Прафесійнае свята работнікі фізічнай культуры і спорту адзначылі ў Міёрах
gazeta 22-05-2023, 16:20 97 Гарачыя падзеі
Сваё прафесійнае свята работнікі фізічнай культуры і спорту ў мінулую суботу адзначылі на гарадскім стадыёне ў Міёрах. Тут адбылася ўрачыстасць з віншаваннямі і ўзнагародамі, прайшлі спартыўныя спаборніцтвы з новымі поспехамі і перамогамі.
Прыемны падарунак зрабіла работнікам спартыўнай сферы і аматарам актыўнага ладу жыцця надвор’е. Сонейка, лёгкі вецярок, умераная цеплыня. Тое, што трэба, для спартыўных спаборніцтваў.
З віншаваннямі завіталі на ўрачыстую пляцоўку старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Падзява. Адзначалі важную ролю спорту для здароўя нацыі, што з’яўляецца асновай моцнай эканомікі і паспяховай дзяржавы. Рэкамендавалі кожнаму займацца фізкультурай па меры сіл і магчымасцяў.
– Спорт – гэта здароўе, прыгажосць, бадзёрасць, – падкрэсліла Аксана Айвараўна.
Пастаянны складнік любой святочнай урачыстасці – уручэнне ўзнагарод. Старшыня райвыканкама аб’явіў падзяку дырэктару Міёрскай ДЮСШ Святлане Матуль. Дыпломы і кубкі ўручылі пераможцам круглагадовай спартакіяды сярод арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Трэцяе месца ў каманды аддзела па адукацыі, на другім – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, першае ў Міёрскага раёна газазабеспячэння. У спартакіядзе сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на першай пазіцыі ААТ «Узмёнскі край», другая ў ВУПКУ «Міёрскі», замыкае тройку лідараў ААТ «Туркова».
Нашых лёгкаатлетаў, футбалістаў, валейбалістаў, баксёраў ведаюць у вобласці і рэспубліцы. Імі ганарыцца Міёршчына. Нават калі вяртаюцца са спаборніцтваў не з тым вынікам, на які разлічвалі, сваімі працай і стараннем імкнуцца да перамог, заўважыла загадчык сектара спорту і турызму Ларыса Малецкая. Нагадала, што ў мінулым годзе 56 аматараў спорту розных узростаў і прафесій здавалі нарматывы дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Па іх выніках залатыя значкі «Фізкультурнік Беларусі» атрымалі супрацоўніцы міжгаліновага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Валянціна Бялевіч і Алеся Турзёнак.
– Бег паўтара кіламетра, прыжкі з месца, нахілы ўперад… – пералічвае пройдзеныя іспыты Алеся. – Нам прапанавалі паўдзельнічаць, вырашылі паспрабаваць. Паказаць сябе, праверыць, што мы можам. На такі вынік нават не разлічвалі. Што да спорту ў паўсядзённым жыцці, практыкую вячэрнія прабежкі.
– Усё свядомае жыццё займаюся спортам. Наведваю заняткі ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Цяпер гэта ёга, вельмі ўдзячна трэнеру Кацярыне Курдутавай, – расказвае Валянціна. – Фізічная актыўнасць дорыць бадзёры настрой, дапамагае трымаць сябе ў форме і перамагаць хваробы.
На бронзавыя, сярэбраныя і залатыя значкі «Фізкультурнік Беларусі» здалі нарматывы дзевяць супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Пасля ўрачыстасці спартсмены і балельшчыкі разышліся па пляцоўках, дзе праходзілі спаборніцтвы па дартсе, лёгкай атлетыцы, паркавым валейболе.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.