Галоўная > Грамадства > Міярчанка Лізавета ЦІТОВІЧ дорыць кветкі і кардонных матылькоў

Міярчанка Лізавета ЦІТОВІЧ дорыць кветкі і кардонных матылькоў


8-06-2018, 16:50. размясціў: gazeta

 Яшчэ ў двары шматкватэрнага дома можна здагадацца, што тут жыве чалавек, які ўмее заўважаць і ствараць прыгожае. Пад вокнамі — вялікая абкладзеная камянямі клумба з мноствам кветак. Сцяну ў калідоры гаспадыня пафарбавала ў яркі аранжавы колер, упрыгожыла матылькамі і вазонамі з жывымі кветкамі. 

Міярчанка Лізавета ЦІТОВІЧ дорыць на дні нараджэння родным і сябрам жывыя кветкі ў вазонах, а на памяць гасцям—стракатых кардонных
матылькоў.

— Гэта так цікава, столькі пазітыву дорыць, — гаворыць Лізавета Іосіфаўна пра свае захапленні. — Кветкі вельмі люблю. І ў доме іх вырошчваю, і ў двары. Калі збірала камяні для клумбы, суседзі жартавалі, маўляў, лепш цыбулю б пасадзіла. А мне падабаецца кветкамі займацца. Хачу яшчэ хвойныя дрэўцы пасадзіць.


Агарод у гаспадыні ёсць. Побач з бульбай, агуркамі, цыбуляй там штогод красуюць кветкі. Клумбу ў двары даглядае год чатырнаццаць, вырошчвае ў асноўным шматлетнікі.


КВАТЭРА Лізаветы Цітовіч нібы аранжарэя. Не стрымаеш здзіўлення, убачыўшы столькі вазонаў і сакавітай зеляніны. Расліны даглядае з любоўю, таму растуць здаровымі і прыгожымі. Раздае маладыя парасткі сябрам і знаёмым.


Госці бываюць часта. Прыходзяць сяброўкі рабіць прычоскі. Лізавета Іосіфаўна — цырульнік. Працавала ў Доме быту, даўно на адпачынку. Не верыць у прыкметы, таму сябе таксама сама стрыжэ. Не баіцца перамен і новых спроб. Дарэчы, цырульніцкая справа — не першая прафесія. Спачатку вучылася і працавала электрагазазваршчыкам. Гаворыць, што абедзве прафесіі творчыя.


ТВОРЧАСЦЬ з Лізаветай Цітовіч штодня. За праглядам тэлевізара вяжа кручком сурвэткі і тапачкі. Узоры прыдумвае сама. З непатрэбных кардонных каробачак з-пад зубной пасты, крэмаў, парфумы выразае матылькоў. Фарбуе іх лакам для пазногцяў і маркерамі. У кожным пакоі на сценах матылькі.


Згодна з фэн-шуй, матылёк увасабляе ўнутраную энергію чалавека. У аздобленае імі жыллё завітае радасць. Лізавета Іосіфаўна лічыць па-свойму:


— Чаму матылькі? Таму што гэта лёгкасць і рух. Часта назіраю за жывымі матылькамі, як весела яны пырхаюць у паветры.
Да таго ж, каб выразаць і фарбаваць, не патрэбна шмат матэрыяльных затрат. Каробачак хапае, лак і маркеры недарагія. І як цешаць вока матыльковыя кампазіцыі!


СЯБЕ Лізавета Іосіфаўна характарызуе як жыццялюба. Штодня рана ўстае, з ахвотай прымаецца за гаспадарчыя клопаты і любімыя справы. Увесь дзень чымсьці занятая. З бяз- дзеяннем і пасіўнасцю не знаёма. Улетку ў яе кватэры, як сама жартуе, пачынае працаваць міні-завод па нарыхтоўках садавіны і агародніны. Хатнія кансервы вязе дзецям і пляменніцы ў Віцебск, частуе імі сяброў. Сочыць за сваім харчаваннем, стараецца не ўжываць шкоднай ежы і ўвогуле весці здаровы лад жыцця. Адсюль энергія, актыўнасць, захопленасць. 

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


Вярнуцца назад