Авторизация
 

Першыя прыкметы гарадской вясны ў Міёрах і канцэрт да 8 сакавіка

+
Первые признаки городской весны в Миорах и концерт к 8 мартаУ горадзе, дзе ў пачатку сакавіка яшчэ ляжыць на вуліцах снег, а слупку тэрмометра не пад сілу ўзняцца вышэй за +3, не так проста заўважыць надыход вясны, а вось адчуць — лёгка. У паветры з'яўляюцца ледзь улоўныя саладкаватыя ноткі, а на тварах прахожых часцей заўважаюцца загадкавыя ўсмешкі.  
 
Прыемным хваляваннем поўняцца першыя сакавіцкія дні, бо набліжаецца дзень, калі нібы квецень садоў успыхвае жаночая прыгажосць, ад якой таюць сэрцы самых строгіх і сур'ёзных мужчын. І струны душы, настроеныя на мажорны лад, граюць вясеннія матывы. Вясны не можа быць без музыкі і песні!

Розныя мелодыі—бадзёрыя і лірычныя, энергічныя і пяшчотныя, вясёлыя і светла-сумныя—гучалі на святочным канцэрце "Весна в большом городе" ў раённым Доме культуры, што напярэдадні Міжнароднага жаночага дня і сабраў поўную залу. Наўрад ці мерапрыемства пакінула раўнадушным кагосьці з гледачоў. Разнастайныя яркія і запамінальныя нумары, знітаваныя ў адно гарманічнае цэлае, знаходзілі сваіх прыхільнікаў і адорваліся шчодрымі апладысментамі.
 
Первые признаки городской весны в Миорах и концерт к 8 марта Гукі музыкі чуліся яшчэ ля ўваходу ў РДК. Гэта аркестр баянаў і акардэонаў дзіцячай школы мастацтваў граў у фае, чым дадаваў у святочную атмасферу яшчэ больш пазітыву і ўрачыстасці. Тут жа размяшчалася выстава вырабаў народных умельцаў Міёршчыны і таксама прыцягвала ўвагу.
Вясёлай песняй "Чумачечая весна" распачалі канцэрт юныя артысты дзіцячага вакальнага гурта ў яркіх касцюмах. За імі павіншаваць сваіх матуль, бабуль і ўсіх жанчын выйшлі выхаванцы дзіцячага садка №1. Вершы і вясёлы танец яшчэ больш узнялі настрой. 
Услед за дзецьмі віншавальную эстафету перанялі мужчыны. Прыемна было бачыць на сцэне начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандра Тронькіна, дырэктара гарадской базавай школы Уладзіміра Ханецкага, галоўнага інжынера ПМК-55 Леаніда Касевіча і першага намесніка начальніка РАНС Аляксандра Чарняўскага, якія гаварылі жанчынам прыгожыя шчырыя словы, чыталі вершы і спявалі пад гітару.

—Вам зусім не трэба "спыняць на скаку каня", вы павінны быць самі заўсёды на кані. Вам не трэба ўваходзіць у хату, якая гарыць, таму што вы—годнае упрыгожанне свайго сямейнага ачага. Няхай на ўсім жыццёвым шляху вас суправаджаюць тры верныя сяброўкі: вера, надзея і любоў,—звяртаўся да мілых дам Аляксандр Тронькін.

Самых добрых слоў і самых прыемных падарункаў заслугоўвае кожная жанчына (і не толькі 8 Сакавіка!), аднак найбольш увагі, апладысментаў, віншаванняў і кампліментаў атрымалі Даната Шчалкун, Ірына Іванова, Вольга Федуковіч, Людміла Рынкевіч і Валянціна Гайбовіч, якім прысвоена званне "Жанчына года Міёршчыны". 

Віншуючы ўсіх прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з вясновым святам, старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў адзначыў, што гэты дзень дорыць асаблівы настрой і з'яўляецца яшчэ адной цудоўнай магчымасцю прызнацца ў каханні.
—Вы былі і застаяцеся сімвалам прыгажосці і зачаравання,—гаварыў Ігар Валер'евіч.—Заўсёды падтрымліваеце нас у цяжкія хвіліны. Вы натхняеце мужчын на подзвіг. Няхай удача не пакідае, а лёс беражэ вас і блізкіх вам людзей!

Вясной усё здаецца магчымым і нібы напярэдадні Новага года верыцца ў цуды. Хочацца абнаўленняў, забіраюць у палон прыемныя мары і не адпускае прадчуванне чагосьці незвычайнага, што вось-вось павінна здарыцца. Па меркаванні вядучых Аляксея Гайдзеля, Ірыны Цярэнцьевай, Сяргея Пілецкага і Вольгі Галімбоўскай, гэты стан можна назваць вясенняй ліхаманкай. І гэтую хваробу зусім не трэба лячыць. Разам з пажаданнямі атрымліваць асалоду ад вясенніх дзён і пачуццяў, якія яны дораць, быў дадзены старт музычнаму марафону і на сцэне ў поўную сілу расквецілася вясна. Яе стваралі сваімі цудоўнымі галасамі і душэўным выкананнем, пазітыўнай энергетыкай і шчырасцю любімыя і таленавітыя артысты міёрскага краю. Заварожвалі салісты Таццяна Бялевіч, Святлана Ішчук, Ала Цурыкава, Тамара Якімёнак, Святлана Атопкіна, Віталь Хаданёнак. З замілаваннем слухалі лірычную кампазіцыю "Ты моя"  ў выкананні Алены Стома і яе дачкі Вікторыі. Не шкадавалі далоняў для юнай салісткі Сашы Мацвеевай і танцавальных дзіцячых калектываў, з якімі займаюцца педагогі ДШМ Наталля Варанько і Аляксандра Катышава. Лілася мелодыя саксафона, падораная Сяргеем Ішчуком. Струны гітары перабіралі Саша Маскалёў і Арцём Маляўка. Шчыра віталі ансамбаль народнай песні "Мёрыца" пад кіраўніцтвам Дзіяны Маляўка. Экзатычных нотак у канцэртную праграму дадала студыя ўсходняга танца "Фазія", якой кіруе Марына Юшкевіч. Вельмі каларыйную порцыю гумару падарыў тэатр мініяцюр "Свае хлопцы". Яны ўпэўнены, што кожная жанчына—асаблівая і непаўторная, а як сведчанне таму—кліп "А мая не такая", падчас прагляду якога ў зале не сціхаў добры смех. Дуэтам спявалі Юля Гедравец і Насця Дзмітрыева, Дзіна Юдзіцкая і Аляксей Конах, Ігар Мятла і Дзіяна Маляўка. Запомнілася  трыа ў складзе Дзіяны Маляўка, Дар'і і Яўгеніі Шук, якія выйшлі на сцэну ў вобразах нявест, а напрыканцы выступлення кінулі ў зал свае букеты.

Кветкі, музыка, усмешкі, шчырасць, смех, радаснае хваляванне—вось з чаго пачынаецца вясна ў вялікіх мегаполісах, правінцыяльных гарадках і маленькіх вёсках. І няхай наваколле яшчэ прыцярушана сняжком і колецца марозны вецер, але ў сэрцы з першых сакавіцкіх дзён распускаюцца пралескі, сагрэтыя сонечнымі ўсмешкамі і душэўнай цеплынёй нашых родных і блізкіх.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.


 


рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 апреля 2021
Вадим, Гавриил, Марфа

Именины 21 апреля 2021
Иван, Сергей, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта