Галоўная > Грамадства > Алена ОКУНЕВА наведвае ТЦСАН у Дзісне

Алена ОКУНЕВА наведвае ТЦСАН у Дзісне


4-04-2019, 13:39. размясціў: gazeta

 Алена Іванаўна ОКУНЕВА наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН у Дзісне. На сустрэчы бярэ з сабой сшыткі з любімымі вершамі. Чытае іх на занятках гуртка “Літаратурна-музычная гасцёўня” і святочных канцэртах.

ЗА доўгае жыццё Алене Іванаўне давялося сустрэцца з многімі цяжкасцямі. Яна нарадзілася ў 1943 годзе. Дзеці вайны станавіліся дарослымі задоўга да паўналецця.


— Мая радзіма — вёска Бычыншчына ў Мікалаёўскім сельсавеце, — расказвае субяседніца. — Нас пяцёра ў бацькоў было. Тата і мама працавалі ў калгасе. І дзяцей да работы змалку прывучалі. У пятнаццаць год на свой хлеб пайшла. Кароў даіла, даглядала цялят, свіней.


Адукацыя сельскай дзяўчынкі — Ульшчынская пачатковая ды восем класаў Дзісенскай школы. За ведамі ў Дзісну хадзіла пешшу. Прыгожым голасам, талентам чытальніка, любоўю да друкаваных і песенных радкоў надзяліла прырода. Артыстычная і вясёлая Алена Іванаўна была замест тамады на вяселлях у родных, сяброў, знаёмых.


АСАБІСТАЕ шчасце складвалася не так гладка, як у песнях спяваецца. Замуж выйшла ў васямнаццаць год. Мелі трох дзяцей, калі іх з мужам шляхі разышліся. Пасля сустрэла Андрэя Гардзеевіча, з якім разам і цяпер. Пераехалі ў Полацкі раён, працавалі ў сельскай гаспадарцы, клапаціліся пра ўласны дабрабыт, там нарадзілася яшчэ адна дачушка. На родную Міёршчыну вярнуліся, калі не стала маці Алены Іванаўны.
— Муж на ЛВДС уладкаваўся. Я таксама на пенсію пайшла з гэтай арганізацыі: у дзіцячым садку дзесяць год займалася гаспадарчымі справамі, — расказвае жанчына. — Калі атрымалі службовую кватэру ў Дзісне, зайшла туды і расплакалася ад шчасця. Цёпла, утульна, усе зручнасці. Жыві ды радуйся.


НА заслужаным адпачынку Алена Іванаўна не замкнулася ў коле бытавых спраў і канапы ля тэлевізара. Ахвотна прыняла запрашэнне стаць удзельніцай хору “Чырвоныя гваздзікі” пры Дзісенскім ГЦК. Спявалі на святочных канцэртах у Дзісне і ваколічных вёсках, выступалі ў Міёрах, Наваполацку, Віцебску. Новая старонка — аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання. Наведвае яго з першых дзён заснавання.


— Рада, што магу актыўна і пазнавальна праводзіць час. Чакаю новых сустрэч, пасля іх здаравей сябе адчуваю, — кажа Алена Іванаўна. — У сталым узросце трэба асабліва сачыць за сваім самаадчуваннем. На гуртку “Урокі здароўя” шмат карыснай інфармацыі дае ўрач Таццяна Бандарэвіч. На занятках у “Літаратурна-музычнай гасцёўні” рыхтуем розныя мерапрыемствы да святочных дат, валанцёрскія канцэрты, выступаю з вершамі. Наведвальнікі аддзялення нібы адна сям’я. Дзелімся перажываннямі, падтрымліваем адно аднаго, абменьваемся рознай інфармацыяй. Усё гэта робіць будні насычанымі, запамінальнымі.


ДЗІСЕНСКАЕ аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ўдзельнічае ў сацыяльна-экалагічным праекце “Новая жизнь в обмен на крышечки”. Па зборы другаснай сыравіны Алена Іванаўна ў лідарах. За крышачкамі ходзіць да смеццевых кантэйнераў ля дома, пасля адмывае іх. На здзіўленыя позіркі суседзяў увагі не звяртае. Чаго саромецца, калі робіш добрую справу.


— Сярод маіх родных таксама ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Ведаю іх цяжкасці. Хочацца дапамагаць не толькі тым, хто побач, але і іншым, хто мае ў гэтым патрэбу. Мы не заўсёды можам аказаць матэрыяльную падтрымку, а сабраць крышачкі кожнаму пад сілу, — тлумачыць сваю пазіцыю.


ЖЫЦЦЁ, нягледзячы на ўсе яго складанасці, — каштоўны дар, лічыць Алена Іванаўна. Адзін з яе любімых вершаў — “Скажи спасибо Богу перед сном”. Прачытала ў часопісе, перапісала сабе ў сшытак. Ёсць там такія радкі:


Я соглашусь, что есть бардак,
Что в жизни многое не так,
Но всё же ты подумай, взвесь,
Цени, что есть сейчас и здесь!


Алена Іванаўна ўмее заўважаць добрае побач з сабой, рада, што ёсць блізкія і сябры. Кожны раз, ставячы ў царкве свечку, дзякуе Богу за тое, што жыве. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад