Галоўная > Грамадства / Вясковае жыццё > Юрый КІСЛЯК: «Трэба проста добра працаваць»

Юрый КІСЛЯК: «Трэба проста добра працаваць»


10-09-2020, 13:47. размясціў: gazeta

 Трапіў раніцай 2 верасня ў дыспетчарскую ААТ «Пад’ельцы». Галоўны аграном Міхаіл Панкрат з дапамогай смартфона тлумачыў механізатару Юрыю Кісляку, як дабрацца да поля паміж Пестунамі і Беларускай і ў якім напрамку яго лепш араць пад збожжавыя азімыя.

 

ЮРЫЙ КІСЛЯК мясцовы, бацькі і цяпер жывуць у вёсцы Вострава Новапагосцкага сельсавета. Заканчваў Новапагосцкую школу, прафесію атрымаў у Маляўскім ВВК. Пасля службы пагранічнікам вярнуўся ў родны калгас «Перамога» з цэнтрам у Наўгародах, выконваў розныя работы на магутным «Кіраўцы-701» пад кіраўніцтвам галоўнага агранома Клаўдзіі Машара. Цяпер гэтая гаспадарка ўваходзіць у склад ААТ «Пад’ельцы».

 
Юрый Генадзьевіч прадстаўляў Полацкую інтэграцыйную структуру. Ён даволі даўно працуе механізатарам на падсобнай вытворчасці Полацкага малочнага камбіната. У напружаныя перыяды сельгасработ заняты на палях сельгаспрадпрыемстваў, што ўваходзяць у холдынг.
– На трактары «Кіравец-744» заняты чацвёрты сезон, машына надзейная і магутная, зручная ў кіраванні і абслугоўванні, – расказвае механізатар. – За мной замацаваны дзесяцікорпусны двухабаротны плуг «ЕўраТытан-10», культыватар КГП-6,2 і прычэп ПІМ-60. З імі араў глебу і рыхтаваў яе да сяўбы, перавозіў кармы ў гаспадарках Ушацкага і Шумілінскага раёнаў, у Міёрскім працаваў у СУП «Цітова». Тыдзень таму накіравалі ў ААТ «Пад’ельцы» з плугамі.

 
Канец лета для «Пад’ельцаў» выдаўся асабліва напружаным. Калі 27 жніўня Юрый Кісляк сваім ходам з Шумілінскага раёна прыехаў на цэнтральную сядзібу гаспадаркі, тут яшчэ заканчвалі жніво, чакаў абмалоту яравы рапс (147 га), толькі ўключыліся ў сяўбу азімага рапсу (план 230 га), уносілі гліфасаты, выконвалі іншыя работы, а пад азімыя зерневыя было ўзарана ўсяго 1,2 % пры заданні 1 385 га. Вось на гэты «фронт» і накіравалі дадатковы «Кіравец».

 
Юрый Генадзьевіч уключыўся ў справу без раскачкі. Калі прыехаў у чацвер пад канец рабочага дня, адразу атрымаў пуцявы ліст і на полі ў Дворным Сяле насупраць школы з 18.00 да 20.00 узараў 10 гектараў глебы пры дзённай норме 17,6 га. Сведчыць, што аплата толькі за норму – 40 рублёў без уліку розных даплат.

 
На наступны дзень атрымаў пуцявы ліст у ліку першых пад’ельцаўскіх механізатараў гаспадаркі. Заправіўся, правёў штодзённае абслугоўванне тэхнікі і з 8.00 да 20.00 узараў ужо 30 гектараў. Як кажуць, дзень на дзень не прыходзіцца, але за кожны атрымліваецца не менш за 25 га ворыва. На тэмпы ўплываюць розныя ўмовы, найперш контурнасць палёў, склад глебы, папярэднікі, наяўнасць камення. А сёлета і спёка ўшчыльніла зямлю. Аднак па падліках галоўнага эканаміста ААТ «Пад’ельцы» дзённы заробак трактарыста можа перавысіць 70 рублёў, таксама яшчэ без стымулюючых даплат. Старацца ёсць дзеля каго: у Полацку чакаюць жонка і дачка-пяцікласніца. Толькі ў прыпар бачыць іх даводзіцца нячаста.

 
А чаму не імкнуцца зарабіць, калі прымаючая гаспадарка пры гэтым забяспечвае двухразовае гарачае харчаванне. У «Пад’ельцах» яно заўсёды своечасовае і смачнае, сцвярджае трактарыст, бо ў сталовай Наўгародаў рыхтуе стравы вопытны кухар Святлана Маляўка. Яе ўмельства Юрый Генадзьевіч хваліць з таго перыяду, калі сам працаваў у калгасе «Перамога».

 
Прыклад прыезджага работніка сведчыць, што сельскі працаўнік-механізатар у напружаны перыяд можа добра зарабляць. Як гэтай магчымасцю карыстаюцца мясцовыя трактарысты? У суседняй гаспадарцы ёсць свой «Кіравец», абслугоўвае яго таксама вопытны і старанны гаспадар. Толькі пры норме ворыва 16,7 гектара сярэдняя выпрацоўка за дзень у яго атрымлівалася 18 га пры аплаце 48 рублёў за норму плюс 9 рублёў за стаж.

 
А якія выпрацоўка і заробак у іншых механізатараў на энерганасычаных трактарах? Цікаўнасць не выпадковая, бо менавіта такая тэхніка цяпер забяспечвае тэмпы сельгасработ, асабліва ў напружаны перыяд.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота аўтара.


Вярнуцца назад