Галоўная > Грамадства > У Дзісенскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання не дажываюць, а жывуць весела і актыўна

У Дзісенскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання не дажываюць, а жывуць весела і актыўна


27-10-2019, 08:30. размясціў: gazeta

 Удзельнікаў выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў у Дзісенскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання пажылых і інвалідаў сустрэлі песняй. Пастаяльцы да канцэртаў звыклыя. Усе святы адзначаюць. Галоўныя вакалісты – удзельнікі клуба «Залаты ўзрост». Яны штодзень у госці заходзяць як падапечныя аддзялення дзённага знаходжання. Нават Ядвіга Ганебная з Полацка наведваецца.

З парога ўдзельнікі прэзідыума зразумелі, што ў бабуль-дзядуль жыццё насычанае. Усюды чыста, праветрана, глядзяць за імі пільна. Адчуваецца цёплая атмасфера, а яна спрыяе доўгаму жыццю. Нездарма ўзрост пастаяльцаў старэй за 80. Цяпер іх 26 у аддзяленні, разлічаным на 35 месц.


Амаль з кожным з іх пазнаёміліся асабіста, калі праводзіла экскурсію дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Шамёнак. Яна засяродзіла ўвагу на сацыяльных аспектах.


Па інфармацыі Алены Венядзіктаўны, на 1 кастрычніка ў раёне налічвалася 657 інвалідаў І і ІІ груп, 5 400 пажылых, з якіх 550 – адзінокія. Каля 400 жывуць у аддаленых і маланаселеных вёсках. Усе яны не застаюцца без дзяржаўнай падтрымкі, але многія маюць патрэбу не ў перыядычных візітах сацыяльнага работніка, а ў пастаянным доглядзе.


Састарэлым цяжка прыгатаваць сабе ежу, памыцца, выцепліць печы. Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў – як выратаванне. Тут ёсць усё, што патрэбна адзінокаму. Пры жаданні можна вярнуцца ў свой дом, звыклае асяроддзе. Але мала хто з пацыентаў мае такі намер. У пакоях па два – тры чалавекі. Яны з гонарам паказваюць свае «кватэры», ахвотна дзеляцца перажытым, расказваюць пра здароўе.


Ганне Гурскай 87. У аддзяленне прыехала з вёскі Гусакі Завуццеўскага сельсавета восем гадоў таму. Рада расказаць кожнаму новаму чалавеку, як ёй тут добра.


 – Што б мы рабілі, каб не гэты дом, – гаворыць Ганна Сяргееўна. – Памерлі б ад тугі, адзіноты. У мяне з родзічаў толькі пляменнік. Што яму дакучаць? Тут я з лю- дзьмі, у цяпле, у чыстым, накормленая. Ніякіх клопатаў.


Марыі Мурашка з Кухаронкаў, што ў Завуццеўскім сельсавеце, 83. Усё жыццё на ферме адпрацавала. Мужа не стала, дзяцей не нажылі, засталася адзінокая. У аддзяленні жыве сёмы год. Усім задаволена. Паслухмяна выконвае рэкамендацыі персанала. Яе захопліваюць заняткі па прафілактыцы дэменцыі. Выкладваць карціны з гузікаў асабліва па душы. З сяброўкай Зінаідай Іванаўнай асвоілі скандынаўскую хадзьбу. Часта на прагулцы прыцягваюць увагу дзісенскіх турыстаў. Марыя Сяргееўна за адно толькі перажывае: каб пастаяльцаў болела, тады б яшчэ весялей жылося.


Міхаілу Пахірку 92 гады. У такім паважаным узросце патрэбны пастаянны догляд. Адзіная дачка жыве ў Бельгіі, быць побач не мае магчымасці. Аднак спакойная за бацьку, наведваецца да яго два разы ў год. Удзячна за клопат і ўвагу аддзяленню, чым можа дапамагае. Дзякуючы яе спонсарству сёлета для аказання своечасовай і экстраннай дапамогі жылыя пакоі абсталявалі кнопкамі выклікаў персаналу, сігнал ад якіх паступае на пункт дзяжурства малодшай медсястры.


Як звярнула ўвагу Алена Шамёнак, за апошнія два гады для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы аддзялення грамадскія, спонсарскія, дабрачынныя арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы выдаткавалі 16 167,62 рубля.


