Галоўная > Грамадства > Клуб карэспандэнтаў "МН" разважаў над трагедыяй у Стаўбцах

Клуб карэспандэнтаў "МН" разважаў над трагедыяй у Стаўбцах


26-02-2019, 17:00. размясціў: gazeta

 Трагедыя ў Стоўбцах наўрад ці пакінула кагосьці раўнадушным. Пра гэта цяжка гаварыць і нельга маўчаць. Сотні людзей задаюцца пытаннем, як такое магло здарыцца. У кожнага свае адказы і меркаванні. Чаму дзеці становяцца забойцамі?

 Кацярына РЫНКЕВІЧ:
“Дэфіцыт увагі”
— Перш-наперш абвінавачваем камп’ютарныя гульні, засілле гаджатаў, інтэрнэт. Пад іх уплывам несфарміраваная псіхіка дзяцей і падлеткаў сама не ведае, што робіць. Але і раней усе гулялі ў вайну. Праўда, на свежым паветры, а замест віртуальнай зброі — пісталецікі з гумовымі прысоскамі ці самаробныя рагаткі. Праблема глыбей. “Відаць, хлопец доўгі час быў у школе ізгоем”, — мяркуе знаёмая настаўніца. Ёй даводзілася працаваць з падлеткамі, якія зведвалі насмешкі як равеснікаў, так і педагогаў. Прыгадала, як аднойчы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце на школьнай лінейцы перад усімі крытыкавала старшакласніцу за неналежны знешні выгляд. Дзяўчына ледзь стрымлівала слёзы. Вось такое выхаванне. А памятаеце выкла- дзены ў інтэрнэт аўдыёзапіс, дзе класны кіраўнік прапаноўвае (гэта мякка сказана) дзецям уступіць у БРСМ? Грубы павышаны тон, а ў адказ на адмовы — довад пра даведзены план і рэпутацыю ўстановы. Настаўнікам таксама нялёгка, а бывае нават невыносна. І справа не столькі ў сучасных дзецях, якія ведаюць свае правы і не хочуць слухаць пра абавязкі. Асабіста для мяне падчас работы ў школе самым страшным кашмарам наяве былі паперы. Маю на ўвазе зусім не планы ўрокаў. Думала, галоўнае — выкладаць прадмет. Памылялася. На першым месцы — паперы. Па словах знаёмых педагогаў, з кожным годам папяровы ком толькі расце. І падмінае пад сябе разумнае, добрае, вечнае. Калі работа не зроблена на паперы — не зроблена зусім. Таму не хапае часу на ўрокі і даверлівую гутарку з дзіцём. Больш увагі афармленню, чым зместу. Папера церпіць усё. А дзіцячая душа застаецца ранімай.

 Ігар МАТЭЛЕНАК:
“Дзеці ўжо далёка не цэнтр нашага Сусвету”
— Прычыны дзіцячай агрэсіі варта шукаць перш за ўсё ў сям’і. Даследчыкі назіраюць крызіс сучаснай сям’і, як грамадскага інстытута. Колькасць разводаў расце, маці-адзіночак становіцца больш. Шмат няпоўных сем’яў.


Вырас тэмп жыцця, бацькам даводзіцца шмат часу праводзіць на працы, а дзеці як бы застаюцца на заднім плане. Маючы патрэбу ў пяшчоце і элементарных сямейных зносінах, спрабуюць звярнуць на сябе ўвагу грубасцю і скандаламі. Пагадзіцеся, дзеці ўжо далёка не цэнтр нашага Сусвету. Нараджаюць іх позна, а ў падлеткавым узросце, калі ім асабліва неабходна ўвага, бацькі занятыя сваімі праблемамі.
Цяпер дзецям многае дазваляюць. Занадта ліберальнае выхаванне дае свае адмоўныя вынікі. Калі малым ва ўсім патураць, яны не навучацца ўлічваць чужыя інтарэсы.

 Вольга ВІШНЕЎСКАЯ:

