Галоўная > Грамадства > Юлія Чаховіч на Міёрскім РВПС удала камплектуе стосы важных дакументаў

Юлія Чаховіч на Міёрскім РВПС удала камплектуе стосы важных дакументаў


9-10-2018, 11:30. размясціў: gazeta

 На першы погляд работа архівіста сумная, аднастайная. Мноства тоўстых папак з паперамі і нічога творчага. Аднак гэта не так, сцвярджае Юлія ЧАХОВІЧ, інспектар па кадрах раённага вузла паштовай сувязі.

Працаваць на пошту Юлія прыйшла ў 2010 годзе. Спачатку была сакратаром, пазней стала сумяшчаць кадравую справу з абавязкамі архівіста. Работа з паперамі заўсёды падабалася. Лічыць, што за кожным дакументам стаіць чалавек. Ёй цікава праглядаць старыя справаздачы, аўтабіяграфіі, загады.


— Сённяшнія дакументы радыкальна адрозніваюцца ад ранейшых. Цяпер пішуць па шаблонах. Напрыклад, біяграфія: нарадзіўся, вучыўся, ажаніўся. Чытаючы ранейшыя, адразу ўяўляеш лёс чалавека, яго сям’і. У іх адчуваецца душа, — заўважае субяседніца.


У пачатку года складаюць наменклатуру спраў. Гэта пералік усіх дакументаў арганізацыі. Ад таго, наколькі правільна яны аформлены і згрупаваны, залежыць час, які пазней затраціш, каб знайсці патрэбны. Кожны неабходна пранумараваць. А гэта па тры-чатыры папкі ў год толькі па асабовым саставе.


Аднойчы звярнулася жанчына, якая калісьці працавала на пошце. Давала водпуск асноўнаму работніку. Калі дакладна, не памятала: прыкладна 1985-1997г.г. Давялося перабраць каля сарака пяці папак. Патрэбныя дакументы так і не адшукалі, хаця папярэдніца Юліі Людміла Уладзіміраўна Варанцова граматна вяла справаводства. Знайшла спецыяліст шмат карыснага для сябе. Зацікавіла сістэма матэрыяльнага заахвочвання работнікаў, іх новаўвядзенні і вынаходніцтвы.


Папкі з дакументамі ў архіве раённага вузла паштовай сувязі займаюць паліцы да самай столі. Гэта ўжо няшмат, адзначае Юлія Чаховіч, нядаўна здалі ў архіў справаздачы за 1982-2014 гады. Хутка рэарганізацыя ўстановы, таму неабходна падрыхтаваць дакументы да 2017-га. Галоўнае — займацца гэтым пастаянна, каб не давялося потым вялізную работу выконваць тэрмінова.


З нагоды прафесійнага свята, што адзначалі 6 кастрычніка, жадае калегам сямейнага шчасця, здароўя і дабрабыту, а ў рабоце — мэтанакіраванасці і дакладнасці. 

ДАРЭЧЫ
У сярэднявеччы архівы давяралі толькі святарам, якія заслужылі асаблівую павагу. Стаць іх вучнем або памочнікам было складана, бо яны мелі доступ да важных дакументаў, захоўвалі таямніцы і сакрэты. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Алена ВАРОНІНА.


Вярнуцца назад