Шэфскую дапамогу па добраўпарадкаванні аказвае СУП «Цітова». Уласнік «Дэмскага сада» Уладзімір Кашкур забяспечвае саджанцамі для азелянення. Таму і дваровая тэрыторыя аддзялення з тэрапеўтычнымі зонамі адпачынку заслугоўвае асаблівай увагі.
У будынку нават намёку на казёншчыну няма. Камфортнаму тэмпературнаму рэжыму паспрыяла замена старых ваконных рам на шклопакеты, – гэта першае, з чаго пачынаўся рамонт былой школы-інтэрната. Цёплыя пакоі, акуратныя калідоры, неабходная мэбля. Вясёлая каляровая гама. На падлозе дыванкі. У распараджэнні пастаяльцаў сталовая, куды наведваюцца чатыры разы на дні. Свая малельная, дзе сустракаюцца са святарамі, удзельнічаюць у богаслужэннях. Утульна ў «хатцы ўспамінаў», аформленай у духу даўніны. Пазітыўныя эмоцыі атрымліваюць у кабінеце рэлаксацыі, фітабары. Пастаянна трымацца ў тонусе дапамагаюць пажылым спартзала, пляцоўка для прафілактыкі дэменцыі. Усяго на паляпшэнне ўмоў пражывання за 2012 – 2017 гады затрацілі 105 685 дэнамінаваных рублёў мясцовага бюджэту.


Публіка ў аддзяленні творчая. Спяваюць, майструюць. Задумалі аформіць пакоі ў розных стылях. Гасцям прадэманстравалі джынсавы інтэр’ер. Па душы пажылым разнастайныя гурткі, любяць плесці з газетных трубачак. А яшчэ чытаюць. У пашане перыёдыка, нават класіка і вершы. Іх выдатна дэкламуе па памяці заўзяты актывіст Іван Ісаковіч. У час канцэртнай праграмы да слёз расчуліў гасцей паэтычным радком пра маці. Здзівіла дэкламатарскім майстэрствам Зіновія Талічан. У свой 91 год вершаваным творам яна бадзёра павучала, як старэць дастойна. На светлым, добрым твары амаль няма маршчын. Яшчэ жанчына цудоўная рукадзельніца, прыгожа вяжа.


Кожны з жыхароў аддзялення хоча ўвагі, душэўнага ўдзелу і спакою. Персанал стараецца іх абагрэць, заспакоіць. З хваробамі дапамагае змагацца Дзісенская бальніца сястрынскага догляду. І сюды зазірнулі ўдзельнікі прэзідыума. Як расказала галоўны ўрач Святлана Палячэнка, тут ёсць адзінокія пажылыя і састарэлыя, якія маюць патрэбу больш у доглядзе, чым у лячэнні. Цяпер з 40 ложкаў заняты 33. Самай старэйшай пацыентцы 97 гадоў, не на шмат маладзейшыя астатнія. Многія не могуць абслугоўваць сябе, ляжачыя. Выхаджаных пацыентаў, якія яшчэ на сваіх нагах і пры здаровым розуме, медыкі ўпэўніваюць пасяліцца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання. На жаль, згаджаюцца не ўсе, хоць дома ніхто не чакае.


Як заўважыла старшыня райсавета дэпутатаў Марыя Баніфатава, пад дахамі наведаных устаноў жыве міласэрнасць – клапатлівая, цярплівая, надзейная. Людзей, якія на пярэднім плане ўвагі сацыяльнай службы і медыкаў, шмат. Дайсці да кожнага пажылога, аказаць неабходную дапамогу, адрасна, у тэрмін – задача ўсіх служб на тэрыторыі кожнага сельсавета.

ДАВЕДКА
Аддзяленне кругласутачнага знахо- джання пажылых і інвалідаў дзейнічае на Міёршчыне з 2004 года. Адкрылі спачатку на базе Дзісенскай бальніцы на 20 ложка-месцаў. У 2013 годзе Дом без адзіноцтва, а менавіта так называюць аддзяленне сацыяльныя работнікі і самі пастаяльцы, размясціўся ў былым будынку школы-інтэрната. Дзеляць яго з аддзелам па адукацыі: на трэцім паверсе сацыяльны прытулак. На двух першых – усё для пажылых.

У ТЭМУ
На пражыванне, харчаванне, іншыя паслугі з пенсіі пастаяльцаў штомесяц вылічваюцца 85 %. На ўмовах частковай аплаты па рашэнні райвыканкама паслугі атрымліваюць пяць чалавек. На ўсе выдаткі адлічэнняў не хапае. Толькі на 33,5 % імі пагашаюць расходы на ўтрыманне аднаго ў месяц, што на 1 кастрычніка склала 844,74 рубля. Астатнія датуе дзяржава.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад