Галоўная > Грамадства / Моладзь > У міёрскім РДК запісалі спектакль «Свавольствы Бабы Ягі»

У міёрскім РДК запісалі спектакль «Свавольствы Бабы Ягі»


6-01-2021, 09:24. размясціў: gazeta

 Традыцыйны дабрачынны ранішнік у раённым Доме культуры эпідсітуацыя правесці не дазволіла. Між тым супрацоўнікі ўстановы і іх юныя памочнікі падрыхтавалі навагодні падарунак для ўсіх дзяцей. У суполцы РДК ва «УКантакце» даступны для прагляду спектакль «Свавольствы Бабы Ягі». Карэспандэнту газеты пашанцавала паглядзець пастаноўку падчас запісу.

 

Заснежаныя дрэвы, гурбы снегу, на елках мішура і вялікія каляровыя шары. Дэкарацыі зімовай казкі – асобны складнік навагодняга настрою.

 
Вясёлым танцам распачынаюць прадстаўленне юныя выхаванкі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Сціхае музыка, і ў цэнтры ўвагі гледача аказваецца Баба Яга. Сумна ёй у вясёлыя зімовыя дні. Марыць замуж выйсці. Даўні сябар Кашчэй падказвае, што найлепшай кандыдатурай будзе Дзед Мароз. Статны і багаты жаніх.

 
З дапамогай сваіх злых чар нячысцікі выкрадаюць Марозку, якога чакае на навагоднія святы дзятва. Смелы хлопчык Ваня разам са Снягуркай і Лесавічком скіроўваюцца на пошукі. Па дарозе сустракаюць Лесуна, што даўно закаханы ў Бабу Ягу. Нявеста між тым наводзіць прыгажосць. У гэтым ёй дапамагае Кікімара.

 
 Ці атрымаецца ў герояў выратаваць Дзеда Мароза, ці паспее ён да дзетак на свята? Даведаецеся ў фінале. Добрымі песнямі падтрымаюць настрой салісты Ягор Абалевіч, Вікторыя Савейка, Аліна Федуковіч, Валерыя Бунта і Ягор Шокель.

 
Рэжысёрам навагодняй казкі выступіла Марына Дзям’янава, яе ж пазнаеце ў ролі Кікімары. Баба Яга – удалае амплуа Алены Шангіной, у шубе Дзеда Мароза – Аляксей Гайдзель, у вобразе Снягурачкі – Аляксандра Васіна. Роля Лесавічка ўдалася Анастасіі Ільніцкай, Кашчэя сыграў Аляксей Рачыцкі, Лесуна – Іосіф Вільчынскі, хлопчыка Ваню – Максім Шчабол.
Рэжысёр і артысты жадаюць гледачам прыемнага прагляду.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота аўтара


Вярнуцца назад