Галоўная > Грамадства > Дзісненскі клуб "Залаты ўзрост" з экскурсіяй наведаў Полацк

Дзісненскі клуб "Залаты ўзрост" з экскурсіяй наведаў Полацк


26-06-2018, 15:05. размясціў: gazeta

 Удзельнікі дзісенскага клуба “Залаты ўзрост” пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва любяць падарожнічаць. Нядаўна наведалі Полацк. 

Ёсць мясціны, дзе хочацца пабываць не раз і не два. Сваёй невытлумачальнай энергетыкай яны вабяць да сябе зноў і зноў. У гэтым упэўніліся дзісенцы падчас экскурсій у Спаса-Ефрасінеўскі манастыр і Сафійскі сабор.

ВЕЛІЧ манастыра ўражвае. Мноства кветак і зеляніны, парадак і дагледжанасць. Дзівосныя фрэскі ў Спаскім храме. Большасць з іх адрэстаўравана. Штодня гучаць малітвы ля мошчаў Прападобнай Ефрасінні ў Крыжа-Узвіжанскім храме. Сотні вернікаў звяртаюцца да святой за падтрымкай і спакоем. Жыццё Ефрасінні Полацкай — прыклад дабрыні, любові да Бога і да людзей, самаадказнага подзвігу, духоўнага ўдасканалення.


— У манастыры адчуваеш сябе нібы ў іншым свеце, — дзеліцца ўражаннямі валанцёр клуба Таццяна Бандарэвіч. — Задумваешся пра хуткаплыннасць жыцця. Гэта толькі імгненне ў Сусвеце і часе. У душу прыходзіць благадаць. Мітусня застаецца за рысай.


ЗА адну паездку не паспееш спазнаць усе скарбы старажытнага Полацка. Таму неўзабаве накіраваліся зноў. На гэты раз на канцэрт арганнай музыкі ў Сафійскі сабор. Велічныя гукі і непаўторная атмасфера пакінулі моцнае ўражанне.
У далейшых планах клуба — наведаць музей Язэпа Драздовіча ў Германавічах, храмы ў Мосары і Будславе.


Алена ІЛЬІЧОВА,

кіраўнік клуба “Залаты ўзрост”.


Вярнуцца назад