Галоўная > Грамадства / Здароўе > Інсульт: распазнаць і абясшкодзіць

Інсульт: распазнаць і абясшкодзіць


30-10-2020, 11:00. размясціў: gazeta

 Самае распаўсюджанае захворванне мозгу ў дарослых і пажылых – інсульт. Гэта вынік таго, што на працягу пэўнага часу да ўчастка галаўнога мозгу не паступае кроў з-за закаркавання ці разрыву сасуда. У Беларусі на яго пакутуюць у 2 – 2,5 разы часцей, чым у еўрапейскіх краінах. Інсульт займае трэцяе месца сярод усіх прычын смяротнасці і першае – па інваліднасці.

 

У чым праяўляецца?

Першыя прыкметы інсульту – галаўны боль, слабасць, млос- насць, ванітаванне. Затым з’яўляюцца расстройствы руху, парушэнні гаворкі, адчувальнасці, свядомасці – ад лёгкай аглушанасці да страты прытомнасці.

 

Чым небяспечны

У вострай стадыі хваробы гінуць 30 – 35 % людзей, да канца першага года – больш за палову. Патрабуюць пастаяннага догляду і дапамогі з-за паралічаў, расстройстваў маўлення і парушэння каардынацыі руху 10 % тых, хто перанёс інсульт. Толькі 20 % хворых вяртаюцца да ранейшага жыцця.

 

Як пазбегнуць

Адразу звярніцеся да ўрача, калі адчуваеце:
1. Часты галаўны боль, галавакружэнні, шум у галаве;
2. Зніжэнне памяці, правалы ў памяці;
3. Кароткачасовыя адчуванні слабасці ці анямення ў руцэ, назе ці твары;
4. Рэзкае пагаршэнне зроку;
5. Цяжкасці ў маўленні;
6. Рэзкія прыступы галавакружэння і пахістванне пры хадзе.

 
Выключыце са свайго жыцця фактары рызыкі, якія спрыяюць узнікненню інсульта. Кантралюйце артэрыяльны ціск: у норме ён не павінен перавышаць 140/90. Больш высокія лічбы – ужо гіпертанія, а гэта небяспечна. Спажывайце менш солі. Пры фізічнай нагрузцы сачыце, каб не было задышкі, болю ў вобласці сэрца, арытміі. Памятайце, што актыўнае і пасіўнае курэнне значна павышаюць рызыку сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Ешце больш фруктаў, агародніны, рыбы і морапрадуктаў. Старайцеся пазбягаць стрэсавых сітуацый.

Першая дапамога

 

Калі падазраяце, што ў чалавека інсульт:
- пакладзіце яго і стварыце яму поўны фізічны і псіхалагічны спакой;
- расшпіліце каўнер, рэмень, пояс, адчыніце фортку;
- пры рвоце павярніце галаву хворага на бок, ачысціце ротавую поласць ад рвотных мас, каб яны не трапілі ў дыхальныя шляхі;
- тэрмінова выклікайце хуткую дапамогу.

 
Дзіяна ВІТКОЎСКАЯ, урач-неўролаг Міёрскай ЦРБ.


Вярнуцца назад