Доната Щелкун со званием "Женщина года Миорщины"

Доната Щелкун со званием "Женщина года Миорщины"Энергічная, ініцыятыўная, з лідарскімі якасцямі, у калектыве падтрымлівае атмасферу спрыяльнага псіхалагічнага клімату, патрабавальная да сябе… Так характэрызуюць работнікі СУП "Цітова" намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі Данату Шчалкун. Калі сёлета напярэдадні 8-га Сакавіка ёй прысвоілі ганаровае званне "Жанчына года Міёршчыны", аднавяскоўцы і калегі заключылі: "Заслужыла!" 
 
Зараджае пазітывам
Неаднаразова ў СУП "Цітова" даводзілася сустракацца з Данатай Целясфораўнай. Першае знаёмства адбылося ў 2010-ым. Тады яна толькі пераехала з сям'ёй з суседняга раёна і ўзначаліла новы буйны малочнатаварны комплекс "Цвеціна" з даільнай залай, аснашчанай сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем. Разам з калектывам жывёлаводаў асвойвала новую тэхналогію даення і ўтрымання кароў. Прызнаецца, што даводзілася нялёгка. Аднак цяжкасцей не спужалася і ўласным прыкладам даказала, што пры старанні ўсё атрымаецца.
—У жывёлагадоўлі немагчыма дабіцца добрых вынікаў без паўся-дзённага намагання ўсіх работнікаў. Таму найперш стараюся знайсці падыход да людзей, ад якіх залежыць і прадукцыйнасць статка, і парадак на фермах, і ўзаемаадносіны ў калектыве. Працоўную і вытворчую дысцыпліну не забяспечыш націскам ці крыкам,—адзначае Даната Целясфораўна. 

Тактоўнасці, уменню пачуць меркаванне іншых і прыслухацца да яго вучылася з малых гадоў, бо вырасла ў вялікай шматдзетнай сям'і. Цяпер лёгка "разрульваць" у калектыве складаныя сітуацыі. Са слоў вяскоўцаў, умее зараджаць станоўчымі эмоцыямі. Жартуе, што гэта ад таты і маці, і… ад былых калег па мастацкай самадзейнасці. 

—У маладосці лічылася артысткай-актывісткай, любіла сцэну, шмат спявала.  У дуэце з родным братам нават былі раённымі прызёрамі. На працягу многіх гадоў "трымала голас у форме ",—прызнаецца субяседніца.—Добрая песня—выдатны спадарожнік, акрыляе душу. Аднак цяпер на першым плане работа. 
Бацькоўскія ўрокі

Даната Шчалкун:
—Родам я з вёскі Малыя Давыдкі Глыбоцкага раёна. У сям'і было 8 чалавек, а таму даводзілася шмат працаваць, прычым не толькі ў доме, але і на палетках, нават у саўгасе шчыравалі поплеч з бацькамі, якія былі заняты ў жывёлагадоўлі. Мне асабліва падабалася няньчыцца  з малымі парасятамі, якіх на свінагадоўчым комплексе даглядаў тата. Заўсёды цешылася тоўсценькімі сысункамі з ружовенькімі халоднымі пятачкамі і закручанымі, быццам у вузельчык, хвосцікамі. Нярэдка дазвалялася гаспадарыць ля сысуноў. Бацька нават навучыў абразаць вострыя клычкі. Дапамагала ў рабоце матулі, якая даглядала свіней на адкорме, аднак да дарослай жывёлы цікавасці ў мяне не было.
Калі закончыла сем класаў, летам на канікулах па просьбе загадчыцы фермы даглядала бацькаву групу свінаматак, яго дырэктар у час жніва накіраваў на зернесушыльны комплекс. Было мне тады 14 гадоў. Прыняла 25 свінаматак, атрымала ад іх прыплод. Сама вырошчвала сысуноў у падсосны перыяд. У цэх дарошчвання перадала каля 250 парасят. Так адбыўся мой першы і вельмі адказны працоўны "дэбют". Цяпер, азіраючыся ў далёкае мінулае, разумею, што не кожнаму школьніку давераць даглядаць цэлую групу свінаматак. 
У сям'і навучылася не толькі гаспадарыць, але і пераадольваць цяжкасці,  дабівацца пастаўленай мэты, шукаць у няпростых сітуацыях кампрамісныя рашэнні. 

Доната Щелкун со званием "Женщина года Миорщины"Саткаць жыццёвую дарогу
Кажуць, чалавек сам будуе сваё жыццё і выбірае дарогу. Між тым, на шляху нярэдка сустракаюцца непрадбачаныя акалічнасці: адзін іх ігнаруе і крочыць наперад, а другі—выбірае іншую сцежку. Менавіта так атрымалася ў Данаты Целясфораўны. У сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам сям'і пасля заканчэння васьмігодкі падалася ў Ві-цебск на ткацкую фабрыку, дзе асвойвала адпаведную прафесію. На буйным гарадскім прадпрыемстве было шмат моладзі, камсамольская арганізацыя прапаноўвала цікавыя справы і мерапрыемствы. Дана хутка прывыкла да калектыву. Але захварэла маці, і чулае сэрца дачушкі паклікала дадому. Уладкавалася рабочай на льнозавод у Падсвілле. Адначасова ў вячэрняй школе атрымлівала сярэднюю адукацыю. Актыўнай камсамолцы прапанавалі ўступіць у члены КПСС, што сведчыла пра высокі давер, які аказвалі толькі сумленным работнікам з высокімі маральнымі якасцямі.  
На прадпрыемстве працавала з сястрой, затым яны разам сталі за прылавак сельмага. У 1987 го-дзе па просьбе дырэктара філіяла "Галубічы" Глыбоцкага мясакамбіната Даната ўзначаліла калектыў жывёлаводаў малочнатаварнай фермы, на якой размяшчалася 200 кароў і 150 бычкоў на адкорме. З гэтага пачалася працоўная біяграфія ў сельгасвытворчасці. 
Каб лепш ведаць жывёлагадоўчую справу, завочна паступіла  ў Лужаснянскі сельгастэхнікум. Дыпламаванага спецыяліста назначылі другім заатэхнікам, дарасла і да кіраўніка галіны. Пад яе кантролем на Глыбоччыне было каля 5400 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку вялізны адкормачны комплекс.
—На Міёршчыну прыехала па рэкамендацыі спецыялістаў абласнога камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання, якія далі мае каардынаты дырэктару СУП "Цітова" Марыі Сцяпанавай. Па яе запрашэнні заступіла на працу на новую ферму, —прыгадвае Даната Шчалкун. 

Любімы настаўнік і добрыя дзеці
Замуж Даната Целясфораўна выйшла ў 20 гадоў, калі працавала ў магазіне ў Галубічах Глубоцкага раёна. Мясцовы хлопец Часлаў, студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Мінскага БДУ нярэдка прыязджаў на выхадныя да бацькоў і наведваўся за пакупкамі. Затым пачаў заляцацца і праводзіць у Малыя Давыдкі.
—Калі добра вывучыў усе ямкі на дарозе да цешчы, стаў яе зяцем,—жартуе Даната Целясфораўна.—За плячыма багаты сямейны вопыт. Маем траіх дзетак, гэта Юля, Віталь і Віка. Старэйшая дачка закончыла педкаледж,  працуе выхавальніцай у дзіцячым садку ў Глыбокім. Сын атабарыўся ў Расонах, па спецыяльнасці механік, закончыў Гарадоцкі тэхнікум, але заняты ў іншай сферы. Малодшая—медсястра ў Полацку.
—Даната Целясфораўна і Часлаў Віктаравіч багатыя на ўнукаў, якія нярэдка прыязджаюць да бабулі і дзядулі,—кажуць суседзі.—Гэта вельмі дружная сям'я. 

Часлаў Віктаравіч настаўнічае ў Цвецінскай школе, выкладае інфарматыку і матэматыку. Кожны працоўны дзень дакладна распланаваны, ёсць выхадны. А таму і дома праводзіць часу куды больш, чым жонка, якая нярэдка выязджае на работу ў 5 гадзін, а вяртаецца бліжэй да 22.00. Бывае, што і ноччу на ферму едзе, бо вельмі адказная.  Муж успрымае гэта нармальна, але перажывае, як можна вытрымаць такую нагрузку. 

Пад асаблівым кантролем Данаты Шчалкун жывёлагадоўчыя аб'екты, бо эканоміка прадпрыемства грунтуецца на вытворчасці і рэалізацыі малака і мяса. Заўсёды шмат клопатаў на  МТФ "Цвеціна" з даільнай залай, дзе шмат кароў і маладняку буйной рагатай жывёлы, якіх абслугоўвае вялікі калектыў. У ліку складаных участкаў і свінагадоўчы комплекс. Па аб'ектыўных прычынах колькасць свіней скарацілася да 900 і толькі няпростымі намаганнямі ўдалося захаваць важны аб'ект і павялічыць пагалоўе да 4000.

—У мужа летам водпуск, у мяне ў гэты перыяд трэба атрымаць максімум малака, належным чынам арганізаваць работу па асемяненні кароў і ўтрыманні цялят, правесці рамонт жывёлагадоўчых памяшканняў да стойлавага перыяду...,—уздыхае жанчына.—Здараюцца праблемы з працоўнай дысцыплінай сярод жывёлаводаў. Столькі спраў, што нават з дзецьмі, калі прыязджаюць дадому,  не заўсёды ёсць час паразмаўляць. Іншы раз, каб даўжэй пабыць з унукамі, бяру іх з сабой у паездкі па гаспадарцы. У вольны час таксама адпачываць не даводзіцца, бо дома не лягчэй. Трэба нарыхтоўкі на зіму зрабіць і ў хаце прыбраць.

Пра гаспадарлівасць сям'і Шчалкун сведчыць і дагледжаны двор, дзе шмат кветак і зялёныя газоны. Для перцаў і памідор пабудавалі дзве цяпліцы. Пасадзілі шмат клубніц для ўнукаў. Як толькі прыехалі з Глыбоччыны, ля выдзеленага ім ведамаснага дома ў Цвеціне з'явіліся яблынькі і грушы, чарэшня, вішня. Іх дом—узорнага парадку. На падворку цяпер няшмат жыўнасці, бо хатняя жывёла любіць дакладны рэжым, а гэта цяжка забяспечыць пры раз'язным характары работы.  
—Ад клопатаў іншы раз галава ідзе кругам,—прызнаецца жанчына.—Але, падзеліш у думках усе работы на важныя, самыя важныя і першачарговыя, а затым адпаведна такому раскладу бярэшся іх выконваць. Так у пастаянных клопатах не прыкмеціла, як паўвека праляцела.

У мінулым годзе Даната Целясфораўна адзначыла юбілей. Прымала віншаванні ад родных, знаёмых, сяброў, калег па калектыве, дырэкцыі гаспадаркі і раённага кіраўніцтва. Нямала прыемных слоў пачула і зрабіла выснову: ніводзін год не пражыты дарэмна. 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.
На здымках: з калегамі 
па рабоце;  ва ўтульнасці сям'і і кветак. 


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.