Галоўная > Грамадства > Жанчыны года Міёршчыны ў розных сферах

Жанчыны года Міёршчыны ў розных сферах


6-03-2018, 15:35. размясціў: gazeta

 Жанчына года ў сістэме аграпрамысловага комплексу

Кірынея ІВАНОВА — жывёлавод ВУПКУ "Міёрскі".
Гэта жанчына з экзатычным імем — карэнная жыхарка сяла. Шчасця не шукала далёка, пабудавала яго дома ў Пераброддзі. Выйшла замуж і засталася верная зямлі сваіх бацькоў. Яна корміць і грэе — лепш няма. Неверагодная любоў да родных мясцін і сялянскія карані прывялі на працу, дзе яе старанні аказаліся неабходнымі і значнымі, дзе рэалізуе свае здольнасці і лепшыя якасці. Надта добра атрымліваецца ў Кірынеі Івановай выконваць прафесійныя абавязкі жывёлавода.

Спадарожнічаюць па жыцці энтузіязм і звычка рабіць усё якасна. Акуратная жанчына шмат увагі надае санітарнаму стану рабочага месца. Вольнага часу практычна няма, але пастаянна цікавіцца новымі тэхналогіямі ў галіне. Добрасумленным стаўленнем да работы стварае спрыяльны клімат у калектыве. Заўсёды ветлівая і сціплая, назапашаным вопытам з задавальненнем дзеліцца з маладымі, для іх яна ўзор ва ўсім і прыклад для пераймання.


Прызванне, любімая работа — важнае ў жыцці. На душы спакойна і лёгка, калі дома ўсё ў парадку, ёсць падтрымка родных. Надзейная апора Кірынеі Мікалаеўны — муж, ён працуе трактарыстам-машыністам у гаспадарцы. Жывуць душа ў душу, нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей. Старэйшая Кацярына таксама засталася верная родным мясцінам, працуе заатэхнікам-селекцыянерам у ВУПКУ "Міёрскі". Выхоўвае траіх дзяцей. Сярэдняя Марына — у Наваполацку, занята ў аддзеле Дэпартамента аховы. Падарыла бацькам дваіх унукаў. Надзея жыве ў Браславе. Працуе галоўным спецыялістам землеўпарадкавальнай службы райвыканкама. Таксама двойчы мама. І сын Івановых — Максім — жанаты. Жыве ў Віцебску, ён майстар ТАА "Акітама". Радасна бацькам, калі ўся дружная сям'я збіраецца пад адным дахам.

 Жанчына года ў сістэме прамысловага комплексу і будаўніцтва

Дзіяна ПАЖАРСКАЯ — галоўны бухгалтар Міёрскай перасоўнай механізаванай калоны-55.

Існуе думка, што супрацоўніка больш незаменнага, чым галоўны бухгалтар, няма. З гэтым нельга не пагадзіцца. Сваю значнасць для калектыву, кіраўніцтва адчувае і Дзіяна Пажарская. Яе працоўная дзейнасць у ПМК-55 бярэ адлік з 2004 года. Надзейны і цвёрды тыл у асобе новага бухгалтара тут адчулі адразу. Глыбокія прафесійныя веды пацвярджаліся якасным выкананнем службовых задач. Хварэла за справу, за прадпрыемства, ведаючы, што менавіта ад бухгалтара залежыць многае. Яе работа бачылася з боку не проста сухім улікам лічбаў, а душэўнай працай з разуменнем.


