Галоўная > Грамадства > Выратавальнікі і міліцыя правялі супрацьпажарны рэйд на Міёршчыне

Выратавальнікі і міліцыя правялі супрацьпажарны рэйд на Міёршчыне


11-01-2019, 14:32. размясціў: gazeta

 Супрацоўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў у мінулую суботу правялі сумесныя рэйды. Наведалі нядобранадзейныя сем’і, асоб з судзімасцю, прыхільнікаў асацыяльнага ладу жыцця. 

Тэма для размоў — правілы пажарнай бяспекі. Прычына чарговых сустрэч — пажар з гібеллю, што здарыўся ўначы пятага студзеня ў Пад’ельцах. Па папярэдняй версіі, трагедыю выклікала неасцярожнае абыходжанне гаспадара дома з агнём пры курэнні.

У Перабродскі сельсавет разам са старшым інспектарам інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Алегам Бунта і інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Таццянай Русакевіч адправілася карэспандэнт раённай газеты. У спісе дваццаць адрасоў. Гэта грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Сярод іх асобы з судзімасцю, хатнія скандалісты, аматары алкагольных напояў. Там, дзе ёсць месца супрацьпраўным учынкам і высокім градусам, непакоіць і пажарная бяспека.


ДРАЎЛЯНЫ дом з выцвілай блакітнай фарбай у Дворышчы знешне непадобны на жылы. Па ўнутранай абстаноўцы таксама не скажаш, што тут пражывае “чалавек разумны”. У адным пакоі грудай навалены мяхі з рыззём. У цэнтры другога — інсталяцыя з пустых бутэлек з-пад віна, частка якіх адмакае ў місах з вадой. Сметніцу ўсыпаюць акуркі. На стале ля канапы попельніца, у цяжкім паветры пах цыгарэтнага дыму. Размову з саракачатырохгадовым гаспадаром інспектар РАНС пачаў пра небяспечнае курэнне. Пра стан электраправодкі гаварыць бессэнсоўна, бо электрычнасць адключылі. Аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка няма.


Стукаемся ў дзверы дома ў вёсцы Міёркі-2, дзе жыве яшчэ адзін аматар бестурботна-алкагольнага баўлення часу. Адчыняе яго пажылая маці. Відаць, парадак у пакоях трымаецца на ёй. Кантраляваць дарослага сына не па сілах. “Дома не начаваў. Па сябрах ды па сябрах, — гаворыць яна. — Усё з-за гарэлкі, каб не яна, было б спакайней”. Дом сагравае печ. Пабеленая, без трэшчын, са шчыльнымі дзверцамі. Апавяшчальніка не назіраем. Гаспадыня абяцае, што да наступнага візіту набудуць прыбор.


 ЕДЗЕМ у Камянполле. На адной з вуліц дом без даху і з абгарэлымі сценамі.
— Амаль два гады таму тут быў пажар. Гаспадар дома закурыў у ложку. Яго вынеслі з агню, даставілі ў бальніцу. Атрыманыя апёкі аказаліся несумяшчальнымі з жыццём, — расказвае Алег Бунта.


Сусед загінуўшага — падапечны крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. Вынік неасцярожнага абыходжання з агнём штодня ў яго перад вачыма. Пражывае з сям’ёй. Разам з жонкай працуюць у сельскай гаспадарцы, выхоўваюць дваіх дзяцей-школьнікаў. Заўвага па стане пажарнай бяспекі — умацаваць, ушчыльніць дзверцы ў печы.


Такая ж рэкамендацыя гаспадару наступнага дома. І яшчэ замяніць батарэйку ў апавяшчальніку і не курыць у жылым памяшканні. Падчас размовы мужчына то і справа цягне руку да пачкі цыгарэт. Пра наступствы курэння ў ложку ён ведае з уласнага вопыту. Некалькі год таму дазволіў сабе такую “вольнасць”. Пашанцавала застацца ў жывых, а столь у пакоі па-ранейшаму цёмная ад дыму.


РЭЙД інспектараў доўжыўся пяць гадзін і дзясяткі кіламетраў. Завіталі на кожны адрас. Каго не засталі дома, адшукалі па месцы працы. Нагадалі правілы, якія ведаюць вучні пачатковых класаў. Кожны, з кім вялі прафілактычную гутарку, пацвердзіў подпісам інструктаж. 

Каментарый старшага інспектара ІНіП РАНС Алега Бунты:
“Сур’ёзных парушэнняў правіл пажарнай бяспекі ў наведаных домаўладаннях не выяўлена. У пэўнай ступені грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, ратуе тое, што пражываюць не адны і іх родныя клапоцяцца пра належны стан пячнога ацяплення і апавяшчальнікаў. Сярод найбольш частых заўваг — адсутнасць ці няспраўнасць АПА, дзверцы ў печах, якія трэба падмацаваць. Каб выправіць такія парушэнні, не патрабуюцца вялікія матэрыяльныя і часавыя затраты. У выпадку ігнаравання заўваг домаўладальнікаў чакае адміністрацыйная адказнасць”.

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад