Авторизация
 

Ветэран працы з вёскі Мікалаёва Васіль ШАСТАКОЎ

 Звычайна знаходжанне "на заслужаным адпачынку" ў нас звязваюць з размераным жыццём, клопатамі пра здароўе, заняткамі любімай справай, ужо потым — пасільным уладкаваннем сядзібы ці наогул умоў жыцця, працай на агародзе і ў садзе. Яно нібы і так, ды і не зусім, калі меркаваць па ветэрану працы з вёскі Мікалаёва Васілю Пятровічу ШАСТАКОВУ. Вядома, даводзіцца кантраляваць крывяны ціск, не забываць пра іншыя балячкі, і пры гэтым…

— Не люблю сядзець на месцы, — распавядае пра сябе Васіль Пятровіч. — Захапляюся паляваннем, хаця гэта і надта дарагое задавальненне цяпер. У лесе цікава назіраць па брэху за перамяшчэннем сабак, што заганяюць дзічыну, там не пастаіш на месцы… Дарэчы, ужо набыў пуцёўку на зайцоў. Летам і восенню не праміну завітаць у лес па грыбы. А ягады не па мне. І на Дзісёнцы ці стаўку з вудай не затрымліваюся: хутка надакучвае назіраць за нерухомым паплаўком.


— Хапае клопатаў ля дома, трымаю жыўнасць у хлявах, на агародзе — градкі і парнікі з агароднінай, зерневыя на ўчастку ў полі, збожжа патрэбна парсючкам і птушкам,—разважае ветэран.—Таму маю трактарок Т-25 з плугамі і асноўнымі глебаапрацоўчымі прыладамі. З імі выязджаю пры патрэбе і да суседзяў — у нас амаль уся вуліца пенсіянераў. Пладаносяць яблыні і ягадныя кусты. Нядаўна заняўся пчоламі. Наогул на стале амаль усё сваё, толькі малако ад суседа. Нам з жонкай хапае, ёсць з чым і да дзяцей наведацца.


Даўно ведаю, што ў Васіля Пятровіча сын — афіцэр аварыйна-выратавальнай службы, а дачка — наваполацкі ўрач высокай кваліфікацыі. Цяпер слухаю пра поспехі ўнучак: гімназісткі і студэнткі — будучага юрыста-міжнародніка.


Падстава для размовы з Васілём Пятровічам вельм паважаная — яму споўнілася 70 якраз 7 лістапада, калі адзначалася 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён адзіны вядомы мне жыхар раёна, які нарадзіўся ў гэты дзень. Але аўтарытэт чалавека залежыць не ад даты з’яўлення на свет, ад працоўных спраў. Васіль Пятровіч Шастакоў на працягу 25 гадоў паспяхова кіраваў калгасам "Запаветы Леніна", які потым стаў ААТ "Мікалаёўскі", цяпер адной з буйнейшых гаспадарак Міёршчыны. Пэўны час узначальваў Мікалаёўскі сельскі Савет.
Таму павіншаваць юбіляра завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава і колішні першы сакратар райкама партыі і старшыня райвыканкама Віктар Тарасевіч, начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Бялько, кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур, старшыня Мікалаёўскага сельскага Савета Анатоль Кудрашоў, дырэктар ААТ "Мікалаёўскі" Аляксей Лаўрыновіч. Марыя Мікалаеўна ўручыла Васілю Пятровічу Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта.


Васіль Пятровіч прыехаў на Міёршчыну ў самым пачатку 1981 года ўслед за жонкай, якая вярнулася з дзецьмі ў родныя мясціны ў Беларусь да бацькоў. Ім тады асабліва патрабавалася яе дапамога і падтрымка. Да гэтага працаваў галоўным аграномам аднаго з лепшых калгасаў на Пскоўшчыне непадалёку ад Вялікіх Лук. Як сцвярджае, "жыў на асфальце". Яму нават прапаноўвалі пасаду дырэктара селекцыйнага саўгаса. У калгасе "Запаветы Леніна" з цэнтрам у Мікалаёве заняў пасаду намесніка старшыні па кормавытворчасці Алены Скрабатун нейкі час працаваў парторгам, а ўжо ў наступным 1982-ім на справаздачным схо-дзе Алена Аляксееўна перадала яму свой старшынёўскі партфель.

Чым запомніўся для Васіля Пятровіча той час?

— Вясной ад Мікалаёва да Шарагоў дарогі не было. Калі Алену Аляксееўну тэрмінова выклікалі ў раён, гусенічны трактар старшынёў-скую "Ніву" вывозіў да вялікай дарогі на металічным лісце, — узгадвае юбіляр. — На трактарах дастаўлялі з ферм малако. А з МТФ "Лугаўцы" ў разводдзе вадзіцель Канстанцін Мацкевіч бітоны прывозіў на маторным кацеры.


Аднак яшчэ большую праблему ўяўлялі старыя, часта прыстасаваныя для ўтрымання статка жывёлагадоўчыя памяшканні. Вось тады разгарнулася будаўніцтва новых ферм. Два памяшканні ўзвялі ў Навасёлках, два — у Баслаках, адзін — у Марынках. І цяпер яны выкарыстоўваюцца. Пры падтрымцы шэфаў з Полацкага цагельнага завода падлогу ў іх выклалі керамічнай пліткай, надта ўсім тагачасным работніцам запомніліся шматслойныя дзіравыя з дошак. А за ўсім гэтым — рэзкае павышэнне якасці малака.


Потым з'явілія бульбасховішча, насенны склад на 800 тон зерня, кухня-сталовая для механізатараў ля дыспетчарскай і агароджа вакол машыннага двара. Уласнымі сіламі ўзяліся за дарогі, вазілі сваімі машынамі асфальт з Кстоў, выгружалі яго на адгрэйдаваную праезную частку і потым рыдлёўкамі разраўноўвалі, укатавалі ручным катком. Так пралягло цвёрдае пакрыццё спачатку ад канторы да майстэрняў, а потым да Навінцаў, Брушкаў. Добраўпарадкавалі машынны двор, тэрыторыі ферм.


Выручала вялікая колькасць трактараў, колавых і асабліва гусенічных ДТ-54 і Т-75, грузавых машын мелі 22, ЗІЛоў і ГАЗікаў. Рабочай сілы таксама хапала, працуючых за дзве сотні, шмат моладзі. Хлопцы пасля арміі як правіла заставаліся ў вёсцы, найперш імкнуліся стаць вадзіцелямі. Гэта Андрыян Жук, Анатоль Шаўлюга, Міхаіл Балаш, браты Ігар, Валерыян і Аляксандр Карніцкія, а таксама многія іншыя, хто і цяпер застаецца ў працоўным страі. А ў той час большасць грузавікоў і колавых трактараў амаль ўсю зіму вазілі тарфакрошку з радовішча ў Белеўцах на свае палі. Напал спаборніцтва вялікі, ды і зарабіць была магчымасць, многія тарактарысты нават паспявалі зрабіць па два рэйсы за кароткі дзень.


Пра адказныя адносіны да працы, выкананне працоўных абавязкаў можна гаварыць асобна. Цёплых слоў заслугоўваюць спецыялісты "старой загартоўкі", якія працавалі з маім папярэднікам Аленай Аляксееўнай. Гэта галоўны заатэхнік Соф'я Краська, галоўны аграном Валянціна Жук, галоўны бухгалтар Любоў Федарэц, галоўны эканаміст Ірына Томка. Потым ім на змену паступова прыйшло новае, не горшае пакаленне. На іншых участках выдатна зарэкамендавалі сябе прараб Вера Кучынская, галоўны энергетык Валерый Мядзелец і яго жонка — галоўны эканаміст Наталля, загадчык майстэрняў Васіль Рэдзька.


На ферме "Брушкі" склалася дынастыя даглядчыкаў Шаўлюгаў — Пётр і Расціслаў з жонкамі, а яшчэ Алена Красоўская. Не толькі з'яўлялася брыгадзірам, але і сама вырошчвала маладняк Ніна Сіцько. Гэтых людзей не патрабавалася правяраць ці кантраляваць. Строга вытрымлівалі распарадак і рацыёны, кармы — толькі праз вагі. І дабіваліся высокіх прываг! Такімі ж работніцамі слылі свінаркі Марыя Бондзікава, Валянціна Ліпская, Цэля Рамашка.


Працягваюць плённа працаваць загадчыкамі ферм у Навасёлках Таццяна Балаш, Ангеліна Капыльская ў Марынках і Баслаках. Майстрамі высокіх надояў сталі Наталля Рамашка, Таццяна Атміновіч, Наталля Жук, Валянціна Мядзелец, Марыя Балаш, Наталля Рудак…
Па насычанасці жывёлай наша гаспадарка пастаянна лідзіравала ў раёне, на 100 гектараў сельгасугодзяў мелі 112 галоў БРЖ, а ўсяго да 2500, на такую ж плошчу ворыва — 22 каровы. Гэта шмат, а яшчэ пэўны час утрымлівалі свінаферму ў 2000-2500 галоў, таму за год прадавалі да 360 тон мяса.


Такі вынік забяспечваўся цяжка, бо амаль заўсёды не хапала кармоў. Мы былі шматпрофільнай гаспадаркай, вырошчвалі дадаткова 60 гектараў бульбы, 80 га лёну. Збожжавых сеялі каля тысячы гектараў і пры ўраджайнасці 17 ц/га рэалізоўвалі 1100 тон зерня дзяржаве. Сабе заставалася толькі на насенне, а фураж даводзілася купляць. Вельмі выручалі тады цесныя ўзаемасувязі з Полацкімі камбінатам хлебапрадуктаў і піўзаводам.


Стала лягчэй, калі раён пайшоў насустрач і выдзеліў пад кармавыя культуры і пашы 118 гектараў угоддзяў суседняга калгаса "Шлях да камунізму", 100 га зямлі за Дзісёнкай ад "Сцяг перамогі", урочышча Мыслі ў 250 га з "1-га Мая", а потым і значную частку гэтай гаспадаркі. Яшчэ адмовіліся ад вырошчвання даўгунцу.


Ускладнілася сітуацыя з развалам СССР. Але і тады імкнуліся падтрымліваць сяльчан. Калі нашы дзелавыя партнёры не мелі грошай аплаціць пастаўленую прадукцыю, прывозілі для калгаснікаў высакаякасную муку, алей, нават крухмал. Сачыў, каб у даярак з дзецьмі заўсёды былі дровы хаця б з лясгасаўскіх абрэзкаў.


— І вось самая актыўная, дзелавая, творчая частка жыцця за плячыма. Якія высновы з яе для сябе зрабілі?
— Праца сельскага кіраўніка штодзённая і напружаная, без выхадных. А як пачнуцца масавыя цяленні ці "гарачы" перыяд сяўбы або жніва — нярэдка і без рэгулярнага сну. У такіх сітуацыях часта адкладваў нешта , як здавалася, не надта тэрмінова "на заўтра", "на потым". Потым аказвалася, што займацца гэтым ужо зусім позна. Цяпер шкадую. Дык вось парада: і пры пасадзе, і без яе трэба жыць без такога чарнавіка неажыццёўленага.


— У гэтым і жадаю поспеху. 

Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 93 276
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 68 209
  • 1

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 34 498
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 33 244
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 32 269
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 30 327
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 21 286
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 16 ноября 2018
Александр, Богдан, Василий, Викентий, Владимир, Иван, Илья, Иосиф, Кузьма, Николай, Павел, Петр, Сергей, Федор, Федот, Анна, Евдокия, Семен

Именины 15 ноября 2018
Константин

Госці краін
free counters
Партнеры сайта