Единый день информирования сегодня проходит в Узменском сельсовете

 Шлях Беларусі ад вызвалення да незалежнасці, ахова здароўя і здаровы лад жыцця, бяспечныя паводзіны, пажарная бяспека і шэраг іншых пытанняў былі ў цэнтры ўвагі на Дні інфармавання, які ў мінулы чацвер ахапіў тэрыторыю Узмёнскага сельсавета. Інфармацыйныя групы выступілі перад працоўнымі калектывамі і насельніцтвам, выслухалі іх прапановы і ўзялі пытанні на кантроль.

Ад вайны да міру

На сустрэчу ў дыспетчарскую ААТ «Узмёнскі край» завітала інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Жука. Ён заўважыў, што з гадамі набывае асаблівую значнасць подзвіг савецкіх грамадзян, якія гераічна адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы. Задача старэйшага пакалення – зрабіць так, каб моладзь разумела цану гэтай перамогі і не дазваляла перапісваць гісторыю.

Выключнае значэнне для беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны мела наступальная аперацыя «Баграціён». Таму невыпадкова датай незалежнасці выбраны дзень вызвалення рэспублікі. 3 ліпеня – сімвал свабоды і любові да Радзімы.

Звыш 260 лагераў смерці дзейнічала на тэрыторыі Беларусі. Па ўдакладненых дадзеных, загінуў кожны трэці беларус. У Міёрах не стала больш за 700 чалавек, у Дзісне – 3800. У рамках расследавання крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны Генеральная пракуратура працягвае выяўляць раней не вядомыя выпадкі зверстваў фашыстаў.

Ваеннае ліхалецце навучыла нас цаніць мір і незалежнасць. Але не менш важным выпрабаваннем для народа стаў перыяд станаўлення Беларусі як незалежнай дзяржавы. Сёння яна дынамічна развіваецца і займае лідзіруючыя пазіцыі па многіх сферах на сусветнай арэне.

На высокую якасць прадукцыі міёрскіх вытворцаў звярнуў увагу старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба ў гутарцы з насельніцтвам у Даўгінаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

 Аснова асноў – бяспека

Кіраўнік раёна Сяргей Сямёнычаў правёў асабісты прыём грамадзян ва Узмёнскім сельвыканкаме. Узяў на кантроль пытанні падтаплення дамоў па вуліцы Кірава, дзе неабходна правесці акювечванне, і вывазу смецця з аграгарадка. Тут на дапамогу камунальнікам можа прыйсці мясцовая гаспадарка, з якой неабходна заключыць дагавор.

У размове з насельніцтвам ва Узмёнскім СДК Сяргей Алегавіч акцэнтаваў увагу на ахове жыцця і здароўя насельніцтва. Немалаважны фактар у гэтым накірунку – ахова працы.

Пра пажарную бяспеку расказаў выратавальнік Уладзімір Рачыцкі. Прывёў статыстыку: з пачатку года ў рэспубліцы здарылася 2 790 пажараў, дзе загінуў 281 чалавек. У раёне зафіксавана 13 загаранняў, гібелі не дапушчана. Асноўныя прычыны пажараў – неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і электрапрыбораў, а яшчэ дзіцячае свавольства з агнём.

Лета – самы час правесці рэвізію пячнога і прыбораў ацяплення. Дапамагчы ў гэтай справе пажылым бацькам і суседзям. Абавязкова абсталяваць кожны пакой пажарным апавяшчальнікам.

Пытанні кібербяспекі асвятліў першы намеснік начальніка

РАУС Святаслаў Паніч. Раіў не размаўляць з незнаёмцамі, якія просяць рэквізіты банкаўскай карткі і асабістыя дадзеныя, нават калі прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка ці праваахоўнікамі. І ні ў якім разе не пераходзіць па спасылках, якія яны адпраўляюць.

 Перш за ўсё – здароўе 

Пра магчымасці ў медыцынскім абслугоўванні для жыхароў раёна расказала галоўны ўрач ЦРБ Алена Сівая. Нагадала, што ахова здароўя Міёршчыны прадстаўлена раённай бальніцай, Дзісненскай БСД, чатырма амбулаторыямі і 23 ФАПамі. Хутка пойдзе ў водпуск па доглядзе за дзіцём фельчар са Слабады, але вяскоўцы без меддапамогі на застануцца.

Цяпер намаганні медыкаў скіраваны на дыспансерызацыю. На працягу года належыць забяспечыць яе праходжанне не менш за 90 % дарослага насельніцтва. Першы этап – анкетаванне – выявіць фактары рызыкі. Такім чынам пасля апытання 5,5 тысячы жыхароў Міёршчыны высветлілася, што 4,5 тысячы іх маюць. Па захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, анкалагічных і цукровым дыябеце – звыш 1 тысячы.

Алена Фёдараўна расказала, што нядаўна на ўчастку працаваў перасоўны флюарограф. Магчымасцю прайсці яго скарысталася толькі 70 % насельніцтва.

Ёсць на Міёршчыне праблемы з медыцынскімі кадрамі. Яны паступова вырашаюцца. Напрыклад, з 1 жніўня прыступіць да работы малады спецыяліст-хірург, адновіць сваю дзейнасць хірургічнае аддзяленне.

Часам насельніцтва скардзіцца, што немагчыма трапіць да ўрача. Яны працуюць з 8.00, а ў аўторак і чацвер – і ў другую змену. Запісацца можна і праз рэгістратуру, і самастойна праз сэрвіс talon.by. Усіх урачоў магчыма прайсці за адзін дзень, за выключэннем ультрагукавога даследавання.

Пра метады барацьбы з кляшчамі нагадала спецыяліст РЦГЭ Ірына Кім.

 Алена Вароніна.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий