С уважением ... к мусору на Миорщине

С уважением ... к мусору на МиорщинеУ інтэрнэце набірае папулярнасць сацыяльны ролік, у якім яноты-барабаншчыкі сартуюць смецце. У канцы відэа з'яўляецца красамоўны слоган "Наша забота, а не енота". Ёсць, над чым задумацца. Цікава, як прывучыць менавіта беларуса да паасобнага збору смецця? Журналісты раённай газеты сабраліся за круглым сталом.

 

С уважением ... к мусору на МиорщинеАлена БАСІКІРСКАЯ: 

"Запасёмся цэлафанам і кошыкамі"
—Найперш трэба некалькі кошыкаў і шмат пакетаў. Нават прыйдзецца заплюшчыць вочы на тое, што кухня маленькая і няма куды гэтае "багацце" ставіць… Але справа таго вартая.
Між тым паглядзіце, як ахвотна народ кідае ПЭТ-бутэлькі ў асобны бак. Чаму? Справа ў тым, што кантэйнер празрысты і, такім чынам, бачны вынік агульнай справы. Акрамя ўсяго іншага, варта стварыць рознаколерныя яркія і дагледжаныя ёмістасці з канкрэтным грунтоўным размежаваннем. Напрыклад, ПЭТ, шкло, адзенне/абутак, іншыя адходы. Спачатку вылучыць самае істотнае і толькі потым, калі прапанова прыжывецца, дзяліць смецце на паперу, бытавыя рэшткі і падобнае.


Эліза БЛАЖЭВІЧ:
"Трэба ўсталяваць больш бакаў"
—Неабходна павялічыць у гарадах колькасць кантэйнераў для паасобнага збору смецця, абавязкова ўстанавіўшы іх ля кожнага шматкватэрнага дома і на вуліцах з прыватнай забудовай. Паводле апытання каля 25 працэнтаў гарадскіх жыхароў гатовы сартаваць цвёрдыя бытавыя адходы, калі гэтая ўмова будзе выканана. А ўдзел чвэрці грамадзян дазволіць вылучыць з агульнага аб'ёму смецця каля 6-10 працэнтаў другаснай сыравіны, што прынясе станоўчы эканамічны эфект.
Таксама важна работнікам жылкамгаса своечасова спусташаць кантэйнеры, асабліва ў выхадныя дні і пасля іх. Дарэчы, на вуліцы з дамамі сядзібнага тыпу смеццязборачныя машыны прыязджаюць толькі два разы ў месяц. Гэтага мала.
А ўвогуле, можа трэба не сартаваннем займацца, а актыўней працаваць нарыхтоўшчыкам? Чаму б не арганізаваць менавіта ў нашым райцэнтры штодзённы падваравы збор другаснай сыравіны ў позні вячэрні час, калі людзі вяртаюцца з працы? І тады б значна паменела ў кантэйнерах смецця, якое мае "другое жыццё".

 

С уважением ... к мусору на МиорщинеНаталія СТАНКЕВІЧ:
"Калі хочаш змяніць штосьці навокал, пачні з сябе"
—Сартаванне смецця—захапляльны занятак, скажу я вам. Неабходна толькі ўвайсці ў смак і ўзяць за звычку. Калі з'явіліся спецыяльныя кантэйнеры для ПЭТ-бутэлек, рука больш не паднялася апускаць іх у ёмістасці не па прызначэнні. Макулатура—паперка да паперкі, нават кардонныя ўпакоўкі ад зубной пасты адкладваюцца ў асобнае месца. Сабранае адвозіцца на работу, каб дапоўніць кілаграмы па выкананні плана па зборы другаснай сыравіны. Знаходзіцца прымяненне і старому аддзенню, якое адпраўляць на звалку, лічу, вялікай раскошай. Рэшткі са стала—добры гасцінец для катоў, якія нясуць вахту ля зборніка смецця. Іх лепш задобрыць па прыбыцці, каб не стваралі навакольны хаос у раскопках пасля вашага візіту. Шклотару, поліэтылен няцяжка апусціць у кантэйнеры з адпаведнай маркіроўкай. Для адпрацаваных элементаў сілкавання ёсць ёмістасць у Доме гандлю. Усё астатняе без згрызот сумлення можна аднесці да змешаных адходаў.

 

С уважением ... к мусору на МиорщинеІгар МАТЭЛЕНАК:
"Няхай звычка раздзяляць адходы стане моднай"
—Каб справа размежавання смецця стала больш эфектыўнай і масавай, варта паказваць па тэлебачанні яшчэ больш сацыяльнай рэкламы для моладзі. Раздзельны збор адходаў павінен прапагандавацца, як паўсюдна амерыканскі стыль жыцця. Няхай звычка выкідваць пластыкавыя бутэлькі ў адзін бак, а шкло ў іншы таксама стане моднай.
Можна нават праводзіць спаборніцтвы паміж зборнымі шматпавярховак! Хто больш сур'ёзна паставіцца да агульнай справы, таму на будучы месяц—ільготныя тарыфы на камуналку. Разумею, што ўсё гэта складана арганізаваць. Патрэбныя, па меншай меры, бакі ля кожнага дома. Але чаму б не паспрабаваць? Выдаткі акупяцца з лішкам.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК:
"Павінна быць сістэма…"
—У кожнай справе павінна быць сістэма. У паасобным падзеле смецця—таксама. Пачынаць трэба з кватэры, дзе патрэбна мець хаця б тры адпаведныя ёмістасці (вёдры). Але я жыву ў прыватным сектары, куды смеццявоз прыязджае праз два тыдні. І вось я вынес свае дамашнія "кантэйнеры", а ў машыне высыпаў іх у адзін агульны? Спачатку трэба прадугледзець тэхнічную магчымасць паасобнага збору смецця.

 

С уважением ... к мусору на МиорщинеКацярына РЫНКЕВІЧ:
"Смецце—матэрыял для творчасці"
—Пластык, пластмаса, цэлафан—пагроза для экалогіі і знаходка для творчай асобы. Гаспадар з фантазіяй і ўмелымі рукамі не выкіне ў сметніцу пластыкавыя бутэлькі і ёмістасці з-пад ёгуртаў ці смятаны.
Напэўна, у кожнай вёсцы нашага раёна знойдзецца двор, упрыгожаны кветкамі, пальмамі, фігуркамі, зробленымі з непатрэбных рэчаў. Некаторыя ўмельцы прызнаваліся, што спецыяльна ходзяць на сметнік за бутэлькамі.
У інтэрнэце багата майстар-класаў па вырабе ўпрыгожванняў для дома і двара. З пластыкавых латкоў для яек атрымліваюцца арыгінальныя кветкавыя шары. Сапсаваныя СD ці DVD дыскі з дапамогай дэкупажу ператвараюць у прыгожыя пано і падстаўкі для посуду. Пакеты з-пад малака, кефіру, марской капусты рэжуць на палоскі, а пасля кручком вяжуць з іх дыванкі і сумкі. Падыдзе для гэтага і старое адзенне. З газетных трубачак плятуць кошыкі і вазы. Дзіравы гумовы бот ці зношаны красовак паслужаць клумбай для петуній.
Дарыць рэчам другое жыццё—захапляльна для сябе і карысна для навакольнага асяроддзя. Не ляжыць душа да творчасці і рукі не адтуль растуць? Аддайце непатрэбнае смецце тым, хто знойдзе яму новае прымяненне.

 

С уважением ... к мусору на МиорщинеВольга ВІШНЕЎСКАЯ:
"Трэба тлумачыць правілы збору смецця з дзяцінства"
—Лічу, што культура адносін да прыгожага і ўтульнага наваколля павінна фарміравацца са школьных гадоў і нават раней, калі дзіця толькі пачынае ўсведамляць, што добрае, а што дрэннае. Не выключаю, што выхавальнікі і настаўнікі тлумачаць асноўныя правілы беражлівых адносін да прыроды. Але аднаго ці двух урокаў у месяц недастаткова для таго, каб засвоіць ісціны падобна табліцы множання. Настаўнікам у гэтым павінны дапамагаць і бацькі, а найлепшы ўрок—уласны прыклад і сумесны раздзел адходаў пасля прыбірання!
А пакуль бачым смецце вакол. Нават на Міёрскім возеры, як паплаўкі, тырчаць пластыкавыя і шкляныя бутэлькі. Можа, наша грамадства яшчэ не гатова да прыняцця гэтай часткі еўрапейскай культуры? Задумаемся...

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.