Авторизация
 

У ліку лепшых страхавых агентаў па Міёрскім раёне

В числе лучших страховых агентов по Миорскому районуКожную раніцу Рэгіна МАРОЗЬКА заводзіць уласны "Нісан Мікра" і накіроўваецца на працу. Маршруты штодня розныя, але з году ў год паўтараюцца. Дадаюцца новыя. Рэгіна Францаўна—страхавы агент. Гэта прафесія з тых, дзе кормяць ногі ці колы.

Арыенцір—лісток паперы
З цемры лістападаўскай раніцы пакрысе акрэсліваюцца абрысы наваколля. "Хвілін праз пятнаццаць буду",—адказвае на званок Рэгіна Францаўна. Па дарозе з Дворнага Сяла яна заедзе ў рэдакцыю ўзяць у кампанію карэспандэнта. Ужо размаўляла з інспектарам Белдзяржстраху, па тэлефоне здала справаздачу за ўчарашні дзень. Гэта пастаянны ранішні рытуал.
Сённяшнія планы—на асобным лістку паперы. Пазначаны страхавальнікі, якіх трэба наведаць і прадоўжыць дагаворы. З некаторымі дамаўлялася ўчора па мабільным. У спісе больш за дзясятак прозвішчаў. Адрасы не ўказаны, ведае іх на памяць.

В числе лучших страховых агентов по Миорскому районуНовы бланк дагавор падаўжае
У Пад'ельцах страхавога агента чакае вадзіцель хуткай дапамогі. Ён толькі вярнуўся з працы, дзяжурыў у начную змену. Дом і маёмасць страхуе добраахвотна не першы год, таму мае скідку. Каб яе не страціць, трэба паспець прадоўжыць дагавор да заканчэння тэрміну дзеяння. На запаўненне страхавога полісу затрачваецца каля 15 хвілін. У адведзеныя лінеечкі Рэгіна Францаўна акуратным почыркам упісвае пашпартныя дадзеныя страхавальніка, суму, на якую страхуюцца дом і маёмасць, іншыя дадзеныя. Развітваемся з гаспадаром і ідзём да яго суседкі праз дарогу. Ёй агент папярэдне не тэлефанавала.
—Добрай раніцы! Напэўна, не чакаеце мяне,—вітаецца страхаўшчык.
—Тых, хто грошы прыносіць, заўсёды чакаю. А Вас не вельмі,—жартуе жанчына і запрашае ў дом.
У яе заканчваецца страхоўка на карову. Рэгіна Францаўна дастае чарговы бланк.

Ад медыцыны далёка, да псіхалогіі блізка
Папкі з дакументамі кампактна змяшчаюцца ў чорным партфелі са шчыльнай тканіны. Гэта падарунак да 90-годдзя "Белдзяржстраху". Рэгіна Францаўна ў прадстаўніцтве страхавой кампаніі па Міёрскім раёне з 2004 года. Па дарозе з Пад'ельцаў у райцэнтр расказвае сваю біяграфію.
Марыла стаць медсястрой, але не прайшла па конкурсе. Затое была загадчыкам клуба, кінамеханікам, сельскім працаўніком, землеўпарадкавальнікам. Актыўнічала ў грамадскім жыцці. Дзесьці захоўваецца трылогія Якуба Коласа "На ростанях"—падарунак за лепшае афармленне насценгазеты ў раённым конкурсе. Завочна атрымала прафесію бухгалтара. І задаволена, што працуе страхавым агентам.
—Справу, якой займаешся, трэба любіць,—лічыць Рэгіна Францаўна.—Абавязана ведаць асаблівасці кожнага віда страхавання, тлумачыць іх кліентам. Не менш важна з павагай ставіцца да людзей. Усе розныя, да кожнага асобны падыход. Страхавы агент—гэта яшчэ і псіхолаг.
Нярэдка страхаўшчыку расказваюць пра свае праблемы, дзеляцца перажываннямі. Па зносінах Рэгіны Францаўны з кліентамі бачна, што яна ў курсе спраў сваіх падапечных. Нават калі час прыспешвае, затрымаецца на хвілінку-другую. Разумее, людзям хочацца пагаварыць. Асабліва ў сталым узросце і ў малалюднай вёсачцы.

Месца сустрэчы змяніць можна
У кожнага страхавога агента свая тэрыторыя адказнасці. На ўчастку Рэгіны Марозька вёскі Пад'ельцы, Канахі, Свярдлы, Загор'е, Станулева, Блажкі, Міёркі-2 і некаторыя іншыя. Падапечныя арганізацыі—раён электрасетак, аддзел па надзвычайных сітуацыях, Міёрскі раён газазабеспячэння, ААТ "Пад'ельцы". Гэта не азначае, што афармляць страхавыя дагаворы з работнікамі іншых прадпрыемстваў забараняецца. Страхавальнікі могуць працаваць дзе заўгодна. Знайсці новых часам у чарзе ў магазіне надарыцца.

