Авторизация
 

Пятру Капусцёнку з Міёр хутка споўніцца 75

Петру Капустёнку из Миор скоро исполнится 75Пятру Нікандравічу Капусцёнку днямі споўніцца 75. У Міёрах яго яшчэ памятаюць на кіруючых пасадах у камунальнай службе, райсельгастэхніцы, райсельгасхіміі, на хлебазаводзе. І цяпер не толькі суседзі звяртаюцца, калі патрэбны высакаякасны мёд. Жыве адзін, два гады таму праводзіў у апошні шлях жонку Аду Аляксандраўну, з якой пражыў 49 гадоў. 

 

Зараз рады рэгулярным візітам дзяцей і ўнукаў, наведванням не такіх частых, як хацелася б, гасцей. Мяне, чалавека, з якім пэўны час працаваў у адной установе, сустрэў філасофскай ацэнкай адносін некаторых сучаснікаў да цяперашняй рэчаіснасці.
—Чалавек такі, што ён заўсёды незадаволены сваім існаваннем. Сцвяр-джае: адзін ён працуе, астатнія відавочна недапрацоўваюць. У нас і заробак не надта, і пенсія невялікая. Затое недзе далёка вельмі добра і ўсяго ўсім хапае. Але тэлевізар штодзень паказвае дэманстрацыі незадаволеных нават у багатых, па нашых уяўленнях, краінах і войны—у бяднейшых… Так, пенсіі і заробак павышаць трэба, прадукцыйнасць працы—таксама. Але паглядзіце, ці заўсёды мы актыўныя на вытворчасці і ў прадпрымальніцтве, у намаганнях па паляпшэнні свайго дабрабыту: на асабістых сядзібах бульбы сталі садзіць менш, парасят не гадуем, ад кароў адмаўляемся. Калісь усё гэта і старанні не толькі на рабоце дапамагалі выжыць, забяспечваць сем'і і ў больш складаных абставінах. Хто імкнецца жыць лепш, заўсёды знойдзе магчымасць і зарабіць, і падзарабіць.


—Пра сябе скажу, што лепш ніколі не жыў,—працягвае Пётр Нікандравіч.—З улікам 44-гадовага стажу атрымліваю салідную пенсію, калісь пабудаваў уласны дом з усімі зручнасцямі. За электраэнергію, прыродны газ, ваду, каналізацыю, вываз смецця, пакет тэлепраграм плачу да 80 рублёў у месяц зімой, а летам значна менш. Гэта не абцяжарвае мой бюджэт.


У поўнай адпаведнасці са сваёй жыццёвай праграмай дзейнічае і сам ветэран. Сам сябе абслугоўвае, з дапамогай сына і нявесткі, якія жывуць непадалёку, садзіць агародзік, хаця, сцвярджае, мяшка бульбы на зіму яму хапае. Не пустуюць два парнікі, цяпер радуюць раннімі радыскай і цыбуляй, пазней забяспечаць памідорамі і агуркамі. Аднак галоўны і шматгадовы клопат Пятра Нікандравіча—пчолы. Некалі даглядаў да 60 вулляў, цяпер—менш. Паспяхова перазімавалі ўсе 19 сем'яў. Але вясна для іх цяжкая, трэба даглядаць, падтрымліваць, вывозіць "на хутар".
Разумею, што жыццёвая філасофія і бытавое ўладкаванне, сямейныя адносіны—вынік засвоенай практыкі. А яна ў Пятра Нікандравіча багатая.

 

Першыя ўспаміны
Нарадзіўся Пётр Капусцёнак у звычайнай сялянскай сям'і ў Вялікай Глінаўцы, ад якой цяпер засталася толькі адна хата. Яму было два гады, як вёску выпалілі немцы ў час карнай экспедыцыі супраць партызан. Згарэў і іх дом. Пагарэльцаў часова прытуліла бабуля, бацькава маці, у Сушках. Але здарылася гора,—бацька памёр, і нявестцы з двума дзецьмі, дачкой і сынам, не знайшлося месца ў шматдзетнай сям'і свекрыві. Жыллё ёй прадаставіў брат у трэцім калене—Аляксандр Грэцкі, што жыў у амшары за Якубаўшчынай. Яго хата стаяла на водшыбе за ляском, яе не заўважылі карнікі і не спалілі. Неўзабаве радня дапамагла маладой удаве паставіць зруб у Вялікай Глінаўцы. Добра, што бярвенні для яго яшчэ паспеў нарыхтаваць бацька. Адсюль Пётр у 1949 годзе пайшоў у першы клас Крукаўскай сямігодкі.


Дарэчы, Пётр Нікандравіч нагадвае, што Аляксандр Тарасавіч Грэцкі быў не толькі добрым, але і адукаваным чалавекам. У 50-х гадах нават нейкі час працаваў у рэдакцыі раённай газеты. Шкада, што час сцёр памяць пра калегу.


Працоўны пачатак
Тады працоўная дзейнасць пачыналася рана, для большасці вясковых падлеткаў—адразу пасля заканчэння сямігодкі. Паўсюль былі створаны калгасы, усе дзеці таксама лічыліся членамі калектыўных гаспадарак. Укаранялася механізацыя, таму моладзь імкнулася асвоіць тэхніку. Па гэтым шляху пакрочыў і Пётр. Ад калгаса Мічурына накіраваны прыцэпшчыкам у Міёрскую МТС, якая размяшчалася ў Клётавым Двары. Аднак працаваў ён на "сваіх" палях паблізу родных мясцін з братамі Рымдзёнкамі на колавым "Універсале", Міхаілам Барылкам і Іванам Грэцкім на КД-35, Андрэем Грэцкім з Франопаля на гусенічным ДТ-54.


Прыцэпшчык абслугоўваў не надта дасканалыя тады сеялкі і замяняў цяперашнюю гідраўліку на плугах. Седзячы на нязручным металічным сядзенні цэлымі суткамі (менаві-та столькі працягвалася рабочая змена), трэба было рэгуляваць заглыбленне лемяшоў у залежнасці ад віду і вільготнасці глебы, перад разваротам спецыяльным рычагом уздымаць іх над паверхняй, а яшчэ дапамагаць трактарысту абслугоўваць і рамантаваць тэхніку. І так на працягу чатырох гадоў.


Але атрымаць спецыяльнасць механізатара хацелася. У сямнаццаць гадоў Пётр паімкнуўся паступіць у Браслаўскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі №32 у Опсе. Пасля года вучобы выдаваўся атэстат трактарыста-машыніста шырокага профілю з правам працаваць трактарыстам, камбайнерам і слесарам. Выбар быў невялікі: атрымаць накіраванне калгаса і потым вярнуцца ў сваю гаспадарку з амаль пустымі працаднямі ці зга-дзіцца на вучобу ў групе №10, выхаванцаў якой потым накіроўвалі на цаліну. Далёкая цаліна, пра якую так рамантычна апавядалі радыё і кіно, пужала вясковага хлопца менш…


Праўда, узніклі пэўныя праблемы. 15 красавіка Пётр пачаў вучобу, а калі вярнуўся на першамайскія святы дадому, даведаўся, што калгас у пакаранне за яго свавольства "абрэзаў" паўгектарны прысядзібны ўчастак, з якога маці і сястра практычна і жылі, па вуглы дома. Прыбіральня апынулася на калгаснай тэрыторыі. Кінуўся малады курсант за паратункам у райкам партыі, ды безвынікова. Тады напісаў заяву ў Маладзечанскі абкам. Ужо потым даведаўся, што прыязджаў прадстаўнік з вобласці, на пасяджэнні праўлення сельгасарцелі скаргу разгледзілі, маці агарод вярнулі.


Петру Капустёнку из Миор скоро исполнится 75Цаліна
Вясной 1960-га Пётр, а яму і да 18-ці гадоў некалькіх месяцаў не хапала, у скла-дзе сваёй групы маладых механізатараў шырокага профілю аказаўся ў саўгасе імя Кутузава Іртышскага раёна Паўладарскай вобласці. Ішоў пяты год асваення цаліны, папаўненне жыло ўжо не ў палатках, а ў інтэрнаце. Трапілі юнакі з Беларусі прама на пасяўную. Рабочая змена доўжылася па 12 гадзін, але і пасля яе надрыўны гул дызельнага рухавіка доўга не заціхаў у вушах. Палі вялікія — ад 4 да 9 кіламетраў у адзін бок, аралі і ноччу. У адну такую начную змену заўважыў малады трактарыст, што раптам не стала ціску масла. Прыпыніўся і ўгледзеў пад трактарам лужыну. Заглушыў рухавік і кінуўся пешшу па дапамогу на цэнтральную сядзібу. Стэп вялікі і незнаёмы, давялося паблукаць. Як развіднела, на тросе прыцягнулі яго трактар да майстэрняў. Аказалася, што пацёк масляны радыятар. "Без масла працаваў?" — першае, што спытаў механік. Адказ "не" вельмі павысіў аўтарытэт маладога трактарыста. Значыць, не загубіў рухавік, што нярэдка здаралася і ў больш вопытных работнікаў. Потым яму даверылі весці сяўбу. Два тыдні на гусенічным ДТ-54 цягаў па бяскрайніх палях счэпку з трох сеялак. Нярэдка на трактары з'яўляўся чырвоны сцяжок пераможцы спаборніцтва.


Але адразу пасля сяўбы скіраваўся на чатырохмесячныя курсы ў Іртышскую аўташколу, бо надта карцела стаць шафёрам. Аднак гэта не перашкодзіла папрацаваць у тым жа саўгасе ў час жніва на камбайне СК-4М. Машына новай мадыфікацыі, але са старым карбюратарным ЗІЛаўскім маторам. Вось на ёй з падборшчыкам абмалочваў валкі пшаніцы. Уборка атрымалася цяжкая, часта ішоў дождж, зерне прарастала ў каласах і дрэнна вымалочвалася…


Потым паспеў папрацаваць вадзіцелем ГАЗ-93 на Іртышскай аўтабазе №16.


Петру Капустёнку из Миор скоро исполнится 75За рулём і не толькі
Практычныя навыкі ваджэння машыны вызначылі ваенную спецыяльнасць Пятра Нікандравіча, калі прызвалі на службу ў войска. Адметна, што трапіў назад у Беларусь, у Барысаве ў спецроце па перавозцы танкаў "у зону баявых дзеянняў" стаў вадзіцелем спецыяльнага цягача. Пры звальненні ў запас (служыў роўна тры гады з лістапада да лістапада) накіравала маладосць у далёкі свет па камсамольскай пуцёўцы. Разам з многімі саслужыўцамі пасля ўрачыстых праводзін падаўся ў Хакаскую аўтаномную вобласць Краснаярскага краю будаваць дарогу Абаза — Актаўрак праз Саянскія горы. Дарэчы, там непадалёку і знакамітае Шушынскае, дзе знаходзіўся ў ссылцы Ленін.


Аднак на месцы аказалася, што самыя запатрабаваныя рабочыя ў Абаканскі жалезны руднік, дзе здабывалі руду на глыбіні ў 380 метраў. І стаў беларус бетоншчыкам-мацавальнікам.

 

Спачатку страшна было, бо над галавой пастаянна вельмі нетрывалае каменнае месіва, якое трэба замацаваць бетонам. Вытрымаў да вясны, потым разам з земляком Мікалаем Сушко, будучым ДАІшнікам, скіраваўся бліжэй да дома. Абодва ўладкаваліся ў Полацкі таксапарк. Пётр станоўча зарэкамендаваў сябе на адразу даверанай старой "Волзе", атрымаў навейшую. Потым быў накіраваны на абслугоўванне жыхароў Міёр, у родныя мясціны. Нагадвае, што іншы раз днямі прастойваў у райцэнтры, потым на ноч гледзячы імчаў на Віцебск ці Мінск. Ва ўсякім выпадку планы фінансавыя выконваў, забяспечваў высокі каэфіцыент аплочваемага і "пустога" прабегу машыны. Больш таго, нагледзеў будучую жонку, яго каханая Ада працавала касірам на аўтастанцыі ў Дзісне. Як пабраліся шлюбам, яна і вызначыла будучую змену дзейнасці: таксіст дома па начах часта не бывае.


Міёрскі выбар
Разам вырашылі на пастаянна прыпыніцца ў Міёрах, а Пётр стаў вадзіцелем у райсельгастэхніцы. Атрымаў старэнькі і маленькі (толькі двухтоннік!) самазвал ГАЗ-93. Цалкам разабраў яго ля плота, усё зношанае замяніў, і пачала машына хадзіць у далёкія рэйсы. Праз сем месяцаў прыгнаў з Мыцішч пад Масквой новенькі ЗІЛ-555, таксама самазвал. На ім развозіў розныя грузы па гаспадарках раёна, ездзіў і далей. Нягледзячы, што расла сям'я, закончыў вячэрнюю школу рабочай моладзі і паступіў у Мінскі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, як старанны работнік і актывіст стаў членам КПСС. Вось гэтыя абставіны паўплывалі на далейшыя перамены. У 1972-м яго прызначылі начальнікам камбіната камунальных прадпрыемстваў, які тады лічыўся аддзелам райвыканкама.


