Галоўная > Грамадства > Да праекта з крышачкамі далучыліся выхаванцы і вучні Туркоўскай я/с-СШ

Да праекта з крышачкамі далучыліся выхаванцы і вучні Туркоўскай я/с-СШ


26-11-2018, 16:02. размясціў: gazeta

 Да сацыяльна-экалагічнага праекта “Новая жизнь в обмен на крышечки” далучыліся выхаванцы і вучні Туркоўскай яслі-сад — сярэдняй школы. “Для чаго мы збіраем крышачкі?” — пытаецца выхавальнік. “Каб дарыць!” — адказвае маленькая дзяўчынка. З вуснаў дзіцяці гучыць ісціна. Звычайныя пластыкавыя крышкі падораць дабрыню, надзею і радасць тым, хто мае ў гэтым асаблівую патрэбу.

ДЛЯ выхаванцаў малодшай дашкольнай групы рознакаляровыя пластыкавыя крышкі — і цацкі, і матэрыял для творчасці, а цяпер яшчэ і магчымасць рабіць дабро. Падтрымаць праект “Новая жизнь в обмен на крышечки” вырашыла выхавальнік Алена Сташкевіч.


— Пра гэтую акцыю чытала ў інтэрнэце, затым з раённай газеты даведалася, што збор крышачак распачалі на Міёршчыне. Ахвотна далучаемся разам з дзеткамі, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Збіраць крышкі для нас не нова. Выкарыстоўваем іх для гульні і творчасці. Зрабілі масажор, дарожку для ступняў. Дзецям падабаецца выкладваць з крышачак кветкі і фігуркі звяроў.


ВЫХАВАЛЬНІК не застаецца ў баку ад праблем экалогіі. Распрацоўвае тэму самаадукацыі “Экалагічнае выхаванне як умова фарміравання ў дашкольнікаў любові да роднага краю”. Ладзяць экскурсіі па аграгарадку, гавораць пра чысціню і парадак на вуліцах і ў сваім двары. Нядаўна прайшоў конкурс малюнкаў “У атмасферы эканоміі і беражлівасці”. Разам з бацькамі дзеці адлюстроўвалі на паперы, як трэба абыходзіцца з вадой, святлом і іншымі выгодамі.


— Імкненне клапаціцца пра свет вакол сябе, дапамагаць іншым, не заставацца раўнадушнымі да чужых праблем трэба закладваць з малых гадоў. А яшчэ важна быць актыўнымі і прымаць удзел у розных акцыях і мерапрыемствах, — упэўнена Алена Мікалаеўна.


МАЛЫЯ акуратна перасыпаюць крышачкі ў пакет. Яны ведаюць, што сабраная імі сыравіна паедзе ў Мінск, затым на перапрацоўчы завод, а выручаныя сродкі пойдуць на дапамогу хворым дзецям. Першы ўнёсак у добрую справу ад дванаццаці выхаванцаў малодшай дашкольнай групы і іх педагога — кілаграм крышачак. Гэта толькі пачатак.


— У школе ведаюць, што мы крышкі збіраем. Час ад часу нам і вучні іх прыносілі, — заўважае выхавальнік. — Асобны кантэйнер паставім на школьным калідоры. 

P.S. Колькасць пунктаў збору крышачак на Міёршчыне павялічваецца. У ліку новых удзельнікаў праекта — Чапукоўская і Сіцькоўская яслі-сад — сярэднія школы, Міёрскі дзіцячы сад №2.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад