Іх прызначэнне — выпраўляць

Іх прызначэнне — выпраўляць
Пра папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №15 УДВП МУС па Віцебскай вобласці мы пішам не часта. Кароткім словам “хімікі” ўдакладняем тыя ці іншыя звесткі, часцей усяго адмоўныя, бо кантынгент установы складаны. З 72 асуджаных добрая палова адбывае пакаранне за забойствы, гандаль наркотыкамі, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. За такімі патрэбны узмоцнены кантроль і нагляд.
Чалавек, які правёў 20—15 гадоў рэальна за кратамі, а апошнія 5—за “прыкладныя” паводзіны “заахвочаны” вольным пасяленнем, безумоўна, патрабуе да сябе ўвагі. Ды такіх не адзін і не два, а значна больш.
А значыць, пільнасць губляць не даводзіцца. Невялікі калектыў выхавальнікаў, што складаецца ў асноўным з маладых хлопцаў (усяго 9 чалавек), пастаўлены ў жорсткія і суровыя рамкі. Мацёрыя злачынцы, адчуўшы волю, часам вяртаюцца да ранейшага ладу жыцця. Учыняюць новыя правапарушэнні. Зразумела, што зноў яны накіроўваюцца ў месцы пазбаўлення волі. Толькі за леташні год 20 чалавек былі адпраўлены ў турмы.

Аднак ёсць і іншая катэгорыя асуджаных, што датэрмінова вяртаюцца дамоў. Такіх летась было 30. Гэта станоўчы паказчык, бо калі чалавек перавыхоўваецца, можна лічыць місію выкананай. Гэта вельмі добра. Асэнсаваць свой учынак, зрабіць правільныя высновы, абраць далейшы жыццёвы накірунак без хібаў і падзенняў павінен кожны, над кім згусціліся небяспечныя хмары. Многія становяцца на сумленны шлях. А дапамагаюць ім трапным словам, уласным прыкладам тыя ж самыя маладыя міліцыянеры, якія з ужо сфарміраваным правільным светапоглядам, уменнем рэальна расцэньваць сітуацыю, прадбачыць вынікі, знаходзяцца ў патрэбны час побач з асуджаным. Не выпадкова калектыў супрацоўнікаў папраўчай установы №15 прызнаны лепшым у вобласці.

Валерый Аляксеевіч Гуцалюк, які ў мінулым працаваў у Наваполацку, а 10 снежня ўзначаліў калектыў папраўчай установы ў нашым раёне, адзначае, што вялікая заслуга ў правільным падборы кадраў яго папярэдніка—былога начальніка ПУАТ №15 Івана Іванавіча Протаса. Больш 10 гадоў знаходзіўся ён на кіраўніцкай пасадзе. Людзі ўліваліся ў калектыў пасля яго ўзважанай ацэнкі наконт дзеяздольнасці кожнага. Напрыклад, хоць і малады старшы оперупаўнаважаны Дзмітрый Аляксандравіч Кукуць, але на яго рахунку ўжо вялікая колькасць раскрытых злачынстваў. Такім “багажом” можа пахваліцца не кожны супрацоўнік РАУС. Выдатна зарэкамендаваў сябе Аляксандр Уладзіміравіч Пальчэўскі, які нядаўна пераведзены на пасаду начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. Ён таксама выхаванец Івана Іванавіча.

Станоўча зарэкамендаваў сябе в. а. старшага інспектара па спецуліку і працаўладкаванню асуджаных Павел Валер’евіч Каськевіч.
Сумленна адносіцца да выканання службовых абавязкаў Сяргей Вікенцьевіч Багдановіч, які завочна вучыцца ў акадэміі МУС.

Маладыя хлопцы—Андрэй Талапіла з Шарагоў і Мікалай Талапіла з Шаркаўшчынскага раёна папоўнілі калектыў зусім нядаўна. Усяго па 2 месяцы адпрацавалі яны. Абодва прайшлі вайсковую службу, дзе атрымалі адпаведную падрыхтоўку, а цяпер падаюць добрыя надзеі.

Выхаваўчая работа з кадрамі кладзецца ў асноўным на намесніка начальніка Віктара Паўлавіча Мысліўца, які мае дастатковы вопыт практычнай дейнасці.
Добрыя бытавыя ўмовы для асуджаных створаны ў інтэрнаце ў Горках. З дысцыплінай праблем не ўзнікае. Спрыяе станоўчым пераменам у пэўнай ступені тое, што загадвае інтэрнатам цяпер Іван Іванавіч Протас, якому адміністратарскага вопыту не займаць. Ён, зразумела, знойдзе падыход да любога, паўздзейнічаць здольны на кожнага, каб дапамагчы яму стаць на шлях выпраўлення.

Асуджаныя не ядуць казённы хлеб, а зарабляюць свой. Многія з іх заняты ў жывёлагадоўлі, на іншых сельскагаспадарчых аб’ектах. Асобныя паспяхова перавыхоўваюцца, працуюць дастаткова добра. Аднак некаторыя трацяць заробленыя грошы не па прызначэнню. Ужыванне спіртных напояў, зразумела, да дабра не даводзіць... Тут імкнуцца працаваць на апераджэнне.

На здымку: Д. А. Кукуць і В. А. Гуцалюк.

Эвеліна БАГДАНОВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.