—Гэты камбінат у той час займаўся тым жа, што цяпер выконвае камунальная служба, УП ЖКГ, толькі ў меншых аб'ёмах,—працягвае ўспаміны Пётр Нікандравіч.—Праводзілі капрамонт жылля, вялі добраўпарадкаванне горада і рыхтавалі яго да святаў, абслугоўвалі водаправод і каналізацыю… У першы ж дзень кіраўнічай работы давялося выконваць прадпісанне санэпідэмслужбы па навядзенні парадку на гарадской звалцы ля Гір'ят, прыехаў туды следам за бульдозерам, а там такі вэрхал, смурод! Адразу думка: куды я трапіў, маючы на ўвазе сваю новую і будучую працу. Але паступова ўсё стала на сваё месца. Памятаю, асенізацыйная машына ў горадзе ўжо была, атрымалі першы смеццявоз. "Прабіў" рашэнне райвыканкама, каб правесці капрамонт і замяніць мэблю ў гасцініцы (без гэтага дакумента тады райспажыўсаюз не мог прадаць патрэбнае па безнаяўным разліку). Упершыню заміргала гарадская навагодняя елка, абсталяванне па маёй просьбе зрабіў начальнік РЭС Яраслаў Гаравец. Правялі першае добраўпарадкаванне набярэжнай: падсыпалі бераг возера гравіем, які ўмацавалі дзярнінай і паверсе заасфальтавалі пешаходную дарожку… З усім справіцца дапамагаў малады аптымізм.


Ініцыятыўнага работніка заўважылі. Пётр Капусцёнак стаў інструктарам аргаддзела райкама партыі. Толькі змена дзейнасці аказалася занадта радыкальнай, Пётр Нікандравіч праз год адмовіўся ад "папяровай" працы, паддаўся на прапанову нядаўняга суседа па кабінеце Алега Барка, які перад гэтым быў прызначаны дырэктарам саўгаса "Міёрскі", папрасіўся галоўнам інжынерам у гэтую гаспадарку. Тады лічыў сябе ў першую чаргу тэхнічным работнікам. Цяпер разважае, што рабіць так не варта было, вельмі ўжо розныя яны па характарах з Алегам Пятровічам. Таму праз пэўны час і з некалькіх прапаноў ад райкама партыі выбраў блізкую па душы працу інжынера тэхнолага-дыягноста ў райсельгастэхніцы. Тут даводзілася мець справу з новай тэхнікай, разбірацца, чаму здарылася паломка дэталі ці агрэгата ў гарантыйны тэрмін эксплуатацыі. Падрыхтоўкі для гэтага хапала, бо закончыў БІМСГ з дыпломам інжынера-механіка, атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю.
Напэўна, час тады быў такі, і кадры кіруючых работнікаў ды спецыялістаў райкам партыі тасаваў па-свойму. Таму стаў Пётр Нікандравіч на дзевяць гадоў галоўным інжынерам, адначасова сакратаром партарганізацыі райсельгасхіміі. На той час гэта была вялікая арганізацыя, мела 120 трактараў і 80 грузавых машын, калектыў у тры сотні чалавек, у ліку якіх з паўсотні камуністаў. Тэхнічны бок справы ведаў добра, авалодаў і майстэрствам працы з людзьмі. З улікам гэтага не раз прапаноўвалі кіруючыя пасады ў калгасах і на прадпрыемствах. Але ўтрымлівала сям'я, будаваў уласны дом…


—Сям'я—галоўнае для чалавека,—лічыць Пётр Нікандравіч.—Я са сваёй Адай Аляксандраўнай выхаваў двух сыноў, старэйшы Саша жыве ў Віцебску, малодшы Віктар—непадалёку. Мая гордасць—старэйшы ўнук Павел, ён ужо жанаты, мінчанін; мая радасць—меншыя Мацвейка і Машанька, міёрскія трэццякласнікі.


Толькі ў 44-гадовым узросце Пётр Нікандравіч даў згоду ўзначаліць хлебазавод . Там спраў таксама хапала: заканчваў будаўніцтва склада бястарнага захоўвання мукі, арганізоўваў рамонт канторы і ўладкаванне бытавых памяшканняў, займаўся ўстаноўкай ліній па выпуску падавога хлеба і пячэння, пераносіў кандытарскі цэх. Але асабліва ганарыцца, што змог дабіцца будаўніцтва 24-кватэрнага дома для сваіх работнікаў. І гэта пры калектыве ў сто чалавек.


