В числе обязанностей работников отделения почтовой связи "Ситькова" записано доброжелательность

В числе обязанностей работников отделения почтовой связи "Ситькова" записано доброжелательностьУ аддзяленні паштовай сувязі "Сіцькова" светла і ўтульна. Ветлівай усмешкай сустракае начальнік Алена Атміновіч, ноткі бадзёрасці і аптымізму гучаць у галасах паштальёнаў Іны Ганебнай і Наталлі Будо. Становіцца зразумелым, чаму тут актыўна выпісваюцца перыядычныя выданні і шпарка прадаюцца тавары. Там, дзе да справы падключаны добразычлівасць і энергічнасць, вынік абавязкова будзе станоўчым.
 
—Наведвальнікі кожны дзень: хто на мабільным рахунак папаўняе, каму пісьмо тэрмінова адправіць трэба, іншы за прадуктамі прыходзіць,—гаворыць начальнік АПС.—Наяўнасць аддзялення сувязі для вёскі вельмі важная. Людзям зручна, што ў любы час можна прыйсці і скарыстацца нашымі паслугамі. 

В числе обязанностей работников отделения почтовой связи "Ситькова" записано доброжелательностьЯк расказала Алена Яўстаф'еўна, знайшлі сваіх прыхільнікаў "1 клас", "Камфорт", паскораная пошта EMS. Заказваюць тавары праз каталог, набываюць латарэйныя білеты, прычым ёсць пастаянныя аматары паспытаць удачу. Аднак самыя запатрабаваныя з пераліку паслуг—плацяжы і продаж тавараў. Да прыкладу, за снежань мінулага года рэалізавалі прадукцыі на суму 37 мільёнаў рублёў, прычым 10 мільёнаў прынеслі ў агульную скарбонку паштальёны. 

Адпраўляючыся ў да дробязей знаёмае падарожжа па ваколічных вёсках, Іна Іванаўна і Наталля Рышардаўна ў дадатак да сумак з газетамі і часопісамі часта бяруць з сабой "дадатковую нагрузку". Як правіла, іх падапечныя загадзя заказваюць патрэбныя тавары. Падчас нашага візіту ў аддзяленне "багаж" таксама быў напакаваны шчыльна. Дзесьці каля 15 кг важыла сумка Наталлі Будо.

—Калі прыходзіш дадому, разнёсшы пошту, і здымаеш з пляча сумку, становіцца так лёгка, нібы крылы за спіной выраслі,—жартаўліва кажа паштальён.
Маршрут Наталлі Рышардаўны пралягае праз вёскі Капыльшчына, Сіцькова, Бандарцы, Турчына, Фядосава, Ліпна. Усяго трэба зазірнуць у 97 двароў. Населеныя пункты аддзяляюцца не адным кіламетрам, таму паштальёну патрэбны значныя вынослівасць і загартоўка. За амаль 10 год жанчына прывыкла і да далёкіх адлегласцей, і да капрызаў надвор'я. Нават калі гурбы снегу ледзь не да пояса—гэта не перашкода. 
Паштальёнскі стаж Іны Іванаўны набліжаецца да 15 год. Яе з радасцю чакаюць у Сакалове, Рудні, Акунёве, Ліпаціне, Саўчанках, Стальмакове. Двароў 33, аднак гэта найбольш аддаленыя пункты, і большую частку насельніцтва ў іх складаюць людзі пенсіённага ўзросту. Некаторыя нават газеты выпісваюць у першую чаргу для таго, каб часцей у дом прыходзіў паштальён.

В числе обязанностей работников отделения почтовой связи "Ситькова" записано доброжелательность—Для пенсіянераў з аддаленых вёсак мы нібы сувязь са светам,—гаворыць Іна Іванаўна.—Вядома, ім хочацца пагутарыць, пра свае радасці і праблемы расказаць. Трэба праявіць уважлівасць. Адносіны з людзьмі  будуюцца на даверы. Як жа без гэтага?
Давер і павага да паштавікоў абумоўліваюць добрую падпіску. Няма такога двара, куды б не трэба было  прынесці "Советскую Белоруссию", "Сельскую газету", "Звязду" ці іншую перыёдыку. Некаторыя падпісчыкі нават па 8 выданняў атрымліваюць, а "Міёрскія навіны" прыходзяць практычна ў кожны дом.

Супрацоўнікі аддзялення таксама без газет і часопісаў не застаюцца, і пачытаць час абавязкова знойдзецца.
—Трэба ж ведаць, што людзям прапаноўваем,—жартуюць яны.
Самым маладым супрацоўнікам аддзялення з'яўляецца начальнік. Больш за два гады таму Алена Яўстаф'еўна змяніла на пасту Валянціну Генадзьеўну Глінскую. У сваёй папярэдніцы на працягу месяца і асвойвала "паштовую азбуку".

—Напачатку ўсё здавалася складаным і незразумелым,—прыгадвае жанчына.—Шмат плацяжоў, спецыяльная камп'ютарныя праграмы, выплата пенсій і грошай за малако, іншыя паслугі … Думала, што наўрад ці ў мяне атрымаецца спраўляцца з абавязкамі. Калі пачала працаваць самастойна, цяжка было першыя тры месяцы, а затым стала адчуваць сябе ўпэўнена.

З кожным працоўным днём у біяграфіі сіцькоўскіх паштавікоў дадаецца новых старонак. Іх змест падобны, але мае свае адрозныя рысы і дэталі. А між радкоў чытаецца сціпла прыхаваная радасць за важную справу, якая робіцца для вяскоўцаў.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.