Патрабавальная да сябе, здольная бачыць перспектыву і прымаць складаныя рашэнні. Умее рацыянальна размяркоўваць рабочы час. Гэтыя аргументы сталі асноўнымі для прызначэння Дзіяны Леанідаўны летам мінулага года на пасаду галоўнага бухгалтара. Глыбокія веды па спецыяльнасці і вопыт работы ў сферы будаўніцтва паўплывалі на паляпшэнне шэрагу паказчыкаў. Так, летась скараціліся чыстыя страты, узровень затрат знізіўся на 15,3%. Зменшылася пратэрмінаваная дэбіторская і крэдыторская запазычанасць на 29,2% і 17,3% адпаведна. Галоўны бухгалтар умее будаваць узаемаадносіны з калегамі, правільна аналізуе і выкарыстоўвае іх дзелавыя якасці. Энергіяй, энтузіязмам натхняе на стваральную працу ўсіх.
Пра работу Дзіяна Пажарская думае пастаянна, аналізуе кожную лічбу. Адпачываць лепш за ўсё дапамагае сям'я. Дома муж і дачушкі-двайняты Ганна і Анастасія. Яны—вучацца ў СШ№3 імя Я. Томка ў адзінаццатым класе. Прагныя да спазнання новага. Ганна неаднаразовая ўдзельніца ў алімпіядах па нямецкай мове, конкурсах міжнародных камунікацый. Абедзве захоплены спортам, танцамі, любяць чытаць, вандраваць, здымаць незабыўныя моманты на фотаапарат. Заўсёды першыя памочніцы матулі. Разам вырошчваюць агародніну і садавіну, збіраюць ягады і грыбы, кулінараць.


У вольны час Дзіяна Леанідаўна бярэ ў рукі цікавую кнігу, але ніколі не забываецца планаваць, каб усё рэалізоўвалася, нягледзячы ні на што.

 Жанчына года ў сістэме адукацыі

Аксана ШАРАГ — дырэктар Сіцькоўскай школы.
Захапляцца настаўніцкай працай Аксану Дзмітрыеўну натхніла менавіта матуля. 38 гадоў Марыя Антонаўна Кісель вяла дарогай ведаў вучняў пачатковых класаў Завуццеўскай школы. У спадчыну ад дарагога чалавека дачцэ дасталіся вялікае сэрца і любоў да дзяцей.
За сваю педагагічную дзейнасць, якая бярэ адлік з 1986 года, і Аксана Дзмітрыеўна навучыла чытаць і пісаць не адно пакаленне пачаткоўцаў. Гэта цікавая прафесійная дзейнасць цесна звязана з Мікалаёўскай школай. Першай настаўніцай дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак працавала тут да 2006 года. Пасля працяглы час вырашала арганізацыйныя пытанні дзейнасці ўстановы на пасадзе дырэктара. Тады і праявіліся яе майстэрства і лепшыя якасці адміністратара. З 2014-га ўзначаліла калектыў Сіцькоўскай школы.


Аксана Шараг не баіцца цяжкасцей і адказнасці. Заўсёды актыўная, з жаданнем ісці наперад. Неўтаймоўнай энергіяй зараджае калектыў, прымушае яго заўсёды верыць ва ўласныя сілы. Высокія арганізатарскія здольнасці дапамагаюць дырэктару школы яднаць педагогаў, таму яны рухаюцца ў адзіным парыванні, захопленыя агульнай справай. Камунікабельнасць Аксаны Дзмітрыеўны спалучаецца з уменнем упэўніць, адказнасць і патрабавальнасць — з тактоўнасцю і душэўнасцю. Перажывае за кожную дробязь. Такі настрой адчуваюць і вучні, і настаўнікі, таму шчыра любяць свайго кіраўніка, шануюць і паважаюць, ва ўсім падтрымліваюць.


Дома дырэктара школы чакае клапатлівы муж. Мікалай Аркадзьевіч дбайны гаспадар, старанны токар ААТ "Мікалаёўскі". Яны выхавалі цудоўных дачушак, далі ім вышэйшую адукацыю і ўжо аддалі замуж. Кацярына працуе сакратаром у Дзісенскай школе. У маладой сям'і падрастае сын Віталь. Бабуля і дзядуля да самазабыцця любяць унука і з нецярпеннем чакаюць яго ў госці. Наталля працуе бухгалтарам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Полацку.


У сям'і Шараг пануе добразычлівая, даверлівая атмасфера. Умелае кіраванне хатнімі справамі, клопат адно пра аднаго дазваляюць захоўваць цяпло адносінаў і дабрабыт. Рэдкія хвілінкі адпачынку Аксана Дзмітрыеўна прысвячае любімым кветкам. Летам дом патанае ў ружах, вяргінях, сабрана ўнікальная калекцыя ўзумбарскіх фіялак. Кажуць, кветкі адчуваюць атмасферу жылля, напэўна, таму так радуюць фарбамі і пышнымі бутонамі з ранняй вясны да позняй восені.

 Жанчына года ў сістэме культуры, паслуг і сацыяльнай абароны

Валянціна ГРАНОЎСКАЯ — закройшчык пятага разраду.
У 1987 годзе пасля Полацкага тэхнічнага вучылішча №2 маладым спецыялістам Валянціна рабіла першыя практычныя крокі ў Міёрскім КБА. Тут дасканала асвоіла тэхналогію швейнай справы, праявіла прафесійнае майстэрства і здольнасці па пашыве адзення. Высокі ўзровень адказнасці і творчы падыход дазволіў краўцу жаночай лёгкай сукенкі стаць закройшчыкам.
Работа няпростая. Трэба дэталёва прапрацаваць заказ: выбраць мадэль, фасон, тканіну, падабраць фурнітуру. Затым зняць меркі і нарэшце прыступіць да пабудовы выкраек. Ідуць гады, з'яўляюцца новыя тэндэнцыі ў адзенні. Валянціна Граноўская стараецца выконваць усе функцыі ў духу часу. Здараюцца цікавыя заказы. Таму ў рабоце ніякай аднастайнасці, кожны дзень — цікавы творчы працэс.


У міёрскай сферы бытавога абслугоўвання Валянціна Антонаўна занята ўжо 31 год. У калектыве карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. За бездакорнае выкананне прафесійных абавязкаў неаднаразова заахвочвалася адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам.


Дома творчая натура Валянціны Антонаўны таксама неўтаймоўная. З задавальненнем пляце цудоўныя рэчы з бісеру, вяжа пруткамі і кручком, вышывае. У аўры любові і клапатлівага догляду гаспадыні пышна буяюць пакаёвыя кветкі. У Граноўскіх заўсёды пахне свежай выпечкай. Пірагі, торты, кексы з задавальненнем спажывае гаспадар — вялікі аматар смачнага. Дружныя бацькі выхавалі дастойнага сына, які працуе ў кампаніі "РосЭнергаКантракт".

 Жанчына года ў сістэме аховы здароўя

Святлана ЛАЎРЫНОВІЧ — старшы фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Міёрскай ЦРБ.
Фельчар павінен ведаць усе раздзелы медыцыны, а не канкрэтны накірунак. Для таго, каб правільна паставіць дыягназ, аказаць кваліфікаваную першую дапамогу, пры неабходнасці даставіць пацыента на стацыянарнае лячэнне. Святлана Лаўрыновіч выйшла з Полацкага медыцынскага вучылішча грунтоўна падрыхтаваным спецыя-лістам. Атрыманыя веды ўмела рэалізуе на практыцы ў цэнтральнай раённай бальніцы з 1991 года. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю фельчара.


У экстраных сітуацыях Святлана Іванаўна сабраная, здольная хутка рэагаваць і прымаць правільныя рашэнні. Заўсёды эмацыянальна ўстойлівая, хоць гэта маральна няпроста. Людзі розныя, трэба знайсці падыход да пацыентаў і падначаленых. Кожны выклік—нечый боль, патрабуецца ўвага, клопат, падтрымка. Тым часам брыгады хуткай дапамогі павінны працаваць зладжана, аказваць якасную медыцынскую дапамогу. Старшы фельчар умее спачуваць і пры ўласцівай ёй непамернай прыроднай сціпласці і дабрыні прафесійна накіроўваць дзейнасць калектыву. Разам з калегамі ўдасканальвае практычныя навыкі на курсах павышэння кваліфікацыі, вывучае метадычную літаратуру, дапамагае маладым спецыялістам рабіць першыя крокі па прафесійнай ніве.


З пачуццём вялікага задавальнення ад таго, што выратавана жыццё, аказана дапамога, хтосьці выслуханы Святлана Іванаўна вяртаецца дадому. Хутка зноў да баявой гатоўнасці, але знаходзіць час на цікавыя захапленні. Разам з дачкой Аленай, якая працуе інструктарам-метадыстам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, любяць падарожнічаць па Беларусі, пабывалі ў некаторых краінах Еўропы.
У сям'і Лаўрыновічаў пануюць мір, лад і ўзаемапавага. Тут заўсёды рады гасцям, дораць пазітыў, удзел і клопат.


Вярнуцца назад