Чествовать детишек, родившихся на Миорщине в День мира
gazeta 25-10-2016, 14:54 0 Грамадства—Ушаноўваць дзіцятак, якія нарадзіліся ў Дзень міру, пачалі не так даўно,—уводзіць у курс спраў кіраўнік раённай арганізацыі Фонду міру Ала Смерцьева,—але на працягу некалькіх гадоў у нашым раёне іх не было зусім. Першым дзіцём міру, менавіта так называюць тых немаўлятак, што з'явіліся на свет 21 верасня, стала ў 2015-ым Таіса Лаўрыновіч з Паташні.
А вось гэты год больш "ураджайны", у тую вераснёўскую сераду ўпершыню падалі голас дзве дзяўчынкі.
20 кастрычніка Ала Пятроўна наведала абедзьвюх, каб уручыць адпаведныя пасведчанні-сертыфікаты, сувеніры, пэўныя сумы і, вядома, павіншаваць шчаслівых мам.
Месячная Каця Матэленак з прыгарадных Мацюкоў вяла сябе актыўна, бо яе толькі што аглядала фельчар Чэраскага ФАПа. Яна, размахвала ручкамі, гуляла пальчыкамі і зрэдку падавала голас.
—Дзяўчынка развіваецца нармальна, за месяц набрала амаль 700 грамаў вагі,— апавядае мама Вольга.—Спакойная, пакуль больш толькі есць і спіць.
Дарэчы, Каця ўжо трэцяя дзяўчынка ў сям'і электраманцёра і настаўніцы СШ №3. Старэйшая Даша—школьніца-пяцікласніца, вучыцца дапамагаць маме ў доглядзе за меншай сястрычкай. А вось бойкая выхаванка старэйшай групы дзіцячага сада №3 Ліза шчыра радуецца папаўненню і не забывае падкрэсліць, што яна цяпер не малодшая ў сям'і.
Зразумела, што з нара-джэннем трэцяга дзіця клопатаў і спраў прыбавілася не толькі ў таты і мамы. Наведваюцца і падтрымліваюць бабулі і дзядулі, адвозяць у садок Лізу суседзі.
Ульянку Белавус у вёсцы Дзянісы Новапагосцкага сельсавета аказалася адшукаць вельмі проста, бо хата яе бабулі Ганны Кашынай побач з дарогай на Волкаўшчыну. Маці дзяўчынкі Віка працавала акушэркай ў раддоме цэнтральнай раённай бальніцы. Мужам яе стаў трактарыст Сяргей з ААТ "Чэрасы". Маладая сям'я прыпынілася ў Полацку, дзе Сяргей Аляксандравіч уладкаваўся ў будаўнічую фірму. Жылі на кватэры, а вось цяпер, калі маладой маме з дачушкай-першынцам асабліва патрэбна дапамога і падтрымка, палічылі за лепшае часова вярнуцца ў цёплую і ўтульную вясковую хату ў Дзянісах.
Яе гаспадыня Ганна Альфрэдаўна калісь працавала даяркай на размешчанай непадалёку ферме, цяпер на заслужаным адпачынку і жыве адна, мужа забрала невылечная хвароба. Іх сумеснае жыццё можа служыць прыкладам для многіх. Не маючы ўласных дзяцей, усынавілі хлопчыка, а той прасіў знайсці яму браціка. Не адмовілі, але калі звярнуліся ў пошуках у дзіцячы дом, там прыглянулася дзяўчынка. Другім дзіцём ў сям'і і стала Віка.
Дзеці заўсёды ведалі, што яны прыёмныя, але гэта не перашкаджала ім у адказ на клопаты і ўвагу адносіцца да прыёмных бацькоў як да родных. І зараз ганарыцца Ганна Альфрэдаўна, што мае чацвярых унукаў, пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак. У іх ліку Ульянка самая малодшая. Яна ўвесь час ціха спала пад аповед пра сямейныя справы, пакуль дарослыя размаўлялі за сталом са смачнымі дражджавымі піражкамі.
Як было не пацікавіцца: гаспадыня адна ў хаце, ды яшчэ трэба дапамагчы дачушцы даглядаць унучачку, а агарод убраны, бульбянішча пераарана, ёсць зімовы запас дроў.
—А гэта ўсё дзякуючы добрым суседзям,—падкрэсліла Ганна Альфрэдаўна.—Не толькі свая сям'я, уся вёска мне дапамагае, а найперш Айвар Ландзар, Ігар Усцінаў, Алег Юршэвіч, Айвар Шмітс. Яны бульбу абганялі і адганялі, іншыя работы выконвалі, а вось учора гной вывезлі.
Сапраўды, толькі радавацца трэба такім суседзям.
А пажаданне нашым дзеткам міру—расці вялікімі, здаровымі і шчаслівымі.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.