У сям’і мы нараджаемся, робім першыя крокі, набываем асноўныя навыкі паводзінаў і тое, што спатрэбіцца нам у далейшым жыцці. У гэтым і ёсць сэнс таго, што бацькоўскі дом — пачатак усіх нашых пачынанняў.
Бацькі, якія далі дзіцяці жыццё, выхавалі ў ім пачуццё грамадзяніна, ужо выканалі свой абавязак перад чалавецтвам і Богам. У дзецях яны пакінуць на зямлі сваіх прадстаўнікоў, якія заменяць іх, апраўдаюць, прымусяць паважаць іх старасць і прынясуць супакой і суцяшэнне ў апошнюю хвіліну. Дзеці, у сваю чаргу, павінны паважаць бацькоў, аказваць дапамогу, калі старасць забярэ іх сілы. Канешне ж, дасягнуўшы сталага ўзросту, дзеці самі ведаюць, што і як ім рабіць. Тады трэба праяўляць далікатнасць, уважлівасць і памяркоўнасць, каб не абразіць старых. Хлусня — адзінае, што яны не могуць дараваць.
У самыя цяжкія хвіліны мы звяртаемся да бацькоў, самых добрых, блізкіх і дарагіх, шукаем падтрымкі, тут нам заўсёды рады. Але ж не ва ўсіх ёсць тое месца, дзе іх чакаюць. Сёння толькі ў дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах вобласці знаходзіцца больш 4500 малых. А колькі дзяцей жыве ў нядобранадзейных сем’ях, дзе ні адзін з іх не можа быць шчаслівым. Іх бацькоўскі дом не стане пачаткам пачынанняў, а тым больш надзейным прычалам у патрэбны момант. За 10 месяцаў мінулага года ў вобласці 127 сем’яў пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
У 1973 годзе мне давялося стаць дырэктарам Дзісенскай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы. Не паспеў пазнаёміцца з навучальнай установай, як пачалі прыходзіць пісьмы, у якіх міліцыя патрабавала характарыстыкі на былых выхаванцаў. Адзін здзейсніў крадзёж, другі ўдзельнічаў у групавым згвалтаванні. Стаў вывучаць кантынгент, і быў здзіўлены, каго мы выпускаем у людзі! Тут былі дзеці-сіроты і малыя з нармальных сем’яў, прычым першыя ненавідзелі другіх і помсцілі ім за тое, што ў тых ёсць бацькі.
Нядаўна глядзеў тэлеперадачу “Выбар”. Было пытанне: ці гатовы вы ўзяць малога з прытулка ў сям’ю? 47% рэспандэнтаў далі станоўчы адказ. Значыць, не ўсе яшчэ ачарсцвелі душой, і ў нас ёсць магчымасць палепшыць сітуацыю ў грамадстве. Стварэнне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу можа стаць лепшым рашэннем.