У склепе – ягады, а у свiране – збожжа

 На экалагічным свяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» гучаць фанфары і ў гонар перадавікоў уборачнай кампаніі 2022 года. Нам ёсць кім ганарыцца. У жніве ўдзельнічалі 59 камбайнераў, 13 з якіх перасягнулі тысячны рубеж, агульны намалот у раёне склаў амаль 45 тысяч тон пры сярэдняй ура- джайнасці 24,2 цэнтнера з гектара. Леташнія паказчыкі – 32 618 тон і 21,1 цэнтнера на круг.

 

Лёгкага хлеба не бывае. Каб сабраць ураджай, яго трэба вырасціць: падрыхтаваць глебу, загарнуць у яе насенне, правесці серыю работ па доглядзе за культурамі. Усё гэта – карпатлівая сумесная праца земляробаў. Уборачная кампанія – усеагульная задача, пры выкананні якой важныя тэмп і якасць. Адказных за гэта шмат, але галоўныя героі – камбайнеры і вадзіцелі, якія зранку да позняга шчыруюць на палях, каб напоўніць засекі. Хто ў раённым спісе перадавікоў, пацікавіліся ў намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрыя Міхалківа:

– Многія імёны, хто перасягнуў па намалоце тысячны рубеж, на слыху. Гэта Віктар Яблонскі і Аляксандр Баршчэўскі з ВУПКУ «Міёрскі», Ігар Станкевіч з ААТ «Туркова», Анатоль Сачыўка з СУП «Цітова», Мікалай Качан з ААТ «Пад’ельцы», Уладзімір Глебка з «Мікалаёўскага», Дзмітрый Немянёнак з павяцкай гаспадаркі, Павел Дарашкевіч з язненскай. Тройку лідараў на жніве склалі Віктар Шыман з КУП «Язна», Юрый Мутар з філіяла «Павяцце» і Уладзімір Талапіла з СУП «Цітова». Яны ўбіралі ўраджай на збожжаўборачных камбайнах «Палессе».

У Ігара Гаўрыловіча з СУП «Чэрасы» найвышэйшы намалот у раёне – 2 300 тон, яго забяспечыў на «Нью Холанд». Агрэгат вялікай магутнасці, хуткі ў рабоце, убірае зерне з мінімальнымі стратамі. Выпрацоўка на ім мае іншыя характарыстыкі вытворчасці, таму вышэйпералічаныя механізатары не канкурэнты яго кіроўцу.

 

Роля вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў падчас уборкі, таксама важная.

 

– Сапраўды. Прамарудзіў ці зламаўся па дарозе ў поле – камбайны вымушаны пра- стойваць, губляючы каштоўны час, і на зернесушыльным комплексе саб’ецца ўвесь рытм работы. Вось і атрымліваецца, што вадзіцель грузавіка – таксама галоўны ва ўсёй уборачнай кампаніі, ад якога залежыць бесперабойная работа ў сістэме. Сёлета ў раённым спаборніцтве сельгасвытворцаў у сваёй намінацыі пераможцамі сталі Арцём Кадушкевіч з ААТ «Туркова», Дзмітрый Белавус з «Узмёнскага краю» і Станіслаў Невядомскі з ВУПКУ «Міёрскі». Сярод маладых вадзіцеляў вылучыліся Аляксандр Осіпаў з СУП «Цітова» і Руслан Апалька з ААТ «Пад’ельцы».

Усе аграрыі, занятыя на ўборцы, – малайцы, ім глыбокая прыязнасць за працу, адданасць роднай зямлі і абранай справе.

 

Жніво – сур’ёзнае выпрабаванне для гаспадарак, рэальная ацэнка працы на прафесійную прыдатнасць. Каго будуць услаўляць на «журавінавай» сцэне.

 

– Пры ўсіх складанасцях у раёне экзамен па ўборцы вытрымалі. А тройку лідараў па яе тэмпах і ўраджайнасці склалі СУП «Цітова», ААТ «Туркова» і філіял «Павяцце». Іх кіраўнікоў узнагародзяць сёння на свяце. Больш маштабныя мерапрыемствы па ўшанаванні ўсіх перадавікоў жніва разгорнуцца ў лістападзе на святочнай сцэне з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

 

Напал спаборніцтва крыху сціх, але на палетках раёна яшчэ шмат работы.

 

– Так, восенню ўбіраем бульбу, кукурузу, у разгары азімая сяўба. Цяпер закладваецца аснова пад будучы ўраджай. Гэта разумеюць працаўнікі сяла, таму прыкладаюць пэўныя намаганні, каб з годнымі вынікамі завяршыць і наступны год. Дзякую ўсім за высокую адказнасць, прафесіяналізм, уменне ажыццяўляць  намечанае і жадаю галоўнага – моцнага здароўя. З добрым самаадчуваннем усе задачы нам будуць па плячы.


Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.