Галоўная > Грамадства > На Міёршчыне праходзіў месячнік “Чалавек з белым кіем”

На Міёршчыне праходзіў месячнік “Чалавек з белым кіем”


26-11-2018, 11:42. размясціў: gazeta

 З 15 кастрычніка да 15 лістапада на Міёршчыне доўжыўся месячнік “Чалавек з белым кіем”. Яго дэвіз — “Даступнасць паслуг і сэрвісаў банкаў для людзей з інваліднасцю па зроку”. Прайшлі мерапрыемствы, мэта якіх — сацыякультурная дзейнасць, актыўны адпачынак, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем невідушчых. 

— У нашых радах 32 чалавекі, — гаворыць старшыня Міёрскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Ліліяна Батарчук. — На жаль, гэта не ўсе, хто ў раёне мае праблемы са зрокам. Такіх нашмат больш, але не кожны гатовы звярнуцца да нас са сваёй бядой. Таму адна з мэт акцыі — далучыць да аб’яднання як мага больш грамадзян з інваліднасцю, каб разам вырашаць паўсядзённыя пытанні.


 Ліліяна Аркадзьеўна расказала гісторыю ўзнікнення белага кія. Такая рэч — не проста апавяшчэнне акружаючым, што яе ўладальнік не такі, як усе. Гэта яшчэ і вочы невідушчага чалавека.


Спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з пярвічкай “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” праводзілі тэматычныя гутаркі, дэманстравалі відэаролікі.


 Падчас “круглага стала” з інвалідамі па зроку і маладымі інвалідамі абмеркавалі, наколькі паслугі “Белаграпрамбанка” і “Беларусбанка” ў Міёрах даступныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пра спецыяльныя прапановы і безбар’ернае асяроддзе ў сваіх установах расказалі начальнік ЦБП №216 “Белаграпрамбанка” Людміла Хован і спецыяліст “Беларусбанка” Галіна Рубанік. У падарунак атрымалі буклеты “Этыка зносін з невідушчымі людзьмі”.


Як абараніць зрок зімой, пракансультавала ўрач-афтальмолаг раённай паліклінікі Кацярына Зінькевіч. Пажадана насіць сонечныя акуляры, толькі шкляныя, а не пластыкавыя. Не дапускаць перасыхання вачэй: выкарыстоўваць увільгатняльнік паветра або ставіць ёмістасць з вадой на батарэю ацяплення ў памяшканні. Пры патрэбе капаць прэпараты натуральнай слязы. Рабіць гімнастыку для зроку.


Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання ТЦСАН Таццяна Шульга правяла практычны занятак па правілах суправаджэння інвалідаў па зроку з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Заклікала ўдзельнікаў аб’яднання не замыкацца ў сабе, займацца творчасцю, не падаць духам. І абавязкова трымацца разам: у будні і святы. 

ДАРЭЧЫ:
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва абсталяваны вугалок з ціфласродкамі (прыстасаванні, што палягчаюць людзям, у якіх праблемы са зрокам, працу і засваенне інфармацыі). Тут ёсць вагі, тэрмометр, будзільнік і гадзіннік, якія агучваюць паказчыкі, нож з дазатарам, спецыяльны кій, дазатар вадкасці і смартфон.

Фота аўтара.

Алена ВАРОНІНА.


Вярнуцца назад