На пачатку кожнага новага года органы статыстыкі звычайна змяшчаюць дадзеныя за мінулы год: колькі нарадзілася ў раёне, памерла, колькі заключана было шлюбаў.
Мне падаецца, будзе цікава параўнаць іх з аналагічнымі дадзенымі 100-гадовай даўнасці, але толькі па Язненскаму прыходу, памеры якога былі амаль роўныя тэрыторыі сучаснага Язненскага сельсавета. Дык вось, з 1880-га па 1889 год у сярэднім у год нараджалася 108 дзетак, у 90-ыя гады — прыкладна 117. У першыя дзесяць гадоў 20-га стагоддзя — 98. Памірала ў год адпаведна: у 80-ыя гады — 63 чалавекі, у 90-ыя — 75, першыя дзесяцігоддзе — 65. Як бачна, “сальда” кожны год дадатнае. Акрамя 1920 года, калі ў вёсцы адбываліся ваенныя дзеянні паміж Чырвонай Арміяй і польскімі войскамі, і ў другой палове гэтага года пачалася эпідэмія дызентэрыі або “крываўкі”. Тады паміралі і старыя, і малыя. У некаторыя дні адбывалася да 4-ох пахаванняў. У 1920-ым нарадзілася 89 дзяцей, памерла 125 чалавек.
У сярэднім у год заключалася (вянчаліся) каля 20-ці шлюбаў. Зразумела, што пра разводы гаворка не ішла, лічылася, што царкоўныя шлюбы заключаюцца на нябёсах і чалавек не ў праве нешта мяняць. Праваслаўных прыхаджан у Язненскім прыходзе было ў 1910 годзе 2571 чалавек, у 1922 — 3145.
Параўнаем: зараз у Язненскім сельсавеце пражывае 1867 чалавек, амаль 34% з іх пенсіянеры. Нарадзілася ў 1910 годзе 9 немаўлят, памерла — 65 чалавек, шлюб зарэзістравала толькі адна пара. А вось для параўнання даных па ўсяму Міёрскаму раёну за 9 месяцаў мінулага года, якія былі змешчаны ў газеце: нарадзілася—138, памерла 387, шлюбаў па вёсцы зарэгістравана 58. Параўнайце з тым, што было некалі. Уражвае? Жывём лепш? Адназначна. Ёсць грошы, крамы, у якіх можна ўсё купіць. Большасць трымае гаспадарку. У мінулым часам людзі не маглі нават набыць у царкве грамнічную свечку, а гэта для іх было жыццёва важна. Не было чаго есці: то вымакала, то высушвала, выгарала, але людзі ўзнаўлялі свой род. У канцы ХІХ стагоддзя ў Язна фельчара гадамі не было. Напрыклад, падчас эпідэміі прыехалі з Дзісны доктар і фельчар, паглядзелі і паехалі, даўшы параду не есці зеляніну. У нас сёння сучасная медыцына, свая бальніца, ФАПы, аптэка, а нас усё менее ды менее!