Галоўная > Грамадства > нет заглавия на бел языке

нет заглавия на бел языке


31-12-2011, 10:31. размясціў: gazeta

“Молада, але не зелена”

 

"Молодо, но не зелено" Шырока расчыненыя дзверы залы тэрытарыяльнага цэнтра з нецярпеннем чакалі запрошаных гасцей. Пяць сем’яў з раёна прыбылі на сустрэчу клуба маладой сям’і, што праходзіла пад дэвізам “Молада, але не зелена”. Усе яны нечым сваім адметныя і цікавыя. Віталі іх на ўваходзе арганізатары і вядучыя мерапрыемства начальнік аддзела ЗАГС Ірына Леанідаўна Гушча, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Уладзіміравіч Радзіхоўскі, старшыня раённай арганізацыі ГА “Чырвоны Крыж” Ганна Віктараўна Ліскова.

 

З цёплымі словамі звярнулася да маладых сямейных пар намеснік старшыні райвыканкама Марыя Мікалаеўна Баніфатава. Знаёмства ў гульневай форме правяла псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Ала Генадзьеўна Федарэц. На першую літару свайго імя называлі характэрную для сябе рысу, а ў дадатак — чаго кожны чакаў ад мерапрыемства, а гэта добрага настрою, новых знаёмстваў і сяброўства, адпачынку ад будняў.

 

Ірына Леанідаўна Гушча, вобразна кажучы, выпраўляе ў доўгі добры шлях сямейнага жыцця кожную пару, таму спынілася на кожнай ячэйцы асобна. У Дзмітрыя Іванавіча і Наталлі Уладзіміраўны Лакоткаў з в. Слабада падрастаюць дзве дачушкі Дзіяна і Ліліяна. Гаспадар сямейства неаднаразова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх “Дажынках” як лепшы камбайнер, а двойчы займаў самыя высокія прыступкі — першыя месцы. Ад цямна і да цямна заняты ў гарачую пару на полі, з малых гадоў узяўшы прыклад з таты Івана Іосіфавіча, які таксама ў перадавіках гаспадаркі.

 

Музычным талентам славіцца сям’я Сяргея і Вольгі Шукоў з Паташні, яны расцяць траіх дачушак — Дашу (ужо студэнтка), Жэню і Сафію. Творчыя і таленавітыя людзі, яны пастаянныя ўдзельнікі святочных праграм, аглядаў-конкурсаў. Сяргей і Вольга не шкадуць ні сіл, ні сродкаў, каб даць развіццё сваім дзецям. Раней Дашу вазілі на заняткі ў Міёры ў музычную школу, цяпер Жэню, Сафійка яшчэ пакуль маленькая, у яе ўсё наперадзе. Дарэчы, Даша і Жэня неаднаразова радавалі гледачоў раённай сцэны дуэтнымі выступленнямі. Сяргей і Вольга на спатканне прывезлі з сабой пачастунак ад бабулі — пірог, спечаны ў печы.

 

Уладзімір і Наталля Кабякі выдатна абаранілі годнасць не толькі Міёршчыны, але і Віцебшчыны на рэспубліканскім этапе конкурсу сярод маладых сем’яў “Валадар сяла”, дзе занялі трэцяе месца. Дапамагалі ім у гэтым  дзеці — Іван і маленькая Вікторыя, якой толькі тры гадкі.

На жаль, галава сям’і Марціноўскіх Яўген быў заняты на рабоце, але на сустрэчу прыйшла яго жонка Ларыса з дачушкай Златай. Людзі спартыўныя, і добрыя вынікі паказвалі на турыстычных злётах не толькі раённага ўзроўню, але і абласнога.

 

"Молодо, но не зелено" Міхаіл і Рэгіна Букісы ўдзельнічалі ў раённым конкурсе маладых сем’яў “Гаспадар зямлі”, дзе атрымалі ўзнагароду ў намінацыі “Артыстызм і згуртаванасць”. Вылучаецца пара на сцэне РДК танцавальным талентам, а развівае яго Рэгіна. Яна яшчэ кіруе харэаграфічным маладзёжным калектывам “Новы погляд”.  Дарэчы, іх дачушцы Елізавеце споўніліся нядаўна тры гады.

 

Сапраўды, на сустрэчу прыйшлі не выпадковыя людзі, кожная ячэйка, звязаная ланцужком любові, адметная чымсьці сваім — спартыўнасць, артыстызм, музычнасць, працалюбства.

Далей вядучыя задавалі розныя пытанні ўдзельнікам сустрэчы. Цікава, што галоўная “зброя” ў цудоўнай паловы розная: у адных усмешка і пяшчота, у іншых — націск і камандны голас. Такая ж сітуацыя і з малюнкам “Муж на канапе”, адны бачаць часта, іншыя — мараць такое пабачыць, бо муж пастаянна на працы. Называлі па літарах алфавіта кампліменты ў конкурсе “Джэнтэльмены і ледзі”, а перамагла дружба.

 

Людзям нашага мабільнага стагоддзя аказалася нялёгка будаваць зносіны жэстамі, калі трэба было задаць пытанні жонцы, якая знаходзіцца ў радзільным доме, а тэлефона няма. “Гутарка жэстаў” выглядала дастаткова цікава і займальна.

Кажуць, што муж і жонка нават не сваякі, а чужыя людзі. Удзельнікам сустрэчы атрымалася даказаць адваротнае. Працяг выразу “мы з табой адной крыві” дапаўняўся наступнымі словамі: таму што ў нас ёсць дзеці, кахаем адзін аднаго, таму што падобныя адзін на аднаго.  

 

Жартоўная мініяцюра пра вясковую дзяўчыну і гарадскога хлопца ад Букісаў выклікала не толькі вясёлую ўсмешку, але і гучныя апладысменты. Ад Шукоў пад акампанемент Сяргея на гітары прагучала некалькі песень “Усё пройдзе”, “Калі з сябрам вырушыў у шлях” і іншыя. Дружна спявалі іх усе разам.

 

Ірына Леанідаўна прыгадала словы Шэкспіра: “Калі хочаш заваяваць сяброў — усміхайся”. Паспрабавалі пералічыць адценні ўсмешкі, атрымалася каля дзесяці азначэнняў. Аказваецца, у творах Л. Талстога ўзгадваецца 97 адценняў! Кожны атрымаў у падарунак каляндарык на наступны год.

Цёплая і адкрытая атмасфера сапраўды дазволіла адпачыць ад сямейных будняў і нарадзіцца новым знаёмствам і ідэям.

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

 


Вярнуцца назад