Зинаида Шаркель: "За почти тридцать лет никогда не возникало желания не идти на работу."

Зинаида Шаркель: "За почти тридцать лет никогда не возникало желания не идти на работу."На рабоце мы праводзім значную частку свайго жыцця. Гэта бясспрэчны факт. І можна па-добраму пазайздросціць чалавеку, для якога працоўнае месца і калектыў—нібы другія дом і сям'я.
 
—За амаль трыццаць год ніколі не ўзнікала жадання не ісці на працу,—гаворыць бухгалтар Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы Зінаіда Яўстаф'еўна Шаркель.—Тут дружны калектыў, няма канфліктаў, заўсёды знаходзіцца месца для добрага гумару. Так, нагрузка вялікая, аднак усе рабочыя пытанні вырашальныя.

Зусім нядаўна да пасады даба-вілася слова "былы". Напрыканцы красавіка бухгалтар адправілася на заслужаны адпачынак. Прычым ужо два з паловай гады мела такое права, а скарысталася толькі цяпер. Прызнаецца, пакуль не ўсведамляе, што больш не трэба раніцай спяшацца на работу. Здаецца, нібы звычайны працоўны водпуск.

У аддзяленне аховы Зінаіда Шаркель уладкавалася ў студзені 1987 года. Адміністрацыйны будынак тады знаходзіўся на вуліцы З. Касмадзям'янскай, а ў калектыве налічвалася больш за 100 чалавек. Шмат мелася вартавых пастоў. Пачынала касірам, пасада бухгалтара з'явілася пазней. Трэба адзначыць, што навуку лічбаў, дэбетаў і крэдытаў Зінаіда Яўстаф'еўна асвойвала самастойна. Мела толькі атэстат сярэдняй школы. У працы дапамагалі трывалыя веды і матэматычныя здольнасці.

—Вядома, цяпер са школьнай адукацыяй нікуды не ўзялі б, а тады час іншы быў,—заўважае субяседніца.—Пасля і з камп'ютарам пасябравала. Хутка гады праляцелі. Шмат супрацоўнікаў у аддзяленні змянілася, цяпер у большасці моладзь. З імі весела, сябе маладзей адчуваеш, на праблемы забываешся. Гэтых зносін будзе не хапаць.

Апошнія дзесяць год у бухгалтэрыі працавала поплеч з Жаннай Лаўрыновіч. Развітваючыся, плакалі. Гэта зразумела. Ды і для ўсяго калектыву, напэўна, яшчэ нязвыкла, што няма на месцы шаноўнага бухгалтара.

—Шмат добрых слоў можна сказаць пра Зінаіду Яўстаф'еўну,—гаварыў на ўрачыстай цырымоніі праводзін начальнік аддзялення Міхаіл Пракопчык.—Заслужаны работнік, які многаму навучыў маладое пакаленне. Заўсёды дзялілася сваім багатым вопытам. 
Сумленная працы сціплага бухгалтара не засталася па-за ўвагай выйшэйшага кіраўніцтва. Зінаідзе Яўстаф'еўне ўручана ўдзячнасць за подпісам начальніка Дэпартамента аховы МУС генерал-маёра міліцыі Сяргея Хаменкі.

Наперадзе—шмат дзён, якія будуць пражывацца па ўласна скла-дзеным раскладзе. Хопіць клопатаў у доме і на гародчыку. З імі дапамогуць справіцца муж і старэйшая дачка з сям'ёй. Дарэчы, Алена таксама працуе ў ахове дзяжурнай пульта кіравання. Малодшая дачка Ірына ў Баранавічах, прыехаць дадому нячаста атрымліваецца. Зінаіда Яўстаф'еўна мае чатырох унучак. Старэйшай 18, а самай малодшай хутка 3 гадкі. Для іх з задавальненнем вяжа розныя рэчы. Вязанне—на працягу многіх год занятак для душы. Яшчэ захоплена замежнай класікай, асабліва творамі А. Дзюма. Самы час пагартаць старонкі кніг.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.