З актавай залы Дзісенскага філіяла Цэнтра дзяцей і моладзі лілася музыка. Гукі баяна чуліся яшчэ з парога. Гэта артысткі з мясцовага дзіцячага садка рэпеціравалі перад канцэртам. Пакрысе сталі збірацца гледачы.
Мерапрыемства ў мінулую пятніцу, 25 лістапада, ладзілі для людзей сталага ўзросту. Запрасілі на агеньчык усіх жадаючых. Большасць месцаў занялі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, якім загадвае Ірына Ісаковіч. Менавіта яна і была ініцыятарам мерапрыемства. Канцэртную праграму падрыхтавалі выхаванцы і калектыў Дзісенскага дзіцячага садка. Далучыліся да іх гарадскі Цэнтр культуры і філіял дзіцячай школы мастацтваў.
Узнімалі настрой жартоўнымі тэатралізаванымі пастаноўкамі, прыпеўкамі, любімымі песнямі даўніх добрых часоў. Святлана Доўнер, Аляксей Астукевіч, Святлана Протас, Зінаіда Найдзёнак і іншыя выканаўцы злавілі шмат шчырых усмешак і цёплых апладысментаў. Артысты параілі сваім гледачам не сумаваць, а на развітанне пажадалі шчасця знаёмай ўсім песняй.