“Зламаў агароджу, пазней — чалавечае жыццё”
Разважанне над жудаснай стаўбцоўскай трагедыяй пачну ўрыўкам са звароту да веруючых Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі са згаданым здарэннем: “Тры пакаленні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцця…” І нельга з гэтым не пагадзіцца. Яшчэ прабабулі і прадзядулі маглі не ўмець чытаць і пісаць, але ведалі галоўную малітву “Ойча наш”. Ранкам і вечарам прасілі Бога “дай нам хлеба штодзённага…”, “ і прабач нам правіны нашы, як і мы прабачаем вінаватым нашым”. Запаведзі “Не забівай”, “Не крадзі” і іншыя расказалі б, хоць ноччу разбудзі. Іх трымаліся. У адных сем’ях хрысціянскія каштоўнасці захаваліся і перадаліся праз пакаленні. Другіх людзей прывяла да святыні хвароба ці складаная жыццёвая сітуацыя, калі зразумелі, што без Божай дапамогі не асіляць выпрабаванні. У трэціх наогул духоўнае выветрылася з павевамі атэізацыі, калі прымушалі забывацца дарогу да святыняў, асабліва школьнікаў. Да гэтага ў апошняе дзясяцігоддзе дадаліся новыя прынцыпы выхавання дзяцей: інтэрнэт і вялікая колькасць СМІ. Па тэлебачанні падлетак “усмоктвае” ўсё, што бачыць. Пераважна ў фільмах, нават калі яны пра расследаванні,—забойствы, алкаголь, наркотыкі, амаральны стыль жыцця і г.д. У школе свае патрабаванні дыктуюць настаўнікі. Дзіцё з розных бакоў акупіруюць стрэсы. Бацькам няма часу яго выслухаць з-за сямейных спраў, а ў выхадны завесці ў нядзельную школу на заняткі па рэлігіі, ра- зам адпачыць. Адсутнасць любові і клопату. Можа гэтага якраз не хапіла хлопцу, што ўчыніў злачынства ў Стоўбцах?
Снежны ком, як правіла, нарастае з дробязей. Магчыма незаўважных і з дзяцінства, такіх, як зламаная штыкеціна ў суседскай агароджы, скрадзеная рэч і беспакаранасць за гэтыя брудныя справы, а праз дзесяць-дваццаць год — забойства. Выбар да зла пераважыў на вагах у галаве хлопца. І тую мяжу, на жаль, немагчыма было прадказаць…


Чаму падлетак вырашыў, што мае права пазбавіць жыцця настаўніцу і вучня, параніць сяброў? На гэта адкажа следства. Мы толькі паразважалі…

 Алена ВАРОНІНА:
“Трымаюць эмоцыі ў сабе”
— Асноўная праблема нашага грамадства — мы ўсе свае праблемы трымаем у сабе. Усміхнёмся, бесклапотна махнём рукой у адказ на пытанне “як справы”? НАРМАЛЬНА. Задумайцеся, што стаіць за гэтым словам менавіта ў вас. Апошнім часам “Прывітаннеяксправы” стала дзяжурнай фразай. І калі гэта дапушчальна для ледзь знаёмых людзей, якія бачацца раз у год, то недаравальна і нават злачынна ў адносінах да самых родных. Тым больш, дзяцей і падлеткаў.


Мяне асабіста як маці адказ “нармальна” прымушае задумацца. Гэта значыць, што нічога страшнага яшчэ не адбылося, але і добрага не чакай. Калі ўсё ў парадку, дачка адразу падрабязна і натхнёна раскажа пра свой дзень. Нізкую адзнаку выправім, падраныя калготкі выкінем, разбіты вазон заменім, а вось крыўду і няўпэўненасць у сабе не так проста сцерці з памяці.


“Не хачу ісці ў школу”, — заўляе дзіця. Бяром пад белы ручанькі і вядзём. А ў чым прычына? Дзіцячыя праблемы здаюцца дробязнымі і надуманымі. Успомніце сябе ў іх узросце. Мама і тата хутка разрульвалі любую сітуацыю, а ў нас чамусьці не хапае часу і жадання. Дзіця замыкаецца ў сабе, груба сябе паводзіць, а мы ўсё спісваем на пераходны ўзрост.


Вучыцеся размаўляць са сваімі дзецьмі, раяць псіхолагі. Здзекі ад аднакласнікаў, адно непаважлівае слова педагога, ноткі сумнення ў голасе бацькоў—так назапашваецца няўпэўненасць у сабе і злосць на навакольны свет. І невядома, што стане апошняй кропляй. У любым выпадку эмоцыі, якія трымаеш у сабе, знойдуць выхад. Пастаянныя дэпрэсія і негатыўныя думкі падарвуць здароўе або выльюцца агрэсіяй на крыўдзіцеля. Не маўчыце: абмяркоўваючы і прагаворваючы сітуацыю, з іншага боку глядзіш на яе. Пакажыце свайму дзіцяці, што выйсце ёсць заўсёды.

