Напярэдадні Дня маці, 13 кастрычніка, спецыялісты ДУА "Міёрскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр" арганізавалі святочную праграму для прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, якія падарылі дзецям радасць жыць у сем'ях.
Пачалося мерапрыемства з экскурсіі ў музей "Сялянская хата" Міёрскай СШ №3, дзе гасцінна сустрэла экскурсавод, захавальнік фондаў, улюбёная ў сваю працу Марыя Георгіеўна Ермалёнак. Адразу сваім цікавым ажыўленым расповедам яна скіравала ўсіх у падарожжа ў сярэдзіну 19-га стагоддзя. Наведвальнікі музея зазірнулі ў пакой са шматлікімі працоўнымі прыладамі і прадметамі побыту, якія сведчылі пра нялёгкія ўмовы тагачаснага ладу жыцця, калі не было ні аўтаматычных пральных машын, ні электра-прасаў. Зацікавіла Марыя Георгіеўна і дэманстрацыяй саматканага адзення, зробленага ў пачатку 20 стагоддзя яе бабуляй Агатай. Уразіла якасць тканіны, фасон—хоць сёння апранай!
У другім пакоі—інтэр'ер вясковай хаты 30-х гадоў ХХ стагоддзя: ткацкі станок, драўляны ложак, люлька для немаўляці... Адметна, што ўсе прадметы ручной работы. У трэцім памяшканні музея—экспанаты хатняга ўжытку пасляваеннага часу, дзе шмат прадметаў завадской вытворчасці. Тут буфет са шклом, шафа з люстэркам, музычныя інструменты і многія іншыя прадметы, якія насельніцтва купляла ў мага-зінах.Прадоўжылася святочная праграма ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, дзе паспяхова спраўляецца з абавязкамі па выхаванні прыёмных дзяцей Жанна Яўгенаўна Лашына. Пілі гарачы чай са смачнай выпечкай, слухалі гісторыю ўзнікнення міжнароднага свята Дня Маці, гутарылі пра тое, як правялі лета прыёмныя мамы і іх падапечныя. Адны хваліліся творчымі набыткамі, у тым ліку і па асваенні музычных інструментаў, другія—умелым гаспадараннем на агародзе і багатым ураджаем, трэція—цікавымі вандроўкамі і запамінальнымі падзеямі…Добразычлівая атмасфера за круглым сталом садзейнічала і ўдзелу ў арганізаваных ініцыятарамі мерапрыемства забаўляльных конкурсах і віктарынах.Урачыстым і прыемным момантам стала ўручэнне прыёмным матулям падарункаў, набытых за выдаткаваныя сродкі райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Свята прайшло ў радасным настроі і завяршылася цёплым і важным пажаданнем: каб цяплом, святлом і мацярынскай любоўю напаўняліся дамы, каб усе дзеці былі заўсёды любімымі і шчаслівымі.
Наталля СЯТКОЎСКАЯ,
загадчыца аддзела па рабоце з сям'ёй і дзецьмі
ДУА "Міёрскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр".
На здымку: падчас экскурсіі ў музей "Сялянская хата".