Галоўная > Грамадства > На дзве гадзіны забыцца пра клопаты і справы

На дзве гадзіны забыцца пра клопаты і справы


23-10-2018, 15:08. размясціў: gazeta

 Прыемнымі кампліментамі, душэўнымі размовамі, вясёлымі конкурсамі запомніцца ўдзельнікам свята ў тэрытарыяльным цэнтры. Матулі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў на дзве гадзіны забыліся на свае клопаты і справы. Цёплым і шчырым танцам пад асеннюю мелодыю сустрэчу адкрылі Марына КАЙНАРАВА і яе сын Васіль. 

 Дырэктар ТЦСАН, старшыня ГА “Белая Русь” Алена Шамёнак жадала, каб даўжэй захоўвалася сувязь паміж маці і дзецьмі. Галоўнае — іх шчасце і дабрабыт.


Старшыня міёрскай пярвічнай арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Жанна Лаўрыновіч расказала пра дзейнасць аб’яднання. Пажадала здароўя, цярпення і дабрабыту ў сем’ях.


Хто ён, анёл, які клапоціцца пра нас, вучыць размаўляць і хадзіць, абараняе ад зла, накіроўвае на правільны шлях? Яго называюць мамай. Пра гэта распавёў прысутным відэаролік.


Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання ТЦСАН Таццяна Шульга нагадала хлопцам, каб не забывалі дарыць сваім матулям кампліменты:


 — Мілая, пяшчотная, любімая, светлая, цудоўная, — шчырымі, сардэчнымі словамі адорвалі самых родных людзей.
Пра хваробу з праваслаўнага пункту гледжання разважала настаўнік нядзельнай школы Таццяна Пацеенак.


— Немач — шлях да выратавання, — сцвярджала Таццяна Міхайлаўна. — І перанесці яе без Божай дапамогі цяжка.
Пастарайцеся зразумець, для чаго вам спаслана выпрабаванне. Не наракаць, а годна спраўляцца з абставінамі. Прыходзіць хоць зрэдку ў царкву, каб атрымаць духоўную падтрымку.


Не менш важна быць бадзёрым і аптымістычным. Любімых матуль запрасілі на танец іх сыны і дочкі. Кранальна абдымалі і асцярожна кружылі.


 Кожная маці — і выхавацель, і доктар, і псіхолаг, і повар. Свае ўменні даказалі ў конкурсах: медыцынскім, кулінарным, творчым. Вырашалі, як арыгінальна прымяняць падарункі, што дораць мужчыны. Пераможцы атрымлівалі багатыя вітамінамі ягады, фрукты і агародніну. Напрыканцы сустрэчы многія сабралі наборы, з якіх можна прыгатаваць паўнацэнны абед.


Вольга Савуць, маці аднаго з наведвальнікаў ТЦСАН, падзякавала работнікам цэнтра за дапамогу ў выхаванні і адаптацыі ў грамадстве маладых інвалідаў. За тое, што не адчуваюць сябе непатрэбнымі, за чулыя сэрцы.


Пранікнёныя словы запомняцца надоўга, шчырыя песні будуць саграваць сэрца ў золкае надвор’е, успаміны пра конкурсы прымусяць усміхнуцца падчас нягод. Галоўнае, каб даўжэй жыла і заставалася з намі МАМА. 

Фотаматэрыял аўтара.

Алена ВАРОНІНА.


Вярнуцца назад