—Бывае, тлумачу ўмовы страхавання кліенту дзе-небудзь у грамадскім месцы, хтосьці таксама зацікавіцца. Падыдзе, распытае. Так з'яўляюцца новыя кліенты,—гаворыць страхавы агент.
Заключыўшы дагавор па добраахвотным страхаванні на год, пасля важна падаўжаць тэрмін дзеяння. У сучасных эканамічных умовах гэта праблемна. Асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе працаўнікі атрымліваюць заробак з затрымкамі. Аплаціць страхавы ўзнос адразу ў поўным аб'ёме складана пенсіянерам і іншым катэгорыям грамадзян. Агент ідзе насустрач і прапануе растэрміноўку.
Са страхавальнікамі Рэгіна Францаўна сустракаецца ў розных месцах. Да адных дадому прыходзіць, да іншых—на работу. Сустрэчу вадзіцелю, у якога заканчвалася абавязковая страхоўка на аўтамабіль, прызначыла ў будынку прадстаўніцтва "Белдзяржстраху". Якраз знаходзіліся недалёка, калі ён патэлефанаваў.

В числе лучших страховых агентов по Миорскому районуПра тэхнічную падтрымку
Мабільны тэлефон для страхавога агента даўно перастаў быць раскошай. Гэта, можна сказаць, прылада працы. Дзень, час і месца сустрэчы агаворваюцца з кліентамі загадзя. У "дамабільны перыяд" страхаўшчыкам здаралася "цалаваць замкі" на дзвярах. Цяпер нумары страхавальнікаў у памяці тэлефонаў, а дзверы адчынены.

Аўтамабіль таксама службовая неабходнасць. Вадзіцельскі стаж Рэгіны Францаўны пяць поўных год. Раней карысталася паслугамі мужа ці грамадскім транспартам. Атрымала права на кіраванне—і даказала сабе і іншым, што стаць вадзіцелем не позна ў любым узросце. За рулём адчувае сябе ўпэўнена. Нават у вялікім горадзе.

І яшчэ раз вучыцца
Справіўшыся ў райцэнтры, накіроўваемся ў вёску Свярдлы. Там трэба прадоўжыць два дагаворы па добраахвотным страхаванні дома і маёмасці. Гэта папулярная паслуга. Жыхары кватэр страхуюць адразу жыллё, маёмасць і грамадзянскую адказнасць за кватэру. Пад апошнім маецца на ўвазе наступнае. Калі, да прыкладу, затопяць суседзяў, гэта будзе з'яўляцца страхавым выпадкам. Кампенсацыю выплаціць "Белдзяржстрах". Распаўсюджана страхаванне ад няшчасных выпадкаў. Між тым паслуг куды больш. Можна застрахаваць новенькі планшэт і пародзістага сабаку, веласіпед і экзатычнага папугая, ноутбук і шмат іншага. Штотыднёва па аўторках у агентаў вучоба па асобных відах страхавання. Пасля здаюць залікі, аналізуюць памылкі.

У фінале
Працоўны дзень страхавога агента Рэгіны Марозька—гэта рух і зносіны. Калі са спіса выкрэслены ўсе прозвішчы, едзе дадому ў Дворнае Сяло. Часам на гадзінніку даўно за 17.00. Увечары патэлефануе камусьці са страхавальнікаў і на асобным лістку напіша ў слупок больш за дзясятак прозвішчаў. Заўтра новы дзень, новыя бланкі і сустрэчы з даўно і добра знаёмымі страхавальнікамі.

Важна адзначыць
У ліку лепшых страхавых агентаў называе Рэгіну Марозька дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Міёрскім раёне Ірына Крук. "Яе сумленнае стаўленне да службовых абавязкаў, адказнасць, уменне знайсці падыход да людзей уражваюць і заслугоўваюць павагі, —заўважае кіраўнік. —На высокія вынікі Рэгіна Францаўна нацэлена ў першую чаргу таму, што любіць сваю работу. Нібы вучаніца-выдатніца, ва ўсім імкнецца да дасканаласці".
Дзень, праведзены са страхавым агентам, пацвердзіў словы дырэктара. У прафесіі страхаўшчыка няпроста сцвердзіцца. Таму што трэба ісці да людзей з усмешкай, нягледзячы на ўласны настрой. Ахвяраваць асабістым часам, бо на першым плане інтарэсы страхавальнікаў. Дасканала ведаць правілы страхавання і зразумела тлумачыць іх кліентам. Таму што за дзень трэба пабываць у розных месцах і сустрэцца з рознымі людзьмі, раздзяліць іх радасці і перажыванні, паспачуваць і падбадзёрыць, а ўвечары сагрэць цяплом і акружыць увагай сваіх блізкіх. На гэта патрэбны энергія, цярплівасць і, галоўнае, захопленасць справай, якой займаешся.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 98 625
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 94 848
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 90 657
  • 1

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 43 636
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 42 720
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 764
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 922
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 4 декабря 2020


Именины 3 декабря 2020
Александр, Алексей, Анатолий, Арсений, Василий, Владимир, Григорий, Емельян, Иван, Иларион, Иосиф, Исаакий, Макар, Николай, Анна, Татьяна, Фекла

Госці краін

free counters
Партнеры сайта