Галоўная > Грамадства > Аб жыллёвым фондзе і арганізацыі харчавання

Аб жыллёвым фондзе і арганізацыі харчавання


21-08-2019, 17:29. размясціў: gazeta

 Указ ад 13 чэрвеня 2018 года № 237 «Аб распараджэнні дзяржаўным жыллёвым фондам» вызначае ўмовы продажу незаселеных жылых дамоў, кватэр, размешчаных у сельскай мясцовасці. Гэта пытанне на асаблівым кантролі. 

Згодна з нормамі дакумента, у выпадку, калі дом ці кватэра ў ім на працягу шасці месяцаў запар і больш не запатрабаваны ў якасці жылых памяшканняў камерцыйнага, сацыяльнага, спецыяльнага выкарыстання, іх можна прадаць грамадзянам, якія знахо- дзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па ацэначных, але не вышэйшым за рыначны кошце. Ёсць магчымасць продажу такога жылля і на аўкцыёне.


Як сведчаць кантрольныя мерапрыемствы, на сяле незапатрабаванага жылля шмат. Аднак не ўсе мясцовыя органы ўлады арганізавалі дастатковую работу па рэалізацыі палажэнняў Указа № 237. Напрыклад, у Гарадоцкім, Лепельскім, Пастаўскім раёнах толькі пасля праверкі Камітэта дзяржкантролю зацвердзілі парадак і ўмовы продажу жылых памяшканняў. Райвыканкамам прапанавана актывізаваць работу.


Павінны праяўляць пэўную актыўнасць і грамадзяне, якія жадаюць набыць недарагое жыллё ў маляўнічых куточках Віцебшчыны. За неабходнай інфармацыяй трэба самастойна звярнуцца ў райвыканкам і падабраць кватэру ці дом.

Запанавала
антысанітарыя

На пастаянным кантролі выкананне патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе арганізацыю харчавання, пражывання і гандлёвага абслугоўвання. Сітуацыю вывучалі ў ліпені ў адносінах да 21 аб’екта прыдарожнага сэрвісу 16 суб’ектаў гаспадарання Бешанковіцкага, Талачынскага, Аршанскага і Лепельскага раёнаў. Парушэнні і недахопы выявілі практычна ўсюды.

Напрыклад, у Талачынскім раёне ў кафэ рэалізоўвалі два найменні тавараў з мінулым тэрмінам прыдатнасці. На вырабляемую прадукцыю не было тэхналагічнай дакументацыі. У абедзеннай зале выкарыстоўваліся сталы са сколатымі краямі. На кухні захоўвалася кулінарная прадукцыя без указання даты і часу яе прыгатавання.


У другім кафэ ў абедзеннай зале на сталах абрусы з дзіркамі, плямамі, старая канапа з бруднымі падлакотнікамі і зламаны стул. З пашкоджаным пакрыццём, дэфармаваны інвентар на кухні. Не дзейнічала вентыляцыйная сістэма і ўтрымлівалася не ў парадку.
Яшчэ ў адным кафэ на ўчастку захоўвання запасу вады, а таксама прыгатавання шашлыка не падтрымлівалі чысціню, не захоўвалі тэмпературныя ўмовы. На мясным паўфабрыкаце не ўказвалі дату і час прыгатавання.


У Лепельскім раёне ў закусачнай і кафэ мясцовага райспажыўтаварыства рэалізоўвалі пратэрмінаваны пірог. Не праглядалі інфармацыю індыкатара спажывальніка касавага суміруючага апарата, парушалі ўстаноўлены парадак вядзення кніг заўваг і прапаноў. Вагі неправераныя, зноў жа кулінарная прадукцыя без указання даты і часу яе прыгатавання. Пакупнікам не даводзілася інфармацыя пра цэны на асобныя віды цыгарэт.


У гасцініцы ў памяшканнях для пражывання, на падлозе і сценах санітарных вузлоў, а таксама ў ракавінах для душа застарэлыя забруджванні. На падваконніках і адхонах вокнаў у асобных пакоях трэшчыны, сыпіцца фарба, на сценах адслаіліся шпалеры.
Улічваючы, што парушэнні выяўлены Камітэтам дзяржкантролю вобласці ў рамках маніторынга і выпраўлены, вінаватыя прыцягнуты толькі да дысцыплінарнай адказнасці.

Фота для ілюстрацыі.


Вярнуцца назад