір атрада паўстанцаў, вядомы скульптар Генрык Дмахоўскі; у Чэрасах дзейнічала народнае вучылішча для сялянскіх дзяцей.
145 гадоў, як у 1873 годзе пабудаваны цагляны аднапавярховы сядзібны дом Святаполк-Мірскіх у Камянполлі.
140 гадоў таму (у 1878-м) Барысаў камень з Дзвіны пры ўпадзенні ў яе Павянужкі па даручэнні графа Уварава перавезены ў Маскву; вялікая паводка ў Дзісне; 10 снежня асвечана Мікалаеўская царква ў Новым Пагосце, узведзеная з бутавага каменя ў псеўдарускім стылі.
135 гадоў назад 20 кастрычніка ў засценку Калеснікі нарадзіўся адзін з найбуйнейшых дзеячаў беларускага Адраджэння Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі.
120 гадоў таму (у 1898-м) у Дзісне ўзведзены вялікі двухпавярховы цагляны будынак віннага склада, у далейшым ён выкарыстоўваўся пад гімназію, цяпер у ім бальніца сястрынскага догляду; у Дзісне нарадзіўся І. Бейрах, прафесар медыцынскіх навук.
115 гадоў (у 1903-м), як у Дзісне пачалося ўзвядзенне бальніцы (шпіталя) на беразе Дзвіны.
110 гадоў спаўняецца, як у Дзісне ў 1908-м пачалося будаўніцтва за казённы кошт Мікалаеўскай царквы на могілках, дзе захоўваецца знакаміты абраз Маці Божай Адзігітрыі;
"Наша ніва" за 1908 г. паведамляла, што ў Дзісне завялі ткацкую школу-варштат, дзе вучаць вясковых дзяўчат ткаць дываны, палатно і іншыя рэчы на новых кроснах-самалётах; каля Дзісны парабіліся малочныя суполкі, б'юць цэнтрафугамі масла і пасылаюць проста ў Лондан па 17-18 рублёў за пуд; у Дзісне ўжо ёсць хаўрусныя (кааператыўныя) крамы.
105 гадоў назад (у 1913-м) Энцыклапедычны слоўнік Ф. Паўленкава паведамляў: "Дзісна—павятовы горад Віленскай губерні, на Заходняй Дзвіне; прыстань; 9 тысяч жыхароў; 1 лячэбнае, 2 бібліятэчныя, 5 ніжэйшых навучальных устаноў, 1 крэдытная ўстанова…"
У "Нашай ніве" пачаў друкаваць пад псеўданімам Пётра Беларус вершы, апавяданні, замалёўкі, жарты Пётр Яленскі з вёскі Міршчына Лявонпальскай воласці.
100 гадоў, як у студзені 1918-га Дзісенскі павятовы Савет названы ў ліку 31 Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў; у лютым немцы акупіравалі Дзісеншчыну; у лістападзе яна вызвалена, дзейнасць савецкіх органаў адноўлена.
75 гадоў споўнілася, як у 1943-м у чэрвені брыгада імя К.К. Ракасоўскага і атрад №3 брыгады "Кастрычнік" штурмавалі Міёры; у жніўні ўтвораны Міёрскія райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ; у верасні-кастрычніку адбылася карная экспедыцыя нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан у Міёрскім і суседніх раёнах "Фрыц"; у кастрычніку з Расоншчыны да вёсак Сарочына і Труды пераправіўся партызанскі атрад Сазонава, на яго базе была ўтворана 4-я Беларуская партызанская брыгада, у якой дзейнічалі Дзісенскія райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ.
70 гадоў таму (у 1948-м) на Міёршчыне пачалася масавая калектывізацыя.
65 гадоў сёлета спаўняецца педагогу і пісьменніку Францу Іванавічу Сіўко, нарадзіўся 3 мая 1953-га ў вёсцы Вята.
55 гадоў назад, у 1963-м, статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння прысвоены Чыстай дуброве ля Язна.
50 гадоў, як у 1968-м званне "Заслужаны настаўнік школ БССР" прысвоена Фэліксу Віктаравічу Лаўчыноўскаму, Паўлу Аляксандравічу Марцінята і Таццяне Пятроўне Мацкевіч.;
10 сакавіка нарадзіўся воін-афганец Пётр Брынкевіч, 22 красавіка — Уладзімір Мяцеліца, загінулі ў 1987-м;
Утвораны гідралагічны заказнік "Ельня".
45 гадоў таму (у 1973-м) званне "Заслужаны настаўнік школ БССР" прысвоена Валянціне Мікалаеўне Лакотка;
заасфальтавана дарога Міёры-Новы Пагост.
40 гадоў назад (у 1978-м) 4 лістапада званне Героя Савецкага Саюза прысвоена адміралу Ягору Андрэевічу Томку; закончана рэканструкцыя і асфальтаванне дарогі на Полацк; узведзены Дом быту ў Міёрах; завяршылася электрыфікацыя населеных пунктаў раёна.
20 гадоў споўнілася, як выйшла з друку ў 1998-м кніга "Памяць. Міёрскі раён".
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.