Эдуард Цярэшка кіруе ўласным аўтасэрвісам "Дзвіна". Там не толькі рамантуюць тэхніку, але і займаюцца лесаапрацоўкай. Акрамя таго, прадпрымальнік славуты прыдарожнай кавярняй "Эдэм" і адной з лепшых аграэкатурыстычных баз у вобласці "Мазурны бераг". Намаганнямі Эдуарда Цярэшкі ў Дзісне пастаўлена гармата як напамін пра ваенны час. Аўтапрабег па месцах баявой славы таксама праходзіць пад чуйнай арганізацыяй мясцовага актывіста. Эдуард Казіміравіч вырашае і гарадскія пытанні, бо з’яўляецца намеснікам старшыні гарвыканкама.

Адразу размова зайшла пра гармату. Некаторыя дзісенцы адгукаюцца пра яе ўзвядзенне адмоўна. Маўляў, на тым месцы гуляюць дзеці, колісь стаяла царква.
—Гармату 44-га года, якая ўдзельнічала ў баях, прывёз з-пад Мінска, з пасёлка Станькава. Тры разы з'ездзіў у сталіцу, каб аформіць дакументы, дазвол падпісаў міністр абароны. Напачатку планавалі паставіць на мяжы Міёрскага і Полацкага раёнаў, дзе кавярня "Эдэм". Там праходзілі вялікія баі. Цяпер тая тэрыторыя назавецца вёскай Дзісенскі Рубеж. Але захацелася прывабіць увагу турыстаў, гасцей да нашага горада, і вырашылі ўстанавіць гармату ў Дзісне. З'явіліся негатыўныя думкі. Але ж… харошая дзіцячая пляцоўка атрымаецца ля пажарнага паста. Стэла разбуралася, таму цяпер заменена на гранітны камень. Хачу яшчэ ўстанавіць танк, а па цэнтры самалёт Міг-17 або 19.
Эдуард Цярэшка родам з Дзісны, з часам толькі за мост пераехаў. Па спецыяльнасці Інжынер-механік і педагог. Выкладаў аўтасправу ў Дзісенскай СШ, вучэбна-вытворчым камбінаце, быў там завучам.

16 гадоў кіруе ўласным аўтасэрвісам "Дзвіна". Напачатку тут рамантавалі толькі калгасную тэхніку, потым і з прыватнай сталі рабіць "цукерачкі". Нямала віртуоз вырасціў вучняў, якія адчынілі ўласныя аўтарамонтныя майстэрні, шынамантаж. І сам трымаў руку на пульсе. Калі лясгас перастаў займацца дрэваапрацоўкай, насельніцтва не магло купіць дошкі. Вось і ўзяўся за справу. Адкрыў цэх, стварыў рабочыя месцы. І выйшаў на 1-е месца ў вобласці па выніках у гэтай сферы за 2008 год. Набыў два "Уралы", лесавозы, прычэп для выязнога гандлю. Прымяркоўвае да гаспадарчых патрэб ваенную тэхніку.
У 2008-м гасцей стала прымаць сядзіба Цярэшкі "Мазурны бераг", што ў вёсцы Мазурына праз прасёлак ад шасэ. Названа па сугуччы з лазурным берагам, сусветна вядомым французскім курортам. Хоць заморскія мясціны вельмі далёкія па геаграфічных мерках з нашымі, затое падобныя ў задаволенні людзей, якія ведаюць толк у прыемным баўленні часу. Пабывалі тут не толькі расіяне і беларусы, але італьянцы, шведы…

Месца для сваёй сядзібы гаспадар выбраў невыпадкова, любіў яго з маленства, завіхаўся тут з бацькам на сенакосе, з сябрукамі купаўся, лавіў рыбу ў рацэ.Купіў напачатку хатку ў вёсцы, адбудаваў яе, дадаў фантазіі і творчасці. Потым яш-чэ хатку, і яшчэ. Канечне, клопатаў прынесла нямала, затое цяпер цэлы казачны падворак красуецца ў занадта маляўнічым кутку. Кожны домік асаблівы. У адным—руская печка, у другім—камін, у трэцім—лесвіца вядзе на другі паверх, адкуль адкрываюцца цікавыя пейзажы. Увесь інтэр'ер натуральны-драўляны. Ад гэтага пачуваецца тут надта камфортна, здарова. Бярвеністыя ці дашчаныя сцены, дубовыя ложкі. Стыльны лот, дарожкі, мангал, кацёл для юшкі, горка з незвычайных камянёў, дзе кожны нешта нагадвае: зуб акулы, капыл—калодку для пашыву абутку ці маршрут павозкі Напалеона па Заходняй Беларусі, які збягаў пасля паражэння ў 1812 годзе. Гаспадар звяраў сам—супадае адзін у адзін.
Побач з "Мазурным берагам" цячэ Заходняя Дзвіна. Незвычайныя краявіды ў любую пару года. На сядзібе да паслуг адпачывальнікаў маецца ваенны кацер на 34-х чалавек. Бачылі б задавальненне беларускай групы "Дразды" падчас вандроўкі на ім па Дзвіне. Здаецца, не каталіся, а луналі па прасторах бязмежнага паветра…
Па характары Эдуард Казі-міравіч дзейсны і гаспадарлівы. Не па чутках ведае сялянскую працу. Восьмае дзіця ў сям'і, бацькі гадавалі дзевяць. У самога адзін сын, цяпер у Наваполацку, па спецыяльнасці эканаміст. У Дзісне гаспадар жыве разам з жонкай, яна на заслужаным адпачынку, працавала інжынерам-тэхнолагам на кансервавым заводзе. Дзісенскі ініцыятар не стаіць на месцы, знаходзіць выйсце з любой сітуацыі, рухаецца наперад, заробленыя грошы па максімуму стараецца ўкласці ў справу. Цікавіцца вопытам калег. Атрымаў дадатковую адукацыю па арганізацыі і папулярызацыі турызму. Праз тое, што крочыць у нагу з часам, адпачывальнікаў у турыстычным пасёлку хапае—прыкладна 30 чалавек у месяц.
—Кампаніямі?—пытаюся.
—Толькі невялікімі.
І прычым, як цвёрда для сябе зразумела, вельмі прыстойнымі. Цярэшка не трывае бруду, грэблівага абыходжання са сваімі пабудовамі. Так і на тэрыторыі аграсэрвіса "Дзвіна", дзе працуюць рабочыя—абсалютная чысціня.
—Заўважце, ніводнага акурка. Я вельмі патрабавальны да парадку, эстэтыкі, акуратнасці. Усё павінна ляжаць на сваім месцы.
Не грэбуе фізічна папрацаваць і сам. Вось і перад нашай размовай вяртаўся на грузавіку з лесу.
Летась гасцінна расчыніла дзверы пры шашы на мяжы Міёрскага і Полацкага раёнаў кавярня "Эдэм".

—Як узнікла такая задума?
—Усё проста. Уявіце, доўга едзеце, а прыпыніцца няма дзе, каб перакусіць, папіць кавы, нарэшце, адпачыць.
У прыдарожным "Эдэме" нядаўна завершаны рамонт, праведзена газавае ацяпленне. Велічная пабудова звонку скрозь з камянёў. І плот—каменны, незвычайны. Эдуард Казіміравіч па ўсёй вобласці вышуквае і прывозіць на любімым ваенным "КрАЗе-255" вялізныя камяні. Некаторыя дасягаюць 17 тон, машына вытрымлівае 23. Паміж асілкамі растуць невялікія ялінкі. Магутнасць прыроды побач з зялёным хараством.
Што да ваеннай тэхнікі, яе набывае на аўкцыёнах. Кажа, каштуе нядорага. Кацер, напрыклад, купіў за 15 мільёнаў. Яшчэ ў арсенале бронетранспарцёры, баявыя дэсантныя машыны, "Уралы", КамАЗ.
Да ўласнай паспяховасці Эдуард Цярэшка прыйшоў праз ініцыятыўнасць, дасканаласць, працавітасць і старанне. Дзейным заўсёды расчынены свет.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота К.БЛАЖЭВІЧА.