 Наталія СТАНКЕВІЧ:
“Трывожны званок”
— Добры дзень, — чую ў трубцы знаёмы голас. — Толькі не хвалюйцеся, але вымушана паведаміць не зусім добрае. Сёння выпадкова заўважыла, як удары кулакамі і нагамі прымаў ваш хлопчык. З усяе моцы біў яго ў жывот малы агрэсар. Не замоўчвайце, бяжыце да дырэктара, узнімайце праблему. Яны заб’юць нашых дзяцей…


Зямлі не адчувала пад нагамі, калі імчала ў школу. Падымаць бучу не стала. Фізічнае самаадчуванне сына было ў норме, заставалася такім пасля. Дзякуй Богу, усё абышлося. Дома імкнуліся разабрацца, хто першы пачаў задзірацца. Як высветлілася, абое рабое. Паміж хлапчукамі звычайныя адносіны аднакласнікаў. Але апанента лепш не чапаць: бывае не ў духу. Ёсць у яго кампаньён. І паядынкі з прымяненнем грубай фізічнай сілы паміж імі нярэдкія, што неаднойчы трапляла ў поле зроку бацькоў, калі тыя забіралі сваіх дзяцей са школы. Адсюль супастаўленне пачаткоўцаў з тыранамі і паніка.


На атыпічныя паводзіны нельга не звяртаць увагі. Аднак і змагацца з праблемай шляхам выключэння з калектыву агрэсіўнага ці гіперактыўнага дзіцяці, ад якога з падачы дарослых адварочваюцца акружаючыя, лічу ўдзелам слабаадукаванага грамадства. Убраць з вачэй далоў, каб не перашкаджаў мірнаму існаванню, прасцей простага. А як зрабіць так, каб застаўся, але ўсім палягчэла? Каб не стаў ізгоем, і пасля ў яго ніколі не ўзнікла жадання адпомсціць за сваю крыўду і несправядлівасць пры дапамозе нажа ці іншага прадмета расправы?
Усім трэба працаваць, прычым, не пакладаючы рук. Нам, бацькам, у першую чаргу. Карані ўсіх праблем схаваны ў нетрах сям’і. У дапамогу класны кіраўнік, які не скардзіцца, а раіць, згуртоўвае сваіх падапечных, каардынуе дзеянні ў правільным рэчышчы. Наш надзейны апякун — псіхолаг. Не нарачоны — на паўстаўкі ці на 0,25, а спецыяліст з адпаведным дыпломам, які не пагражае малому, а тонка іграе на струнах душы, дасканала даследуе прычыны агрэсіі і дапамагае стаць іншым. Толькі такі мудры, згуртаваны саюз зможа ўтаймаваць наш бесшабашны свет.

 Леанід МАТЭЛЕНАК:
“Свет лепшым не становіцца, а мы?”
— Цалкам пагаджаюся з калегамі, маленькі чалавек расце ў сям’і, першыя сацыяльныя ўрокі паводзін атрымлівае ў садку, потым іх замацоўвае ў школе. Яго заклікаюць быць духоўным, дасканалым, актыўным, наогул, самым-самым бацькі, выхавальнікі, настаўнікі, царква, акцябраты, піянеры, БРСМ. Заклікі цудоўныя, станоўчых прыкладаў шмат. Пры гэтым на кожным этапе станаўлення хапае і агрэхаў: недахоп увагі ад перагружаных працай бацькоў, фармалізм і раўнадушша ў афіцыйных установах і грамадскіх аб’яднаннях, спакуслівыя абяцанні нефармальных лідараў. А зазірніце ў інтэрнэт — у параўнанні з ім біблейскія Садом і Гамора ўжо нічым не здзівяць. Сэнс заходніх дэмакратыі і бязмежнай асабістай свабоды зусім не лепшыя па-сутнасці за нашу айчынную мацяршчыну. Палічыце, колькі забойстваў, выпадкаў гвалту і здзекаў, абману і здрады бачыце штодзень на экране тэлебачання. Нават у мульціках для малечы, найперш амерыканскіх, станоўчыя героі знешне больш падобны на монстраў, і паводзяць сябе адпаведна.


Вось у такіх умовах растуць нашы дзеці і ўнукі. Што вы ад іх чакаеце, што яны стануць анёламі? Такі наплыў негатыву вытрымае толькі здаровая псіхіка. У іншым выпадку будзем шукаць вінаватых і тлумачэнні жудасным праявам.


Што застаецца? Найперш мы, дарослыя, пастараемся быць прыкладам паводзін, лепшых чалавечых якасцей і прыстойнасці для нашых дзяцей і ўнукаў. Па-сапраўднаму іх любіць, гадаваць у атмасферы ўвагі і клопату пры строгай ацэнцы хібаў. Тады можна спадзявацца на лепшае. 

Фота з архіва рэдакцыі і з інтэрнэта.


Вярнуцца назад