Пётр Хилько на Миорщине — бывший активист в депутатской и общественной работе

Пётр Хилько на Миорщине — бывший активист в депутатской и общественной работеПрадстаўляць Пятра Міхайлавіча Хілько на Міёршчыне асаблівай патрэбы няма. Яго намаганні па развіцці электрасувязі ў якасці начальніка РВЭС і выдатнага спецыяліста на розных пасадах у гэтай сферы ацэнены надта рэдкімі для правінцыі нагруднымі знакамі "Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва Міністэрства сувязі СССР" і "Ганаровы сувязіст Беларусі", мноствам іншых узнагарод.

На працягу дзесяцігоддзяў быў актывістам у дэпутацкай, грамадскай, спартыўнай рабоце. Даўно дасягнуў пенсіённага ўзросту, але працягвае працоўную дзейнасць, удзельнічае ў ветэранскім руху. А падставай сустрэцца з ім напярэдадні чарговай гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі стаў той факт, што П.М. Хілько  па-ранейшаму лічыць сябе камуністам і з'яўляецца членам цяпер нешматлікай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. Вось карэспандэнт раённай газеты і скіраваўся да вэтэрана, каб высветліць яго адносіны да цяперашняга дзяржаўнага свята ў Беларусі—Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
 
—Без такой падзеі як Кастрычніцкая рэвалюцыя не было б і нашай незалежнай дзяржавы Рэспубліка Беларусь, —упэўнены Пётр Міхайлавіч.—На шляху да яе станаўлення пакаленні нашых суайчыннікаў не шкадавалі сіл для ўмацавання і абароны агульнай Радзімы—СССР. І ў першых радах будаўнікоў Саюза ішлі камуністы. Лічу, што радавым членам Кампартыі няма чаго саромецца за мінулае, бо кожны з іх быў стваральнікам будучыні, абаронцам краіны, актывістам грамадскай работы. Вось і мой бацька ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай, кантужаны пад Кенігсбергам. Дзядзя—  капітан-кавалерыст, вярнуўся з фронту пасля баёў за Будапешт інвалідам. Але абодва былі камуністамі і потым паездзілі па будоўлях вялікай краіны.

 Пётр Хилько на Миорщине — бывший активист в депутатской и общественной работеЯ нарадзіўся ўжо ў мірны час. Служыў на Пскоўшчыне ў ракетных войсках, старшым майстрам, сяржантам абслугоўваў тэрмаядзерныя боегалоўкі. Справа адказная, ганарыўся, што разам з іншымі воінамі забяспечваў не толькі абарону Радзімы, але і падтрымліваў мір ва ўсім свеце. Не выпадкова ў час службы ўступіў у партыю. Яе лозунгі і цяпер лічу правільнымі, а чым не адпавядае маралі і сумленню кодэкс будаўніка камунізму? Калі толькі ў адносінах да рэлігіі не трэба было быць такімі катэгарычнымі.
Лічу, што нельга адрасоўваць радавым камуністам папрокі аб развале КПСС і СССР, у гэтым віна высокага кіраўніцтва, якое прапаноўвала народу прывабныя праграмы, але недастаткова дамагалася іх рэалізацыі. Хаця яшчэ не забыты калісь стабільныя цэны, бясплатныя кватэры, сацыяльны аптымізм, вера ў асаблівыя рысы савецкага чалавека. А таму надта крыўдна і за калісь шматлікую партыю, і за вялікую краіну, і за магутную дзяржаву. 

На мірнай працы мне пашчасціла на добрых настаўнікаў. Садзейнічалі прафесійнаму станаўленню Павел Сцяпанавіч Шнітко, Віктар Аляксеевіч Гаплеўскі і Васіль Антонавіч Хаткевіч. Многае пераймаў у сакратароў пярвічнай партарганізацыі вузла сувязі, жыццёвай мудрасці вучыўся ў Фаіны Васільеўны Вінаградавай, сумленнасці— у Аляксандры Канстанцінаўны Паплаўскай, адказнасці за справы—у Лідзіі Міхайлаўны Пальчэх. І сам узначальваў спачатку камсамольскую арганізацыю сувязістаў, затым—партыйную, цяпер—ветэранскую. Хапала энергіі на выкананне дэпутацкіх абавязкаў, пяць скліканняў уваходзіў у склад гарадскога, затым раённага Саветаў. Арганізоўваў рэйды групы народнага кантролю, дзяжурствы—членаў добраахвотнай народнай дружыны, спаборніцтвы—нашых спартсменаў. Сведчаннем, што ў спартыўнай рабоце сувязісты былі  сярод лепшых, засталася асабіста мне Грамата Вярхоўнага Савета БССР.

Працяглы час працаваў галоўным інжынерам раённага вузла сувязі, затым узначальваў раённы вузел электрасувязі. Лічу, што ў нашым калектыве ўсе работнікі былі адказныя, сумленныя, на-дзейныя. З такімі і ў разведку, і ў бой можна ісці смела. Вялікі ўклад ў развіццё электрасувязі Міёршчыны ўнеслі брыгадзіры паветраных ліній Мікалай Нікіфаравіч Кухаронак і Аркадзь Мікалаевіч Шараг, акумулятаршчык Эдмунд Сяргеевіч Скукоўскі, кабельшчык-спайшчык Сяргей Харытонавіч Шпаранкоў, механік Іосіф Іосіфавіч Мікуцкі. Цэлую дынастыю пакінуў у сувязі пасля сябе дыспетчар, тэхнік, спецыяліст на ўсе рукі  і ў дадатак—партгрупорг Міхаіл Міхайлавіч Мішута. Такіх спецыялістаў і ў вобласці мала, як інжынер Аляксандр Раманавіч Пушкель. Адказнымі і надзейнымі памочнікамі з'яўляліся Таццяна Аляксееўна Мінчына і Антоній Сяргеевіч Шадурскі. 

Выдатнымі знатакамі сваёй справы запомніліся эканаміст Тамара Канстанцінаўна Сцепулёнак, бухгалтары Міраслава Аркадзьеўна Ермаловіч і Таццяна Паўлаўна Шаўчонак. 
Шкада, што не магу назваць усіх.
Калісь у нашай партарганізацыі было больш за два дзясяткі членаў, не памылюся, калі скажу, што яны з'яўляліся ядром калектыву, лепшымі працаўнікамі. Усе мы адчувалі пратрабавальнасць райкама партыі. Была прафесійная і палітычная вучоба, адсочваўся і забяспечваўся прыступка за прыступкай кар'ерны рост самых здольных.

Радуе, што і цяперашняе пакаленне сувязістаў працягвае лепшыя даўнія традыцыі, папаўняецца адукаванымі спецыялістамі.
У савецкія часы нярэдка партыйнасць станавілася сямейнай рысай. З партбілетам працавала настаўніцай хіміі і біялогіі ў СШ №1 мая жонка Ванда Браніславаўна. Па нашых слядах пайшлі дзеці. Дачка Ірына вучыць дзяцей, лаўрэат прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Юлія і Яўген працуюць у сувязі. Валерый стаў ваенным.
У заключэнне скажу, што не трэба забываць мінулае, нельга яго перакрайваць. Гэта наша гісторыя і жыццё не толькі старэйшага пакалення. Неабходна толькі рабіць вывады, скіраваныя да лепшага. І старанна працаваць.
Усіх—са святам Вялікага Кастрычніка!

Запісаў Леанід МАТЭЛЕНАК.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.