Встречи с ветеранами Миорщины
gazeta 9-05-2016, 07:14 0 Грамадства 3-га мая прадстаўнічая дэлегацыя з раёна працягвала наведванне былых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны—франтавікоў і партызан, вязняў фашысцкіх канцлагераў, працаўнікоў тылу, сем'яў загінулых абаронцаў Айчыны. Кожны раз—словы ўдзячнасці за Перамогу, віншаванні, падарункі, сувеніры, прымацаванне маляўнічых шыльдачак. І ўспаміны, калі не саміх ветэранаў, то іх родных. Актыўным удзельнікам падзей ваеннага часу ў асноўным за 90, падводзіць здароўе, забылася многае, засталося самае яркае…
Вёска Аўласенкі прытаілася сярод балот і лясоў на самым ускрайку раёна. Калісь мнагалюдная, цяпер запомніцца, бадай, толькі зарастаючымі садамі і пакінутымі хатамі. Амаль у самым дальнім з дамоў жыве з жонкай Сцяпан Ільіч Пучкоўскі. Калісь уласнымі рукамі ўзвёў сядзібу, выгадаваў тут трох дочак. Апошнім часам перажытае за 92 гады і хваробы ўжо не дазваляюць цвёрда стаяць на нагах.
Сцяпан Ільіч мабілізаваны на фронт адразу пасля вызвалення родных мясцін у ліпені 1944-га. Ваяваў да самай Перамогі, штурмаваў Берлін. Са слязамі ўспамінаў неймаверна жорсткія баі, у якіх загінулі многія яго таварышы-мотастралкі. А неўзабаве воінаў-пераможцаў пагрузілі ў вагоны-таварнякі і праз усю краіну накіравалі на Далёкі Усход. Давялося малодшаму сяржанту паўдзельнічаць у вайне з Японіяй, паслужыць у мірны перыяд. Калі вярнуўся, трэба было падтрымліваць сясцёр-удоў, што засталіся з дзецьмі. Потым усё жыццё адпрацаваў кавалём у калгасе "Зара камунізму", затым саўгасах "Дзісенскі" і "Юбілейны". Спачатку і кузня была непадалёку ад хаты, пазней ездзіў на працу ў Дарожкі, нават пасля дасягнення пенсіённага ўзросту.
Самы запамінальны ўспамін? Вядома, Дзень Перамогі, радаваліся салдаты, што дажылі да яго, танцавалі і спявалі. І плакалі.
Валянціна Фёдараўна Сялюк, некалі гвалтоўна вывезеная ў Германію, пяты год жыве ў дачкі ў Язне. 3-га мая якраз адзначала дзень нараджэння, споўніліся 93. Ходзіць з лясачкай, але на сваіх нагах. І памятае мінулае падрабязна.
…Яна з вёскі Вальберавічы, што ў Докшыцкім раёне. Імкнулася стаць настаўніцай, вучылася ў Лепельскім педвучылішчы. Але намаганні перакрэсліла вайна. Вярнулася на радзіму, якая неўзабаве стала партызанскай зонай з непазбежнымі блакадамі, выпальваннем вёсак, расстрэламі і вывазам людзей ў Нямеччыну. Вось і Валянціну Фёдараўну разам з іншымі землякамі спачатку дапытвалі ў паліцыі, потым зняволілі ў турму і, нарэшце, пагрузілі ў вагоны-цялятнікі і адправілі на захад. Быў люты 1943-га, холадна і голадна ехалі некалькі дзён. Трапілі ва Усходнюю Памеранію, там непасільна і пры дрэнным харчаванні працавалі ў баўэра. Як нагадвае, жылі надзеяй. Запомніўся чэх, які працаваў майстрам і называў сябе дэмакратам, ён падкормліваў дзяўчат з Беларусі і палонных бульбай і прыносіў ім навіны з фронту.
Калі прыйшло вызваленне, Валянціна Фёдараўна пасля кароткіх курсаў стала ваеннай аўтарэгуліроўшчыцай, дадому вярнулася толькі восенню 1945-га. А там усё спалена, вайна забрала брата.
Усё жыццё аддала В.Ф. Сялюк настаўніцкай справе, выгадавала сваіх чацвярых дзяцей, цяпер сама на папячэнні дачкі.
—Самае вялікае для мяне свята—9 Мая,—сцвярджае жыхар Язна Георгій Мікалаевіч Кадушка. Служыў ён у пяхоце стралком. Ваяваць пачаў у Румыніі. Запомнілася фарсіраванне Дуная. А незабыўнымі сталі баі ў Венгрыі ля горада Секешфехервар. Нагадвае, што добрым лічылася, калі за дзень баёў штурмам бралі адзін дом. Не толькі наступалі, адкатваліся пад націскам ворага.
Вось там і закончыўся баявы шлях байца-беларуса: раніцай пачаўся бой, калі прыўзняўся з зямлі для кідка наперад, куля, відаць бранябойная, прайшлася па рэбрах, моцна апаліла грудзі і засела ў паху. Ад болевага шоку і страты крыві, здавалася, у сне праляжаў да вечара. Як крыху ачомаўся,—побач ні карабіна, ні сумкі з патронамі для ручнога кулямёта, ля якога ён лічыўся другім нумарам і клапаціўся пра боепрыпасы. Навокал—свае і варожыя трупы.
На чацвярэньках дапоўз да недалёкай вёскі, там яго падабралі свае. Але да медсанбата везлі двое неверагодна цяжкіх і балючых сутак.
