Галоўная > Грамадства > На рэкламу сваіх паслуг швачка Лідзія Урбанчук з Дзісны не трацілася. Напісала ў "Аднакласніках", і гэтага хапіла

На рэкламу сваіх паслуг швачка Лідзія Урбанчук з Дзісны не трацілася. Напісала ў "Аднакласніках", і гэтага хапіла


17-01-2020, 08:30. размясціў: gazeta

 Скарыстаўшыся правам, прадугледжаным ва Указе «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб», жыхарка Дзісны Лідзія УРБАНЧУК занялася рамонтам і пашывам адзення. Яе паслугі запатрабаваныя ў дзісенцаў і жыхароў навакольных вёсак.

Замяніць маланку ў куртцы, падкараціць штаны, залапіць рукавы пінжака… За гэтымі і іншымі паслугамі па рамонце адзення дзісенцы звяртаюцца да мясцовага майстра Лідзіі Урбанчук.
– За дзень чатыры – шэсць заказаў. Адны прыносяць адзенне, якое трэба падправіць. Другія – матэрыял для цюляў ці пасцельнай бялізны. Сама закупаць тканіну для пашыву не маю права, – расказвае майстрыца, якую засталі за ўшываннем маланкі ў куртку.


У невялікім памяшканні камбіната бытавога абслугоўвання, дзе знаходзілася мужчынская цырульня, цяпер весела стракочуць швейныя машынкі. Іх у Лідзіі Іванаўны чатыры. У кожнай свае задачы. На адной абмётку зручней рабіць, на другой лапіны прышываць. На сталах раскладзена верхняе адзенне. Як заўважае майстрыца, замена маланкі ў куртцы – самая актуальная патрэба.
Сваю справу Лідзія Урбанчук распачала ў чэрвені мінулага года. Да гэтага працавала тэхнолагам у мясцовым цэху «Віцябчанкі». Шыць навучылася яшчэ ў дзяцінстве. Скончыла Віцебскі тэхналагічны каледж.


– Швейную справу ведаю і люблю, вопыт маю, таму на свой хлеб пайшла без страху і сумненняў, – гаворыць субяседніца. – Падтрымаў мяне старшыня гарвыканкама Яўген Баран. З арэндай памяшкання праблем не ўзнікла. Адзіны мінус у тым, што ацяплення тут няма. Выручае абагравальнік. Мае паслугі аказаліся запатрабаванымі ў гарадскіх і сельскіх жыхароў.
З Язна, куды едзе наведаць родных, Лідзія Іванаўна пастаянна прывозіць сумкі адзення на рамонт. Звяртаюцца да яе вяскоўцы з Бычыншчына, Мікалаёва, Сіцькова. Нават некаторыя жыхары Полацка аддаюць перавагу паслугам дзісенскай майстрыцы.
Рада Лідзія Іванаўна, што яе ўласная справа прыносіць людзям карысць, а ёй дае магчымасць зарабіць і самарэалізавацца.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад