Галоўная > Грамадства > Пачынаецца праектаванне кардыялагічнага цэнтра ў Міёрах

Пачынаецца праектаванне кардыялагічнага цэнтра ў Міёрах


12-09-2019, 08:31. размясціў: gazeta

 Праектанты аўстрыйска-германскай фірмы «VAMED» збіралі ў Міёрах дадзеныя для праектавання міжраённага кардыялагічнага цэнтра. Іх суправаджаў старшыня савета дырэктараў створанай для гэтага беларускай кампаніі «АК-Міёры» Ігар ЗЕЛЯНКЕВІЧ, былы міністр аховы здароўя. Гасцей прымалі старшыня райвыканкама Ігар КУЗНЯЦОЎ і яго намеснік па сацыяльных пытаннях Валерый ДРАБА.

Удакладніць пытанні запрасілі начальнікаў аддзелаў архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Жанну Падаляка і землеўпарадкавальнай службы Паўла Сушко. У якасці кансультантаў – былыя дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Скавародка і галоўны ўрач РЦГЭ Рамуальд Маліноўскі.


Фірма «VAMED» выйграла міжнародны тэндар на праектаванне і будаўніцтва Цэнтра ў Міёрах. Мае вопыт у стварэнні медыцынскіх, лячэбных і курортных устаноў, узводзіла іх у многіх краінах Еўропы, а таксама амаль ва ўсіх рэспубліках былога Савецкага Саюза. У нас яе прадстаўнікі займаюцца толькі падрыхтоўчымі работамі. Пасля аналізу сабранай інфармацыі вызначаць патрэбу ў памяшканнях, колькасці персаналу і іншыя моманты. Асноўныя напрамкі дзейнасці – кардыялогія і лячэнне анкалогіі. У адпаведнасці з ужо ўзгодненай структурай Цэнтр будзе мець пяць амбулаторый-сатэлітаў у суседніх раёнах. У Міёрах размесцяцца лабараторыі, пэўная колькасць ложкаў у анкалагічным, кардыялагічным, неўралагічным, хірургічным, гінекалагічным і рэанімацыйным аддзяленнях. Плануюцца мабільныя дыягнастычныя комплексы. У Зачарэўі падабрана месца для рэабілітацыйнага аддзялення на 120 ложкаў.


Праектаванне правядуць па еўрапейскіх стандартах з мэтай у наступным атрымаць сертыфікат ЕС. Гэта дасць магчымасць прымаць пацыентаў з суседніх краін. Заяўлена, што аказанне медыцынскай дапамогі будзе бясплатным. Мэта – за кошт ранняй дыягностыкі і выкарыстання найлепшага ў свеце абсталявання дабіцца высокай эфектыўнасці лячэння самымі сучаснымі метадамі.


Спецыялісты «VAMED» пазнаёміліся з арганізацыяй дзейнасці цэнтральнай раённай бальніцы. Экскурсію правяла намеснік галоўнага ўрача Святлана Бірукова. Агледзелі пляцоўку для новабудоўлі. Яна размешчана за тэрыторыяй ЦРБ да вуліцы Верхнядзвінскай і ўжо цяпер мае ўсе патрэбныя інжынерныя сеткі. Такім чынам на ўскрайку Міёр паміж вуліцамі Камуністычнай і Верхнядзвінскай у недалёкай будучыні з’явіцца медыцынскі гарадок з паліклінікай, бальніцай і міжраённым кардыялагічным цэнтрам.

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК. 


Вярнуцца назад