Цяпер Георгій Мікалаевіч лічыць, што з тым раненнем нават пашанцавала: не паімкніся ён у атаку, куля ляцела прама ў галаву. А тады лячыўся ў шпіталі ў Венгрыі, доўга не мог выпрастаць нагу, бо калолася куля. Яе, праіржавелую, медыкі дасталі толькі ў 49-ым у Ташкенце. А яго пасля ранення як абстралянага байца накіравалі ў школу малодшых камандзіраў. Паспеў атрымаць новую форму і прыбыць ва ўзвод разведкі ў Вену, як закончылася вайна. Прызначаны камандзірам бронетранспарцёра. Пасада патрабавала ўмення вадзіць баявую машыну, навучыўся і гэтаму. У Саюз вярнуўся ўжо ў аўтабатальён.
Служыў да 1950-га. Потым працаваў вадзіцелем у камунгасе Дзісны, Дзісенскай МТС, на будаўніцтве, чвэрць стагоддзя—у калгасе "Язна". У сям'і выраслі сын і дачка. Вось сын, які стаў пенсіянерам "Паліміру", цяпер і даглядае ветэрана. А падтрымка яму вельмі патрэбна, бо не толькі перакуліў на 91-ы год жыцця, але і амаль перасталі служыць вочы.
Генадзь Паўлавіч Дзямешка ў 98 гадоў— адзін з самых вядомых лю-дзей не толькі Дзісны і раёна, але і органаў унутраных спраў вобласці. Ганарыцца, што некалі пачынаў працоўны шлях сталяром і ўласнымі рукамі пабудаваў дом, у які і цяпер вяртаецца на лета ў Дзісну. Працягвае пісаць вершы ў дадатак да выдадзеных кніг. Узначальвае ветэранскую арганізацыю горада, удзельнічаў у арганізацыі і да нядаўняга спяваў у ветэранскім хоры "Чырвоны гваздзік". Клапоціцца пра ўласнае здароўе, нават змог адрасціць прычоску, і дапамагае ў гэтым парадай іншым.
Дарэчы, любіць апавядаць, як яму ўдалося выратаваць правую нагу, якая літаральна закалавацела ад лютай сцюжы ў час баёў пад Сталінградам. Тады бывалыя воіны-сібіракі параілі адаграваць канечнасць у мокрым снезе. Тых, хто гэтага не зрабіў, чакала ампутацыя. Але калі медсястра пабачыла, як салдат трымае нагу у вядры з мокрым снегам, адразу пабегла дакладваць камандзіру палка, што той займаецца, як тады казалі, членашкодніцтвам, за што ў ваенны час каралі надта жорстка.
Але асабліва запомніліся Генадзю Паўлавічу не святочныя пераможныя дні, а першае сутыкненне з жорсткасцю вайны. У чэрвені 1941-га 236-ы стралковы полк, у якім ён праходзіў службу ў палкавой школе, знаходзіўся ў летнім лагеры пад Чарнігавам. Воіны рыхтаваліся сустрэць ворага, будавалі абарончыя збудаванні, капалі акопы і траншэі. А ў недалёкім раённым цэнтры праходзіла мабілізацыя ваеннаслужачых. Курсантаў школы, будучых малодшых камандзіраў, і накіравалі ў гэтай якасці ў наноў фар-міруемыя падраздзяленні. А тыя толькі з акопаў, яшчэ брудныя і потныя, папрасіліся хаця б абмыцца ў рацэ. Іх і павёў купацца капітан. Як толькі хлопцы залезлі ў ваду, пачаўся першы налёт на гарадок нямецкай авіяцыі. Афі-цэр пры набліжэнні самалётаў аддаў каманду :"Нырай!" Такое паўтаралася тройчы, і сярод курсантаў пацярпелых не аказалася. Ахвяры варожых паветраных стралкоў і бомб пачыналіся за некалькі метраў, на пляжы, і на гарадскіх вуліцах.
Першы ўрок быць гатовым да любых нечаканасцяў і ўмела на іх рэагаваць аказаўся для будучага франтавіка вельмі дарэчы. Магчыма, дапамог выжыць, бо вайна для Генадзя Паўлавіча закончылася толькі ў маі 45-га. Ды і потым было нямала небяспечных сітуацый, бо служыў у міліцыі.
ак, здараецца, што доўгія франтавыя гадзіны, дні, месяцы небяспекі потым запамінаюцца адным імгненнем. Пра тое сведчыць таксама жыхар Дзісны Яўграф Вікенцьевіч Касаты. Ён ваяваў з верасня 44-га. Знішчальніку танкаў давялося не раз сутыкацца са смерцю, а баі ў Прыбалтыцы былі асабліва жорсткія. І вось 8 мая, паветра навокал літаральна насычана чаканнем канца вайны. Але вораг супраціўляўся ўпарта. Таму на 12 гадзін прызначана рашаючая атака. Чым бліжэйшы гэты час, тым большае напружанне. Калі заставалася, здавалася, некалькі імгненняў да каманды "Наперад", прыйшла вестка—немцы капітулявалі!
***
эта самыя яркія эпізоды, што засталіся скупымі радкамі ў журналісцкім блакноце нядаўняга сёлетняга 3 мая. Раней даводзілася расказваць чытачам раёнкі пра былых франтавікоў Канстанціна Мацвеевіча Лукашэвіча з Завуцця, Феакціста Канстанцінавіча Нізюльку з Цімошкава і Генадзя Міхайлавіча Федарца з Міёр, кароткі час сустрэч не дазволіў распытаць пра ваенае мінулае Уладзіміра Альфонсавіча Мараза і Сяргея Ермалаевіча Сяменчанку, былую юную партызанку 4-й Беларускай брыгады Яўгенію Пятроўну Шульга, некаторых працаўнікоў тылу і вязняў фашысцкіх канцлагераў. Вельмі спадзяюся, час і падставы для гэтага яшчэ будуць.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.