Да "заслужанага адпачынку" рыхтаваўся грунтоўна. Найперш, загадзя падабраў сабе справу па душы—пчалярства. Па кнігах і гутарках з вопытнымі пчалярамі разабраўся з тэорыяй і тэхналогіяй. Уласнымі рукамі вырабіў першыя 19 вулляў і ўвесь патрэбны рыштунак. Потым паступова павялічваў пчальнік. Цяпер сам гатовы даваць каштоўныя парады пачынаючым. Самым галоўным лічыць любоў да справы і пчол. "Я ніколі не заб'ю пчолку, калі заляцела ў хату—абавязкова акуратна злаўлю і выпушчу". А як інакш, у пчалінай сям'і дакладнае размеркаванне абавязкаў, рабочая жыве ўсяго 30-40 дзён, ёй працаваць трэба. Іншыя толькі адолеюць зіму і падрыхтуюць сабе замену. Таму да халадоў трэба нарасціць расплод. З сотамі, поўнымі мёду, маленькая сям'я не перазімуе.


Што пчалярства для чалавека? Найперш, вялікая і пастаянная праца. Але яна акупляецца каштоўнымі натуральнымі прадуктамі для сябе і на продаж. Бывала, у лепшыя гады рэалізоўваў Пётр Нікандравіч па 1-1,2 тоны мёду. Не, на рынку яго ніхто не бачыў, а дома цана значна ніжэйшая. Падтрымліваў сувязі з аптовым пакупніком. Сваіх, сяброў салодкім пачастункам адорваў . Вядома, такая шчодрасць вынікала з таго, што атрыманая ад рэалізацыі прадуктаў пчалярства сума дазваляла не надта абмяжоўваць сябе ў выдатках. Адрамантаваў дом, замяніў у ім вокны і дзверы. Купіў "Рено", каб на працягу некалькіх гадоў штодзень вазіць унучкоў-двайнятак у школу, і спраўляўся з дзядулеўскім абавязкам без "прагулаў". Потым перадаў яго разам з машынай сыну. Мае транспарт для перавозкі вулляў.


—Пётр Нікандравіч, Вы лічылі сябе тэх-нічным чалавекам, а цяпер размова амаль толькі пра новае захапленне на схіле гадоў—пчол…
—Нічога падобнага, з тэхнікай таксама ніколі не развітваюся. Свой "аўтапарк" абслугоўваю, даглядаю і рамантую па-ранейшаму толькі сам. Цяпер на парадку дня аднаўленне старэнькай "Волгі"—усё ж рарытэт, якім можна ганарыцца.


—Наогул, радуюся ўсяму, чым займаюся,—працягвае размову ветэран.—Што да пчалярства, яно дазваляе пастаянна быць на прыродзе, дыхаць водарам кветак. Цяпер ведаю, калі зацвітаюць не толькі чаромха, бэз ці клён,—літаральна кожная раслінка. Само паветра на пчальніку лячэбнае, дапамагае ўратавацца ад многіх хвароб. А мёд, пропаліс, пярга, матачнае малачко, нават падмор і пчаліны яд—усё дапамагае ўмацоўваць здароўе.
Мінулы 2016 год для ўсіх пчальнікоў выдаўся неспрыяльным, медазбор добра калі склаў толькі трэць звычайнага. Аднак для Пятра Нікандравіча і гэта каля 300, калі не больш кілаграмаў. Таму дае параду пытацца ў пчаляра не колькі ў яго вулляў, а колькі мёду атрымлівае.
Сёлетняя вясна таксама не парадавала. Пчолы затрымліваюцца ў развіцці на 2-3 тыдні. Ужо раіцца трэба, а яны яшчэ і сем'і не нарасцілі, падкормкі некаторыя патрабавалі.
Цяжкія ў пчаляра заробкі. Але Пётр Нікандравіч вынікамі ўласных намаганняў задаволены.

 

  • На здымках: Юныя   беларусы  на   цаліне. П. Капусцёнак у першым радзе крайні справа. 
  • П. Капусцёнак з малодшым сынам наведваў старэйшага, калі той служыў у войску.
скачать dle 11.3
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 75 482
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 32 334
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 12 107
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 10 891
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 10 874
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 9 891
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 3 785
  • 2
Курс валют в Беларусь
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 августа 2017
Алексей, Антон, Григорий, Дмитрий, Иван, Леонтий, Макар, Матвей, Петр, Самуил, Юлиан, Ирина, Маргарита, Мария, Яков

Именины 21 августа 2017
Герман, Григорий, Емельян, Иосиф, Леонид, Мирон, Моисей, Николай, Федор

Госці краін
free counters
Партнеры сайта